Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 лютага 2000 г.


Юры Дракахруст, Менск

Дэпутат гэтак званае "Палаты прадстаўнікоў" Аляксандар Шпілеўскі мае намер прапанаваць на бліжэйшай сэсіі правесьці слуханьні наконт мэтазгоднасьці знаходжаньня ў краіне місіяў міжнародных арганізацыяў.

Намесьнік старшыні камісіі міжнародных справаў "палаты" Шпілеўскі лічыць, што місіі міжнародных арганізацыяў "дэстабілізуюць сытуацыю ў Беларусі й падаюць скажоную інфармацыю кіраўніцтву сваіх структураў у эўрапейскіх краінах".

Паводле словаў Шпілеўскага, ён асабіста мае намер ініцыяваць правядзеньне слуханьняў, паводле вынікаў якіх, як ён лічыць, можа быць пастаўленае пытаньне пра мэтазгоднасьць знаходжаньня ў краіне прадстаўніцтваў міжнародных арганізацыяў.

Падтрымаў калегу й старшыня камісіі "палаты" ў правох чалавека Юры Кулакоўскі, які паскардзіўся, што на працягу апошняга году прадстаўнікі Кансультацыйна-наглядальнае групы АБСЭ ня мелі аніводнага кантакту зь ягонай камісіяй.

Мяркуючы па ўсім, фармальнай падставаю дзеля грозных заяваў дэпутатаў "палаты" стаў іхны сумны досьвед наведваньня парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, дзе палітыка афіцыйнага Менску стала аб'ектам жорсткай крытыкі.

Спадары Шпілеўскі й Кулакоўскі ўбачылі прычыну гэтага ў тым, што місіі міжнародных арганізацыяў, акрэдытаваных у Менску, падаюць у Эўропу недакладную і скажоную інфармацыю. Ну, а звычка вядомая: калі не падабаецца сваё адлюстраваньне, вінаватае, зразумела, люстэрка. Вось "люстэрку" сябры "палаты" й вырашылі адпомсьціць.

Выглядае ўсё гэта, зразумела, даволі дзіўна: Беларусь і зараз, дзякуючы высілкам уладаў, знаходзіцца ў жорсткай ізаляцыі, а сябры "палаты" хочуць яшчэ больш узмацніць яе. Толькі напрыканцы мінулага году афіцыйны Менск выблытаўся з ганебнага "драздоўскага" скандалу, а цяпер рыхтуецца новы, прыкладна такога ж кшталту. Ня трэба забываць, што шмат прадстаўніцтваў міжнародных арганізацыяў маюць статус дыпляматычных прадстаўніцтваў, так што падабенства атрымліваецца поўнае.

Але ўсё ж падаецца, што пагрозы, якія прагучалі з вуснаў спадара Шпілеўскага – ні што іншае, як палітычная гульня. Вядома, што легітымнасьць "Палаты прадстаўнікоў" не прызнае аніводная сур'ёзная міжнародная арганізацацыя. Іх не прызнаюць ані дэ-юрэ, ані дэ-факта, у адрозьненьне ад Лукашэнкі. Таму "палатнікі" абсалютна не зацікаўленыя ў паляпшэньні стасункаў Беларусі з Захадам, бо гэта робіць вельмі хісткім іхны статус нават ва ўладнае сыстэме Беларусі.

Але, хутчэй за ўсё, аніякай асобнае палітычнае гульні спадар Шпілеўскі не вядзе. Гэта рэальная ўлада гуляе ў "добрага й дрэннага сьледчага". Спадар Канаплёў выказвае пэўную задаволенасьць вынікамі паседжаньня Парляманцкай асамблеі Рады Эўропы, заяўляе пра жаданьне Беларусі стаць сябрам Рады, а спадар Шпілеўскі пагражае, што Беларусь спыніць і тыя слабыя сувязі з Эўропаю, якія ёсьць. Сэнс простай гульні зразумелы – гэта гандаль, спроба, саступіўшы як мага менш, атрымаць як мага больш.

А калі гэта ня блеф, то на тле палітычных зьменаў у Расеі такая палітыка вельмі недальнабачная. Як толькі "мудрае" беларускае кіраўніцтва адгародзіцца ад Захаду бэтонным мурам, пуцінская Масква Лукашэнку аб гэты мур і "размажа".

XS
SM
MD
LG