Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 студзеня 2000 г.


Кастусь Бандарук, Прага

У часе калі ў цэнтры Грознага працягваюцца вулічныя баі, Злучаныя Штаты ўзмацняюць ціск на Расею і пагражаюць Маскве міжнароднай ізаляцыяй. Такую пазыцыю Вашынгтону прадставіла ў часе свайго візыту ў Маскву дзяржаўны сакратар ЗША Мэдлін Олбрайт…

Дзяржаўны сакратар ЗША ўжо сустрэлася зь міністрам замежных справаў Расеі Івановым і плянуе таксама правесьці перамовы з выконваючым абавязкі прэзыдэнта Ўладзімірам Пуціным. Адразу пасьля свайго прыбыцьця ў Маскву Олбрайт адзначыла, што павялічваецца колькасьць ахвяраў на расейскім баку і што Расеі пагражае міжнародная ізаляцыя, калі Масква будзе працягваць вайну ў Чачні. Адначасова яна адхіліла магчымасьць увядзеньня з прычыны вайны эканамічных санкцыяў супраць Расеі.

Мяркуецца, што крытыку на адрас Расеі выкажуць таксама міністры замежных справаў больш як 20-ці арабскіх краінаў, якія заўтра прыбываюць у Маскву для шматбаковых перамоваў з Ізраілем. Олбрайт і ейны расейскі калега Іваноў будуць старшынстваваць на гэтай сустрэчы.

Дарэчы, у абарону расейскіх дзееньняў у Чачні выступіў у часе міжнароднага форуму ў Давосе першы намесьнік прэм'ера Расеі Міхаіл Касьянаў.

(Касьянаў: ) "Няма ніякага параўнаньня паміж Чачнёю і Сэрбіяй. Сэрбія зьяўляецца незалежнай дзяржавай, а Чачня гэта частка сувэрэннай дзяржавы, частка Расеі. Там крымінальнікі і банды стварылі праблемы для насельніцтва і для суседніх рэгіёнаў"
адзначыў Міхаіл Касьянаў".

Супярэчлівыя паведамленьні надыходзяць з Чачні. Прарасейскі чэчэнскі камандзір Біслан Гантаміраў паведаміў, што яшчэ 34 абаронцы Грознага здаліся расейскім сілам. Згодна непацьверджаным дадзеным, агулам здаліся каля 200 чэчэнскіх ваяроў, што міністар абароны Расеі Сяргеяў лічыць пераломам у чатырох-месячнай вайне. Аднак чэчэнскія лідэры запярэчваюць інфармацыям пра здачу сваіх падначаленых і заяўляюць аб сваёй рашучасьці працягваць абарону сталіцы.

Адзін з камандзёраў, Ісмаілаў, заявіў, што расейцы ня ў стане здабыць стратэгічную Плошчу Мінутка, падыходы да якой кантралююць чэчэнскія снайпэры. Чэчэнскі бок цьвердзіць, што толькі за мінулую ноч у баёх у цэнтры гораду фэдэральныя сілы страцілі забітымі 50 вайскоўцаў. Прадстаўнік расейскай арміі Сапронаў пацьвердзіў, што чэчэнскія ваяры ужываюць партызанскія мэтады вайны.

Між тым прамаскоўскі, чэчэнскі бізнэсовец Малік Сайдулаеў, якога Масква лічыць магчымым будучым кіраўніком Чачні, заявіў аб сваёй самастойнай пазыцыі. У сьнежні Сайдулаеў спрычыніўся да выяўленьня праўды пра бойню цывільнага насельніцтва ў Алхан-Юрце, што выклікала хвалю абурэньня па ўсім сьвеце "Усе канфлікты могуць быць разьвязаныя шляхам дыялёгу. Мы павінны сесьці за стол перамоваў і знайсьці кампраміс," – сказаў ён.

Закранаючы балючае для Масквы пытаньне ахвяраў вайны, колькасйць якіх Расея пасьлядоўна заніжае, ён сьцьвердзіў, што дагэтуль у чэчэнскай вайне загінулі дзясяткі тысяч расейскіх вайскоўцаў. Сайдулаеў назваў камандзёра расейскіх сілаў на Каўказе Ўладзімера Шаманава "крымінальнікам". Ён крытычна выказаўся таксама пра чачэнскага лідэра Біслана Гатамірава, які сфармаваў узброеную групоўку, якая ваюе на баку Расеі. "Любы цывільны жыхар, які бярэ ў рукі зброю, каб забіваць людзей, нават, калі гэта бандыты, сам робіцца крамінальнікам. Мы павінны мець законныя структуры для арышту і зьнішчэньня бандытаў," – сказаў ён.
"Ёсьць тры спосабы заканчэньня вайны, – працягваў Сайдулаеў. – Адзін зь іх, гэта поўнае зьнішчэньне чачэнскага народу. Другі спосаб, вывесьці з Чачні ўсе расейскія сілы, аднак, тады вайна ізноў пачнецца, паколькі чачэнскія варытянт вернецца і кровапраліцьцё адновіцца". "Па трэцяе, – лічыць прамаскоўскі лідэр, – існуе магчымасьць палітычнага дыялёгу з прэзыдэтам Масхадавым".

Сайдулаеў адзначыў, што ён прадставіў свой мірны плян чачэнскім уладам, аднак яму супраціўляюцца такія непрымірымыя лідэры, як Хатаб і Шаміль Басаеў. Адначасова ён заявіў, што ніколі не ўзначаліць марыянэткавага чачэчнскага ўраду, які б прызначылі расейскія ўлады. "Любы ўрад, прызначаны Масквой, будзе нелегітымны. Кіраваць Чачнёю можна толькі пры падтрымцы народу," – падкрэсьліў ён.

XS
SM
MD
LG