Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 студзеня 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

(эфір 29 студзеня)
Зь лютага з экрану дзяржаўнае тэлевізіі зьнікне папулярная перадача "Беларускі гіт-парад". Галоўны рэдактар музычных праграмаў Нацыянальнае дзяржаўнае тэлерадыёкампаніі Алег Елісеенкаў сьцьвярджае, што гаворка ў дадзеным выпадку йдзе не пра закрыцьцё, а толькі пра часовае прыпыненьне гэтае перадачы.

Зь 1 лютага шматлікія прыхільнікі ня ўбачаць на экране дзяржаўнае тэлевізіі свайго любімага "Беларускага гіт-параду". Ня кожны тыдзень, як раней, а толькі два разы на месяц будуць яны мець мажлівасьці паглядзець яшчэ адную папулярную музычную праграму "Акалада".

Гэтыя непрыемныя для беларускіх меламанаў рэарганізацыі кіраўніцтва "БТ" тлумачыць неабходнасьцю ўпарадкаваньня фінансавых сродкаў тэлекампаніі. У выніку чаго са 116 праграмаў, якія існавалі да гэтага, зь лютага на экраны выйдзе толькі каля 70.

І рэдакцыя музычных праграмаў пацярпела ня самыя значныя, у параўнаньні зь іншымі, страты, – сказаў нашаму радыё галоўны рэдактар музычнага тэлеэфіру, вядомы беларускі кампазытар Алег Елісеенкаў. Праўда, пры гэтым ён паведаміў, што "Беларускі гіт-парад" займае дастаткова высокі рэйтынг сярод гледачоў. Чаму ж тады скарачаецца папулярная перадача?

Адказваючы на гэтае пытаньне, Алег Елісеенкаў падкрэсьліў, што гаворка ня йдзе пра скарачэньне праграмы, а толькі пра яе часовае прыпыненьне. "Беларускі гіт-парад", – гэта найперш кліпы беларускіх рок-гуртоў. А гэтая тэлепрадукцыя надта дарагая, што зьвязана з працяглай арэндаю мантажных студыяў. На што грошай у тэлекампаніі пакуль няма. Маўляў, як толькі яны знойдуцца, то перадача зноў выйдзе ў эфір.

У што ня верыць кіраўнік праекту Анатоль Вечар. Хоць і пацьвярджае, што аднэю з прычынаў закрыцьця "Беларускага гіт-параду", а таксама скарачэньня напалову "Акалады", і насамрэч ёсьць фінансавая. Але не адзіная…

(Вечар: ) "Першыя праграмы сапраўды скарачаліся па рэйтынгу, і я сапраўды быў упэўнены, што "гіт-парад" застанецца, таму што, наколькі я ведаю, у мінулым годзе "Беларускі гіт-парад" заўсёды знаходзіўся ў дзясятцы лепшых праграмаў. Ну а калі вось апошні раз прапанавалі яшчэ 10 праграмаў скараціць, патрапілі пад нож і мы. Мне так падаецца… Па-першае, "Беларускі гіт-парад" ня вельмі зручная праграма тым, што мы круцім нефарматную музыку для Беларускага тэлебачаньня. У асноўным мы займаемся беларускім рокам. Ня толькі беларускамоўным, але беларускім рокам. Вось. Гэта найперш. Да "Беларускага гіт-параду" у Беларусі здымалася 10-12 кліпаў у год, пасьля зьяўленьня параду на Беларусі пачало здымацца каля 70 кліпаў у год, і я гаварыў, што калі зьнікне "Беларускі гіт-парад", то мы зноўку апынемся ў той сытуацыі, якая была да нашага нараджэньня. Да прыкладу можна сказаць, што на Ўкраіне ў год здымаецца каля 2500 кліпаў".

– сказаў Анатоль Вечар.

Што азначае для моладзевае беларускае музыкі гэты крок кіраўніцтва Дзярджтэлерадыёкампаніі? Вось як ацэньвае ягоныя наступствы Анатоль Вечар:

(Вечар: ) "Я лічу, што пазбавіўся працы ня я, а пазбавіліся працы беларускія музыкі, бо менавіта дзякуючы "Беларускаму гіт-параду" (ня буду называць, каб некага не пакрыўдзіць) некалькі каманд былі раскручаныя, атрымлівалі працу, канцэрты, яшчэ нейкі прамоўтынг толькі дзякуючы "Беларускаму гіт-параду". Тры праграмы, на мой погляд, раскручвалі беларускія каманды. Гэта – "Беларускі гіт-парад", "Акалада" і "Бархатны сезон". Зь іх – дзьве закрытыя, адна скарочаная".

І сапраўды, калі зоркі запальваюцца, то гэта некаму трэба, але калі іх тушаць, то гэта таксама некаму трэба. І мы ведаем ягонае імя.

XS
SM
MD
LG