Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 студзеня 2000 г.


Ягор Маёрчык, Менск

(эфір 28 студзеня)
Улады Бярозаўскага раёну Берасьцейскае вобласьці адбіраюць зямлю ў фэрмэра Канстанціна Вярцейкі. Калі іхныя намеры будуць ажыцьцёўленыя, 10 чалавек, якія працуюць у фэрмэрскай гаспадарцы, застануцца бяз сродкаў на існаваньне.

Бярозаўскі фэрмэр Канстанцін Вярцейка зьвязвае ўсе свае цяперашнія пакуты з тым, што зьбіраў подпісы ў падтрымку Міхала Чыгіра пад час леташняе прэзыдэнцкае кампаніі. Гэтымі днямі спадар Вярцейка чакае, што ўлады адбяруць ягоную зямлю – тры гэктары, на яікіх вырошчваецца збожжа й разьмешчаныя пасекі.

Летась, у сьнежні, «вэртыкальшчыкі" арыштавалі банкаўскі рахунак і выдалі пастанову пра ліквідацыю фэрмэрскае гаспадаркі. Прычым, зрабілі гэта, нават не спытаўшы ў гаспадара.

(Вярцейка: ) "Як гэта?! Без мяне мяне пазбавілі працы. Гэта праізвол. Ідзі, кажуць, на біржу працы, няма чаго табе тут агітаваць, праводзіць палітыку супраць уладаў".

Канстанцін Вярцейка распавёў, што мясцовая вэртыкаль ставіцца да фэрмэраў досыць варожа. Неаднойчы паводле загаду "зьверху" прадпрыемствы адмаўляліся браць на перапрацоўку ўраджай фэрмэраў. Здаралася, што ўраджай канфіскоўвалі з-за таго, што дакумэнты на перавозку аформленыя нібыта не належным чынам.

Апошняй кропкаю ў супрацьстаяньні стала леташняя прэзыдэнцкая кампанія. Прадстаўнікі мясцовае філіі Беларускае сялянскае партыі зьбіралі подпісы ў падтрымку Міхала Чыгіра. Праваахоўныя ворганы двойчы затрымлівалі Вярцейку. Яму пагражалі, што апазыцыйная дзейнасьць адаб'ецца на лёсе ягонае гаспадаркі…

(Вярцейка: ) "Улады пільна сачылі за ўсімі маімі дзеяньнямі. Бо зьніклі ня толькі ўсе мае паперы, якія там былі, але й дакумэнты на фермерскую гаспадарку".

У Бярозаўскім раёне 50 фэрмэрскіх гаспадарак. Аднак калегі Канстанціна Вярцейкі перайшлі на бок уладаў.

(Вярцейка: ) "А калі Сялянскую партыю тут не перарэгістравалі, вельмі ўзрадваліся тыя, хто не хацеў, каб сялянская партыя праводзіла тую ж іхную абарону, абарону іх інтарэсаў. Цікава ведаць гэтых людзей, якія спачатку ідуць у партыю – за зямлю, волю і т.д., а потым, калі гэтую партыю не перарэгістравалі, яны так узрадваліся і на мяне паказваюць – во, палітык, цяпер цябе і з раёна, і, нават, ня толькі, але і з рэспублікі выганяць за тваю Сялянскую партыю".

Спадар Вярцейка зьяўляецца сузаснавальнікам і намесьнікам старшыні грамадзкага аб'яднаньня "Прагрэс", мэта якога – абарона правоў фэрмэраў. Але й сябры "Прагрэсу" заявілі, што свае праблемы Канстанцін Вярцейка мусіць вырашаць самастойна.

XS
SM
MD
LG