Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 лютага 2000 г.


Казімір Яноўскі, Гомель

У Гомлі гандляры спынілі працу на галоўных кірмашах места…

А 10 гадзіне раніцы на "Цэнтральным" кірмашы старшыня Свабоднага прафсаюзу места Сяргей Кізёў, які разам зь яшчэ чатырма паплечнікамі вярнуўся са сталіцы, раздаваў гандлярам, якія не прыступілі да працы, учорашнюю рэзалюцыю мітынгу ў Менску. Патрабаваньні ўхваленыя гомельскімі гандлярамі. Яны таксама супраць увядзеньня падатку на дадатковую вартасьць, супраць абавязковай сартыфікацыі і так званай гігіенічнай рэгістрацыі тавараў, драконаўскай канфіскацыі іх паводле фармальных і надуманых прыкметаў, а таксама супраць безпадстаўнага падвышэньня ажно ў 10 разоў адміністрацыйных штрафаў. Вызначалася сёньня і працягласьць страйку. Вось што ў прыватнасьці распавяла адна з актывістак Свабоднага прафсаюзу Сьвятлана Шубіна:

(Шубіна: ) "Нам пратрымацца хаця б два тыдні. Страйк на адзін – два дні сэнсу ня мае. Прадпрымальнікі разумеюць, што ўлады рэагуюць толькі тады, калі перапыняецца ўнясеньне падаткаў ды іншых плацяжоў у бюджэт".

Першай сур'ёзнасьць намераў прадпрымальнікаў адчула дырэкцыя "Цэнтральнага" кірмашу. Ужо сёньня заявы на адпачынак тут падалі звыш сотні гандляроў. Натуральна, што падаткаў у лютым яны плаціць ужо ня будуць. Толькі каля 10% прадпрымальнікаў унесьлі плату за гандлёвыя месцы. Рынак ня мае грошай, каб выдаць аванс сваім работнікам, заплаціць за энэрганосьбіты і прыборку сьнегу. А ў той палове, дзе гандлююць прамысловымі вырабамі, толькі адна жанчына спрабавала прадаваць біжутэрыю, а больш як 2000 гандляроў нават не выносілі свой тавар з камараў захаваньня. На паў-пустымі былі, дарэчы, і адкрытыя гандлёвыя шэрагі, якія зазвычай занятыя прадуктамі харчаваньня. Заўтра страйк будзе працягвацца.

XS
SM
MD
LG