Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 студзеня 2000 г.


Мікола Іваноў, Прага

У швэйцарскім курортным мястэчку Давос працягваецца Сусьветны эканамічны форум. Галоўнай падзеяй мінулых выхадных міжнародныя камэнтатары называюць абмеркаваньне праблемы прагрэсу расейскіх рэформаў, а таксама масавыя пратэсты праціўнікаў форуму.

Паводле справаздачы швэйцарскай паліцыі каля 1300 дэманстрантаў прыбылі з розных эўрапейскіх краінаў ў суботу раніцай аўтобусамі ў Давос, каб выказаць свой пратэст супроць глабалізацыі сусветнай гаспадаркі. Гэтыя пратэсты сяброў экалягічных рухаў, анархістаў і праціўнікаў біятэхналегіяў былы прымеркаваныя да візыту ў Давос прэзыдэнта ЗША Біла Клінтана, дарэчы гарачага прыхільніка глабалізацыі сусветнай гаспадаркі.

Мірная дэманстрацыя, якая не была дазволеная швэйцарскімі ўладамі, ператварылася ў гвалтоўныя пратэсты. Паліцыя была вымушаная ўжыць гумовыя кулі, сьлезацечны газ. Два паліцыянты былі параненыя. Дэманстранты падпалілі некалькі аўтамабіляў, разьбілі вітрыны рэстарану Макдональдс. На плошчы, дзе былі прадстаўленыя сьцягі краінаў-удзельніцаў форуму, яны вырвалі амэрыканскі сьцяг і спалілі яго.

Цяпер некаторыя вуліцы Давосу выглядаюць як пасьля бітвы. На мурах некаторых дамоў графіці тыпу: "Сусьветны форум забойцаў". Паўсюды перавернутыя паліцэскія плоты, спаленыя аўтамашыны.

Між тым, на самім форуме павышаную ўвагу ўдзельнікаў выклікаў круглы стол "Расея на скрыжаваньні шляхоў". Удзельнічалі ў ім акрамя прадстаўнічай расейскай дэлегацыі на чале зь першым намесьнікам расейскага прэм'ера Анатолем Касьянавым, шматлікія заходнія экспэрты, фінансісты і палітыкі.

Паказальным быў удзел у дыскусыі на тэму расейскай гаспадаркі міністра фінансаў ЗША Лоўрэнса Саммэрса. Ён, у прыватнасьці, ў адказ на прагноз Касьянава, што рынкавае рэфармаваньне расейскай гаспадаркі будзе ажыцьцяўляцца больш хуткімі тэмпамі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, заявіў наступнае: Расея замест таго, каб прасіць у міжнародных фінансавых арганізацыяў новыя крэдыты, павінна стварыць эканамічную сытуацыю, дзе будзе панаваць законнасьць, а не крыміналітэт. І тады назад вернуцца мільярды даляраў, вывезеныя самімі расейцамі за мяжу.

Актыўны ўдзел у дыскусыі на тэму будучыні расейскай гаспадаркі ўзяў і вядомы міжнародны фінансыст і філянтроп Джордж Сорас, які адначасна з'яўляецца адным буйных інвэстараў у расейскую гаспадарку. На ягоную думку, Расея цяпер рухаецца ў дрэнным кірунку, а Захад не ў стане паўплываць на стан расейскіх падзеяў. Джордж Сорас гаворыць:

(Сорас: ) "Я мяркую, што ў Расеі мы згубілі магчымасьць уплываць на ход падзеяў. На працягу прыблізна 10 гадоў ў нас была магчымасьць накіраваць Расею ў добрым кірунку, але мы не скарысталі яе. І цяпер я ўсё больш і больш думаю, што і палітычныя падзеі там ідуць у кепскім напрамку, і таму Міжнародны Валютны Фонд павінен пакінуць Расею".

Прыгадаю, што Расея ў дадзены момант чакае на 460 млн. даляраў з раней узгодненага больш як чатырохмільярднага крэдыту ад МВФ. Аднак Стэнлі Фішар, другі чалавек у МВФ, які таксама ўдзельнічае ў Давоскім форуме, паведаміў, што яна гэтыя грошы, праўдападобна, атрымае толькі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. На ягоную думку, кіраўніцтва МВФ не атрымала ад расейскага ўраду дастатковую інфармацыю аб прагрэсе ў галіне ажыцьцяўленьня рынкавых рэформаў.

Джордж Сорас на сваёй прэсавай канфэрэнцыі ў Давосе таксама закрануў пытаньне аб неабходнасьці для Захаду выпрацаваць асобную стратэгію дапамогі для кожнай паасобнай краіны былога сацыялістычнага лягеру. Ён гаворыць:

(Сорас: ) "Мы прызвычаіліся глядзець на Ўсходні блёк, як на нешта адзінае. Але ён ужо даўно не зьяўляецца блёкам. Мы павінны мець асобны падыход да кожнай краіны. І тут ёсьць адна заканамернасьць: чым больш цесна яны супрацоўнічаюць з Захадам, тым іхняя эканоміка больш пасьпяховая. Гэта датычыцца Польшчы і Вугоршчыны. А возьмем, напрыклад, Балгарыю. Нягледзячы на дрэннае атачэньне, яна вельмі пасьпяхова ажыцьцяўляе эканамічныя рэформы, праводзіць прыватызацыю, дасягнула гаспадарчай стабільнасьці. Але, чым далей на Ўсход, тым горшы стан мясцовай гаспадаркі. Хаця гэта і даволі прыблізнае абагульненьне".

Нягледзячы на тое, што на сёлетнім Давоскім форуме пераважалі прамовы вельмі прыхільныя да сусьветнай эканамічнай глабалізацыі, было і нямала галасоў супраціву. Так, напрыклад, прэм'ер-міністар Турэччыны Булент Эджэвіт заявіў:

(Эджэвіт: ) "Грамадзтва, дзе матэрыяльныя каштоўнасьці, адукацыя і сацыяльныя гарантыі ўсё ў большай і большай ступені рэгулююцца рынкавымі мэханізмамі, аднойчы можа стаць неспрыяльным для жыцьця нават для самых багатых".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG