Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 студзеня 2000 г.


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Аўстралія вядзе неафіцыйныя перамовы з Латвіяй пра выдачу Рызе аўстралійскага грамадзяніна Конрада Калейса. 86-гадовы Калейс падазраецца ў тым, што ў часе Другой усясьветнай вайны ён кіраваў карнай камандай, якая брала ўдзел у забойстве 30 тысячаў чалавек, пераважна гэбрайскае нацыянальнасьці.

На пачатку месяцу Конрад Калейс вымушаны быў пакінуць Вялікую Брытанію і вярнуцца ў Аўстралію. Ад 1957 году гэты былы вайсковы ахвіцэр мае аўстралійскае грамадзянства. Перад тым яго ўжо высылалі са Злучаных Штатаў, Канады і той самай Вялікай Брытаніі. Адсутнасьць пагадненьня паміж Канбэрай і Рыгай пра выдачу ваенных злачынцаў кожны раз не давала магчымасьці перадаць Калейса Латвіі, якая ўжо завяла крымінальную справу ў пытаньні дзейнасьці падазронага ў часе вайны.

У чацьвер аўстралійскія афіцыйныя асобы і прадстаўнікі латыскага ўраду паведамілі, што ў кулуарах Канфэрэнцыі ў пытаньнях Галакосту, якая адбываецца ў Швэцыі, пачалося абмеркаваньне пагадненьня паміж Латвіяй і Аўстраліяй пра выдачу як ваенных злачынцаў, так і асобаў, якія ў такіх злачынствах падазраюцца.

У адпаведнай заяве міністра юстыцыі Аўстраліі Аманды Ванстан адзначаецца, што згаданыя перамовы ідуць, але падкрэсьліваецца, што яны маюць неафіцыйны характар. "Мы чакаем, што неўзабаве латыскія ўлады дадуць фармальны адказ, пасьля якога мы можам пачаць працу ў пытаньні падпісаньня адпаведнага пагадненьня пра ваенных злачынцаў паміж Аўстраліяй і Латвіяй," – сказала Аманда Ванстан.

Летась Аўстралія зрабіла зьмены ў сваім законе пра ваенныя злачынствы, у выніку чаго выдача жыхароў Аўстраліі, якія ёсьць ваеннымі злачынцамі, або асобаў, якія ў такіх злачынствах падазраюцца, – палегчылася. Раней краіны мусілі давесьці Аўстралійскаму правасудзьдзю, што яны маюць дастаткова доказаў віны падазронага. Цяпер жа, нават падазрэньня ў злачынствах хапае для ягонай дэпартацыі.

Ванстан заявіла, што латыскі ўрад быў паінфармаваны адносна гэтых зьменаў, якія пачалі дзейнічаць ад 23 сьнежня і фармальнае абмеркаваньне латыска-аўстралійскага пагадненьня пачалося 10 студзеня.

У гэтым тыдні Латвія запрасіла прадстаўнікоў шасьці краінаў – Аўстраліі, ЗША, Канады, Вялікай Брытаніі, Ізраілю і Нямечыны на сустрэчу ў Рызе. У часе гэтай сустрэчы краіны мусяць сабраць пад адну вокладку ўсе вядомыя ім факты супраць Конрада Калейса.

І ўсё ж латыскія сьледчыя хвалююцца, што простых відавочных сьведчаньняў будзе недастаткова.

Калі на пачатку месяцу Калейс вярнуўся зь Вялікай Брытаніі ў Аўстралію, ён заявіў, што ня браў удзелу ў карных апэрацыях у Латвіі, хаця і быў сябрам тамтэйшай нацысцкай арганізацыі.

XS
SM
MD
LG