Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 31 студзеня 2000 г.


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Зь 1 лютага самы буйны гарадзенскі рынак "Паўднёвы" будзе страйкаваць. Акцыю падтрымаюць і на іншых рынках. Але сытуацыя зусім не адназначная. Аб настроях сярод гарадзенскіх прадпрымальнікаў паведамляе Сяргей Астраўцоў.

На кірмашы "Паўднёвы" ёсьць прафсаюз. Там людзі згуртаваныя. Ва ўсякім разе большасьць. Таму акцыі пратэсту там адбываюцца арганізавана. Хаця ў апошнія разы, пад час кароткатэрміновых страйкаў, частка прадпрымальнікаў выходзіла на працу. Гандлявалі каля сотні палатак. Усяго ж на кірмашы 2000 прадпрымальнікаў.

Цяперашні страйк разьлічаны на месяц. Таму для штрэйкбрэхераў іншага выйсьця, апоч як далучыцца да астатніх, ня будзе, бо гараджане перастаюць езьдзіць на кірмаш. Мноства аўтобусаў і маршрутных таксі, якія зьвязваюць родныя раёны гораду з кірмашом, які знаходзіцца на ўскраіне, таксама ў дні страйку не працуюць.

Крыху іншая сытуацыя на рынку "Цэнтральны", які знаходзіцца ў горадзе. Пад час апошніх аднадзённых страйкаў палова прадпрымальнікаў, якія гандлююць крамнінай, не падтрымалі калегаў з Паўднёвага.

У нядзелю я размаўляў з прадпрымальнікамі "Цэнтральнага" рынку. Яны настроеныя менш рашуча. Частка лічыць, што трэба страйкаваць абавязкова. Іншыя ўжо ні на што не спадзяюцца. Адзін зь іх сказаў мне, што быццам бы людзі з "Паўднёвага" выкупілі частку месцаў на "Цэнтральным" кірмашы, каб паціху гандляваць, калі іхны кірмаш будзе стаяць.

Намесьнік старшыні прафсаюзу "Паўднёвага" Аляксандар Васілеў, аднак, перакананы, што прадпрымальнікі актыўна падтрымаюць страйк, а калі ўлады не задаволяць іхных падрабаваньняў, дык ня выключана, што ў Горадні могуць адбыцца мітынг або дэманстрацыя, нават, без дазволу ўладаў.

Больш як палова прадпрымальнікаў мае вышэйшую адукацыю. Раней яны працавалі інжынэрамі, лекарамі, настаўнікамі, кіравалі цэхамі, нават – прадпрыемствамі і арганізацыямі. Гэта – актыўныя людзі, якія хочуць чагосьці дасягнуць. Сама прырода бізнэсу падштурхоўвае іх да актыўнасьці і самастойнасьці дзеяньняў. Так лічыць прафсаюзны кіраўнік Аляксандар Васілеў.

XS
SM
MD
LG