Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 лютага 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Зь сёньняшняга дня ў Беларусі ўведзеныя новыя правілы ажыцьцяўленьня й кантролю вонкагандлёвых апэрацыяў. Яны значна ўскладняюць дзейнасьць тых прадпрымальнікаў, якія гандлююць з Расеяй. Па сутнасьці, на беларуска-расейскай мяжы ўзмацняецца мытны кантроль.

Новыя правілы ўведзеныя ўказам Аляксандра Лукашэнкі "Аб удасканаленьні парадку правядзеньня й кантролю вонкагандлёвых апэрацыяў". Дакумэнт падпісаны нядаўна, але ў асяродзьдзі прадпрымальнікаў пра яго ўжо ідзе нядобрая пагалоска. Гаворыць выканаўчы дырэктар Беларускага зьвязу прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя прафэсара Куняўскага Вольга Бякасава:

(Бякасава: ) "З Расеяй нават індывідуальным прадпрымальнікам – і тым зараз неабходна афармляць "Пашпарт угоды" – мытную дэклярацыю, чаго раней не было. Гэта ўводзіцца нібыта дзеля таго, каб кантраляваць плыні тавараў у Расею. Зразумела, яны сутыкнуцца з дадатковымі праблемамі. Зрэшты, гэты ўказ тычыцца ня толькі дробных прадпрымальнікаў, а ўсіх прадпрыемстваў. Тыя, хто працаваў з Расеяй, вымушаныя будуць добра памітусіцца. Новая сыстэма – валакітная", – мяркуе спадарыня Бякасава.

Апроч гэтак званых "пашпартоў угодаў", беларускія экспартэры й імпартэры мусяць зь 1 лютага запаўняць і гэтак званую "статыстычную дэклярацыю". Афіцыйна гэта робіцца дзеля таго, каб зрабіць вонкавы гандаль Беларусі цывілізаваным і празрыстым для кантролю з боку дзяржавы.

Улады не хаваюць, што такая "празрыстасць" спатрэбілася ім дзеля супрацьдзеяньня працэсу вывазу айчынных капіталаў за межы краіны. А самыя неабароненыя ў Беларусі межы – усходнія. Паводле апошніх статыстычных дадзеных, летась беларускі экспарт у Расею скараціўся на 33 адсоткі. На думку беларускіх уладаў, якраз вываз у Маскву капіталаў спрычыніўся да гэтае нэгатыўнае тэндэнцыі.

Эканамічныя наступствы новых абмежаваньняў, паводле Вольгі Бякасавай, можна будзе ацаніць крыху пазьней. На думку іншых экспэртаў, любое ўзмацненьне кантролю шкодзіць супрацоўніцтву.

Лукашэнка ў гэтак званае "Саюзнай дзяржаве" ў аднабаковым парадку ўвёў у дзеяньне антыінтэграцыйны акт. Рэч у тым, што вонкавыя эканамічныя стасункі Беларусі й Расеі характэрныя мноствам разнастайных схэмаў разьлікаў. Пры слабым беларускім рублі забясьпечыць іхную юрыдычную чысьціню немагчыма. Таму мяркуецца, што ўвядзеньне "пашпартоў угодаў" і "статыстычных дэклярацыяў" разбурыць ранейшыя схэмы. Непаслухмяным жа пагражаюць пакараньнямі.

XS
SM
MD
LG