Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 студзеня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Вызвалены з-пад варты былы старшыня Ашчаднага банку Беларусі Ўладзімер Хілько. У мінулую пятніцу ён вярнуўся з турэмнага зьняволеньня, дзе знаходзіўся з 6 кастрычніка 1998 году.

Для сям'і Ўладзімера Хілько, паводле словаў ягонай жонкі Зінаіды, вяртаньне гаспадара аказалася радаснай нечаканасьцю. Дома яго чакалі яшчэ зь лістападу мінулага году, калі Гарадзкі суд Менску зьменшыў тэрмін пазбаўленьня волі да 1 году й шасьці месяцаў. Ужо тады цяжкі фізычны стан інваліда ІІ групы Хілько дазваляў уладам выпусьціць яго датэрмінова.

Аднак вызваленьне ўвесь час адкладвалася. Паводле чыёй ініцыятывы – Уладзімер Хілько ня ведае. Але яму дакладна вядома, што турэмнае начальства й мэдыкі турэмнага шпіталю, дзе ён фактычна ўвесь час знаходзіўся, рэкамэндавалі адпаведным інстанцыям вызваліць яго. У Хілько абвайстрылася сардэчнае захворваньне, патрэбная апэрацыя. Аднак вызвалілі яго толькі тады, калі да сканчэньня тэрміну засталося ўсяго 69 сутак.

Тыя, хто разьлічваў маральна зламаць банкіра, здаецца, не дамагліся свайго. Уладзімер Хілько трымае сябе годна й адкрыта выказвае свае погляды. Найперш, банкір ня лічыць сябе злачынцам і зьбіраецца змагацца за адмену прысуду, паводле якога яму трэба вярнуць дзяржаве 3 мільёны даляраў.

Вось што паведаміў ён для нашага радыё: "Я са сваімі адвакатамі буду з гэтым змагацца. Да таго часу, пакуль яны мне не дакажуць, што я ўчыніў злачынства (інакш кажучы, што перавысіў паўнамоцтвы, што працаваў без ліцэнзіі, як яны сьцьвярджаюць), і пакуль не дакажуць, што генэральная ліцэнзія, выдадзеная ў 1992 годзе, не давала мне права ажыцьцяўляць банкаўскія апэрацыі, я з гэтым не зьміруся. Ніколі. Я ж ім сказаў, што я не чарвяк, якога можна расьціснуць і расьцерці", – паведаміў экс-старшыня Ашчаднага банку.

Нягледзячы на слабое здароўе, ён актыўна цікавіцца цяперашнім жыцьцём краіны. У прыватнасьці, уважліва сочыць за судовым працэсам у справе свайго былога калегі-банкіра Міхала Чыгіра. Уладзімер Хілько пракамэнтаваў гэты працэс наступным чынам:

(Хілько: ) "Гэта трохі падобна на той спэктакаль, што быў са мною. Толькі ў мяне было гэта безь яркай палітычнай афарбоўкі. Суд над Чыгіром – гэта камедыя, якую можна й ня ламаць, а адразу чытаць прысуд. Як кажуць, пачынаць з хваста. Прачытаць тое, што там заплянавана – і ўсё. Таму што правасудзьдзя там у сапраўдным значэньні гэтага слова ня будзе. Бо ў цывілізаваным сьвеце й нармальных умовах усё павінна адбывацца па-іншаму. У нас жа спачатку разыгрываецца фарс у доказе чагосьці, дзесьці й калісьці. А потым пачынаюць ламаць лёс чалавека. Гэта тое ж самае, што й суд над Лявонавым – гэтак званая "каўбасная справа". Хіба можа здаровы чалавек паверыць у тое, што міністру сельскае гаспадаркі Лявонаву вазілі ад Старавойтава каўбасу. На такую адлегласьць. Усё гэта глупства", – мяркуе Ўладзімер Хілько.

XS
SM
MD
LG