Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 лютага 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

Аляксандар Лукашэнка сёньня наведаў жыльлёвы комплекс "Алімпійскі". Як высьветлілася, посьпехі беларускіх спартоўцаў значна не дацягваюць да колькасьці кватэраў, што для іх будуюцца.

Сёньня Аляксандар Лукашэнка наведаў жыльлёвы комплекс "Алімпійскі", які будуецца ў менскім мікрараёне "Вясьнянка". І быў вельмі незадаволены, паколькі, паводле ягоных словаў, аддача ад спартоўцаў абсалютна не адэкватная тым клопатам, што бярэ на сябе дзяржава.

Ідэя пабудаваць жыльлёвы комплекс для спартоўцаў нарадзілася ўвесну 1997 году, пасьля абраньня Лукашэнкі прэзыдэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэту. Тады спартоўцам ды іхным трэнэрам абяцалі "залатыя горы" – маўляў, толькі падтрымайце прапанаваную кандыдатуру. І амаль усе галасавалі за Лукашэнку.

Сёньня можна падсумоўваць вынікі. Колькасьць перамогаў беларускіх спартоўцаў за гэты час на розных чэмпіянатах рэзка зьменшылася. Калі, напрыклад, на апошнім да Лукашэнкі першынстве сьвету па лёгкай атлетыцы каманда Беларусі заняла другое месца ў неафіцыйным заліку й саступіла толькі атлетам Злучаных Штатаў, дык пры новым прэзыдэнце Нацыянальнага алімпійскага камітэту беларускія спартоўцы адразу апынуліся напрыканцы другога дзясятку. І такіх прыкладаў шмат.

Таму й злуецца Лукашэнка. Спадзяваўся, што спартоўцы будуць славіць Беларусь і ейнага прэзыдэнта, а атрымліваецца наадварот. Вартых дзяржаўнага жыльля набралася ўсяго каля двух дзясяткаў, а кватэраў узьвялi больш за дзьве сотнi.

Засяленьне комплексу кантраляваў асабіста Лукашэнка. Але хіба гэта зьменіць справу? Як ні круці, але больш за 20 прэтэндэнтаў не набіраецца. Чыноўнікі аж пяць разоў складалі сьпіс кандыдатаў. І кожны раз Лукашэнка вяртаў яго назад. І заўжды ў такіх выпадках адбываліся побытавыя драмы, паколькі нечыя прозьвішчы выкрэсьліваліся.

Хаця афіцыйная прапаганда й сьцьвярджае, што жыльлё гэтае бясплатнае, на самой справе гэта зусім ня так. Кожны з кандыдатаў аплочвае пэўную частку будаўніцтва. Адны – больш, іншыя – менш. Усё залежыць ад тытулаў і посьпехаў на спаборніцтвах. Некаторым давялося пазычаць грошы…

Дайшло да гэтакай няразьбярыхі, што Лукашэнка сёньня заявіў, што ўжо й ня рады, што асабіста ўлез у гэтае пытаньне. Маўляў, 20 кватэраў можна было знайсьці й без будаўніцтва алімпійскага комплексу.

Але неабходныя дакумэнты ўсё ж падпісаў. Праўда, усе наступствы перакладзеныя на кіраўніка адміністрацыі Мясьніковіча, віцэ-прэм'ера Замяталіна й старшыню гарадзкога выканаўчага камітэту Ярмошына.

Пасьля падпiсаньня сьпiсу жыхароў "Алiмпiйскае вёскi" 65 кватэраў яшчэ застаюцца ў рэзэрве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG