Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 31 студзеня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Прыкладна паўтары тысячы прыватных прадпрымальнікаў удзельнічалі сёньня ў Менску ў мітынгу пратэсту супраць палітыкі ўладаў. Акрамя эканамічных патрабаваньняў – вызваленьня ад падатку на даданую вартасьць і адмены высокіх штрафных санкцыяў – гандляры дамагаюцца адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі.

Паводле задумы арганізатараў, гэтая акцыя павінна даць пачатак агульнанацыянальнаму страйку прадпрымальнікаў, які пачнецца заўтра. Паводле словаў старшыні страйкавага камітэту прадпрымальнікаў Валерыя Леванеўскага, ён і ягоныя калегі ня ставілі перад сабою мэту прывесьці сёньня на менскі пляц Бангалёр дзясяткі тысячаў людзей. Спадар Леванеўскі называе сёньняшні мітынг першай спробаю падобнай акцыі ў Менску, і задаволены тым, што частка прадпрымальнікаў падтрымала заклік Свабоднага прафэсійнага зьвязу й вышла на вуліцу.

Прыкладна а першай гадзіне дня на пляцы Бангалёр (а менавіта там гарадзкія ўлады дазволілі мітынг) сабраліся прадпрымальнікі зь менскіх кірмашоў "Дынама", "Ждановічы", "Камароўскага", а таксама прадстаўнікі Віцебску, Гародні ды іншых гарадоў Беларусі.

"Прыватная ўласнасьць недатыкальная!", "Не – жабрацтву!", "Аляксандар Рыгоравіч, якое перадвыбарчае абяцаньне ты выканаў?" – пад такімі ды іншымі лёзунгамі прыйшлі людзі на пляц. Арганізатары адразу ж акрэсьлілі мэты сваёй акцыі.

(Голас зь мегафону: ) "Мы ня можам больш цярпець тое, як улады зьдзекуюцца над намі. Мы хочам рабіць і зарабляць. Мы проста хочам жыць па-чалавечы. Мы хочам плаціць падаткі, а не паборы. Мы хочам, каб у гэтай дзяржаве улада ўважала прадпрымальнікаў дастойнай часткай грамадзтва".

Усе выступоўцы, сярод якіх самым вядомым быў Міхал Чыгір, заклікалі прадпрымальнікаў аб'яднацца, каб разам адстойваць свае эканамічныя й палітычныя правы.

Не пакінулі ўдзельнікі мітынгу па-за ўвагаю і ўчорашняе паведамленьне БТ пра тое, што прадпрымальнікі быццам бы патрабуюць спыніць у краіне падвышэньне заробкаў, а таксама заяву міністра прадпрымальніцтва Міхала Сазонава, які паабяцаў адклікаць з прэзыдэнцкай адміністрацыі падрыхтаваны праект пастановы аб вызваленьні ад падатку на даданую вартасьць гандляроў, калі тыя пачнуць страйк. Прадпрымальнікі лічаць падобныя заявы правакацыяй уладаў.

Свабодны прафэсійны зьвяз ня толькі не заклікаў замарожваць у Беларусі заробкі, а наадварот – унёс у рэзалюцыю сёньняшняга мітынгу патрабаваньне павялічыць "мінімалку" да 80 даляраў у месяц, а дапамогу на дзяцей – да 40 даляраў. А шантаж прадпрымальнікаў з боку Міхала Сазонава, на думку ўдзельнікаў мітынгу, сьведчыць толькі пра прафэсійную неадпаведнасьць гэтага чалавека. Таму гандляры патрабуюць ягонай адстаўкі, як і кіраўніка Падаткавага камітэту Мікалая Дземчука. Гэтыя асобы, паводле словаў мітынгоўцаў, робяць усё дзеля зьнішчэньня прадпрымальніцтва ў краіне.

Акрамя гэтага, сярод патрабаваньняў гандляроў – адмена падатку на даданую вартасьць, 14-га й 40-га дэкрэтаў Лукашэнкі, паводле якіх у прадпрымальнікаў канфіскоўваюць тавар, розных сэртыфікатаў, а таксама гарантыя свабоднага доступу прадпрымальнікаў да дзяржаўных СМІ. Паводле прапановаў мітынгоўцаў, у рэзалюцыю былі таксама ўнесеныя патрабаваньне адстаўкі Лукашэнкі й прызнаньне ягонай эканамічнай палітыкі гэнацыдам уласнага народу.

А вось што паведаміў нашаму радыё пасьля заканчэньня мітынгу прафзьвязовы лідэр Валеры Леванеўскі: "Гэта нараджаецца новая сіла прадпрымальнікаў, і я думаю, што гэта будзе сіла палітычная. І яна ўзьнікне, калі ўлады не зразумеюць, што яны самі гэтую сілу нараджаюць. Сілу, якая мае трохі грошай, трохі розуму й трохі аўтарытэту ў грамадзтве", – лічыць спадар Леванеўскі.

Валеры мяркуе, што падобныя акцыі пратэсту будуць праходзіць у Менску часта. Акрамя палітычнага, яны маюць і гуманітарны аспэкт. Так, сёньня прадпрымальнікі арганізавалі раздачу дзецям сувэніраў і ласункаў.

Акцыя пратэсту прадоўжыцца й заўтра – страйкам гандляроў каля ўваходу на менскі кірмаш "Дынама". Усяго ж гандляры зьбіраюцца страйкаваць ня менш за месяц.

XS
SM
MD
LG