Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 31 студзеня 2000 г.


Казімір Яноўскі, Гомель

На гомельскіх рынках напярэдадні страйку праходзіла канфіскацыя тавараў. Толькі за адзін сыботні дзень група Вадзіма Саковіча з падаткавае інспэкцыі Цэнтральнага раёну Гомеля склала пратаколаў на канфіскацыю 6 тонаў цукру і 1.5 тонаў рысу.

У няделю 30 студзеня масавую праверку на кірмашы ўчыніла падаткавая інспэкцыя. Складзена больш як 20 пратаколаў аб нібыта выяўленым парушэньні правілаў рэалізацыі тавараў – пераважна тымі, хто гандлюе парфумай, касмэтыкай, зубной пастай, мылам ды іншымі санітарна-гігіенічнымі рэчамі. Да таго ж, у прадпрымальнікаў сканфіскавана 50 мільёнаў наяўных рублёў у новым вылічэньні. У траіх дробных гандляроў інспэктары апісалі і ўзялі пад арышт увесь тавар.

У падаткавую "малацілку" патрапіў і ўладальнік мікрааўтобусу "Пэжо" Мікалай Бяляеў, які прыватным чынам падвозіў гандлярам на кірмаш памяранчы (апельсіны). Спадара Бяляева абвінавацілі таксама і ў атрыманьні пабочнага прыбытку без рэгістрацыі прадпрымальніцкай дзейнасьці. У выніку – складзены пратакол на канфіскацыю мікрааўтобусу і накіраваны, як і некаторыя іншыя пратаколы, у суд Цэнтральнага раёну.

Ператрус на кірмашы падаткоўцы тлумачаць прымяненьнем уведзеных 4 студзеня дадаткаў ув артыкул №154 "Кодэксу аб адміністрацыйных парушэньнях пры ажыцьцяўленьні прадпрымальніцкай дзейнасьці. Паводле гэтых дадаткаў падаткоўцам дадзена права ня толькі штрафаваць прадпрымальнікаў, але і сканфіскоўваць твар і грашовую выручку. Падставы на гэта, як паказаў ператрус, можна знайсьці практычна ў любога. Аднак самі прадпрымальнікі ўчынены ў выхадныя дні ператрус зьвязваюць перадусім з заўтрашнім страйкам у абарону сваіх правоў. Гомельскія дробныя гандляры наважаныя падтрымаць агульнарэспубліканскую акцыю. З гэтай нагоды на кірмашы быў распаўсюджаны адмысловы зварот Рады Свабоднага прафсаюзу прадпрымальнікаў гораду, а сёньня шэраг актывістаў узялі ўдзел у мітынгу ў сталіцы. Рашучасьць адстойваць свае правы праявілася і ў няўплаце большасьцю гандляроў фіксаванага падатку і кошту гандлёвага месца.

Паводле зьвестак дырэкцыі, паводле стану на 31 студзеня, на Цэнтральным кірмашы патрэбную плату на наступны месяц унесьлі толькі 200 гандляроў, што складае менш за 10% ад агульнай колькасьці. Упершыню за многія гады работнікі кірмашу не атрымалі авансу. На гэта проста няма гроршай. Шмат прадпрымальнікаў да таго ж напісалі заявы на адпачынак у лютым. Якраз згаданыя дзеяньні, мяркуюць гандляры, выклікалі нэрвовую рэакцыю ўладаў і падаткоўцаў, і па кірмашы прайшоў ператрус.

XS
SM
MD
LG