Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 лютага 2000 г.


Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

Вось ужо месяц працягваецца страйк прадпрымальнікаў у Пінску. Калі дагэтуль пінскія гандляры страйкавалі самастойна, дык зь першага лютага яны афіцыйна далучыліся да агульнарэспубліканскай акцыі пратэсту…

Нагадаю, што ў Пінску страйк распачаўся зь першага студзеня. Тады адміністрацыя калгаснага кірмашу, на патрабаваньне вышэйшых інстанцыяў, спыніла продаж гандлёвых месцаў для прадпрымальнікаў, якія ня маюць даведак пра гігіенічную рэгістрацыю і сартыфікацыю сваіх тавараў. Пасьля таго, як да іншых патрабаваньняў дадалі яшчэ й падатак на даданую вартасьць, у часе агульнага сходу прадпрымальнікі адзінагалосна вырашылі спыніць гандаль 1 студзеня. Але тады на працу ня выйшлі толькі гандляры прамысловымі таварамі. Іхныя калегі, якія гандлююць прадуктамі, працягвалі працаваць. Сёньня кірмаш апусьцеў зусім. Гандаль прадуктамі харчаваньня таксама спыніўся. На працягу студзеня на цэнтральным кірмашы заставаліся працаваць таксама некалькі штрэйкбрэхераў. Паводле словаў страйкоўцаў, пад час гандлю штрэйкбрэхеры нават не выпісывалі пакупнікам адрыўных талёнаў, што зьяўляецца грубым парушэньнем правілаў гандлю і за гэта, звычайна, выпісываюць вялікія штрафы. Аднак, на працягу цэлага месяцу падаткавая інспэкцыя парушэньняў быццам бы не заўважала. Сёньня штрэйкбрэхераў на кірмашы ўжо не было.

Тым часам гарадзкі бюджэт ужо другі месяц застаецца бяз грошай амаль трох тысячаў пінскіх прадпрымальнікаў. Вялікія страты маюць гандлёвыя прадпрыемствы, якія месьцяцца на тэрыторыі кірмашу. Не працуе і выяздны гандаль. Пакупнікі вымушаныя ісьці ў крамы і плаціць за патрэбныя тавары значна большыя грошы, чым яны каштавалі на кірмашы, альбо ўвогуле абыходзіцца бязь іх.

Што да суседніх местаў, дык, паводле нашае інфармацыі, агульнарэспубліканскі страйк падтрымалі таксама прадпрымальнікі Лунінцу, Іванава і Драгічына.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG