Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 студзеня 2000 г.


Кастусь Бандарук, Прага

З Чачні надалей ідуць супярэчлівыя паведамленьні. Расея цьвердзіць, што ў ейнай ваеннай кампаніі наступіў пералом, і яна блізкая да пасьпяховага завяршэньня апэрацыі. У міжчасе ўзмацняецца міжнародны ціск на Маскву з дамаганьнем, каб яна неадкладна спыніла вайну, што мае ўсе прыкметы расправы над чэчэнскім народам. Шэраг урадаў і арганізацыяў занепакоеныя таксама таямнічым зьнікненьнем карэспандэнта Радыё Свабода ў Чачні Андрэя Бабіцкага.

Гэнеральны сакратар ААН Кофі Аннан, які учора прыбыў з візытам ў Маскву заклікаў Расею спыніць бамбаваньне Чачні і зьмякчыць пакуты цывільнага насельніцтва. Учора з рэзкай крытыкай у адрас Масквы выступілі ў Страсбургу сябры Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы.

Шэраг прамоўцаў настойліва дамагаліся неадкладна пазбавіць Расею членства ў гэтай арганізацыі і ўвесьці супраць яе міжнародныя санкцыі. У адказ на заклікі міністра замежных справаў Іванова Асамблея дала Маскве тры месяцы часу на мірнае ўрэгуляваньне ў Чачні і паляпшэньне сытуацыі ўцекачоў.

Нэгатыўную пазыцыю Вашынгтону ў гэтым пытаньні мае намер выказаць дзяржсакратар ЗША Олбрайт у часе нядзельнай сустрэчы ў Швэйцарыі з Уладзімерам Пуцінам і міністрам замежных справаў Расеі Івановам. Учора прадстаўнік Дзярждэпартэманту ЗША Джэймс Рубін заявіў, што расейскія дзеяньні ў Чачні "перайшлі ўсялякія межы". На ягоную думку, расейскі "бліцкрыг" спрычыніў толькі вялікую колькасьць ахвяраў сярод цывільнага насельніцтва Чачні. Рубін закрануў таксама пытаньне лёсу нашага карэспандэнта ў Чачні Андрэя Бабіцкага:

(Рубін: ) "Мы сьведамыя таго, што журналіст Радыё Свабода, расейскі грамадзянін Андрэй Бабіцкі ня чутны з 15-га студзеня. Мы занепакоеныя бясьпекай журналіста, які перадаваў рэпартажы з зоны баёў, і я упэўнены, што гэтае пытаньне мы будзем уздымаць перад расейскімі прадстаўнікамі. Мы рашуча падтрымоўваем свабоду прэсы і настойваем на тым, каб урад Расеі запэўніў журналістам магчымасьць без перашкодаў выконваць свае абавязкі у Чачні".

- заявіў прадстаўнік дзярж-дэпартаманту ЗША Джэймс Рубін.

Варта адзначыць, што незважаючы на крытыку з боку Захаду, ваенную апэрацыю ў Чачні надалей падтрымоўваюць 60 % расейцаў. Аднак згодна апошняму апытаньню грамадзкай думку, на 6%, да 49-ці ўпала папулярнасьць у грамадзтве выконваючага абавязкі прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна. Аналітыкі лічаць, што на гэта паўплывала вялікая колькасьць ахвяраў сярод расейскіх вайскоўцаў.

Акрамя заходніх лідэраў, расейскую вайну ў Чачні асуджаюць таксама вядомыя расейцы. Крывадушныя матывы ваеннай апэрацыі супраць Грознага паддаў сваім выказваньнем пад сумнеў былы прэм'ер-міністар Сяргей Сьцяпашын. У чацьвер ён заявіў, што Масква плянавала накіраваць свае сілы ў Чачню ўжо ў сакавіку мінулага году. Нагадаем, што атака чэчэнскіх партызанаў на Дагестан мела месца ў жніўні, а бомбавыя замахі ў расейскіх гарадох – у верасьні. Масква адразу абвінаваціла ў гэтых замахах чэчэнскіх сэпаратыстаў, што трапіла на падатлівы грунт.

Уздым антычачэнскіх настрояў у расейскім грамадзтве ўрад скарыстаў у якасьці зялёнага сьвятла для пачатку апэрацыі супраць Грознага, хаця многія лічаць, што за гэтымі тэрактамі стаяць самі расейскія ўлады.

Сьцяпашын, які ў той час быў міністрам унутраных справаў, заявіў, што аб гэтых плянах ведаў ня толькі ён сам, але і цяперашні выконваючы абавязкі прэзыдэнта Ўладзімер Пуцін, які тады быў кіраўніком службы бясьпекі.

На думку адстаўнога палкоўніка Аляксандра Жыліна, цынічная інтрыга расейскага кіраўніцтва не падлягае ніякаму сумневу. На ягоную думку, "каб заручыцца падтрымкай з боку грамадзтва, Масква скарыстала ў якасьці марыянэтак сапраўдных тэрарыстаў Басаева і Хатаба". У інтэрвію "Независимой Газете" Жылін заявіў, што першапачатковы плян апэрацыі зьявіўся пасьля таго, як чачэчнцы захапілі ў палон расейскага гэнерала. Аднак тады Масква плянавала толькі зьнішчыць базы тэрарыстаў і стварыць зоны бясьпекі ў паўночнай частцы рэспублікі да ракі Церак.

Адстаўны палкоўнік перакананы, што Сьцяпашын быў адхілены ад пасады прэм'ера толькі таму, што ён без энтузіязму паставіўся да новай вайны ў Чачні і ня мог гарантаваць яе пасьпяховага правядзеньня.

Між тым, крытычна пра расейскія дзеяньні у Чачні выказалася ўдава ляўрэата Нобэлеўскай прэміі Міру Андрэя Сахарава Елена Бонэр. У інтэрвію з Бостану, дзе яна лечыцца на сэрца, Бонэр заявіла, што "гэта не вайна, але генацыд". На ейную думку, для Ўладзімера Пуціна генацыд чэчэнскага народу зьяўляецца трамплінам да прэзыдэнцкага крэсла. Боннэр выказала зьдзіўленьне, што Расея дагэтуль не выключаная з Рады Эўропы, і тым, што Захад далей фінансава дапамагае Маскве. "Гэта усё роўна, што Захад дапамагаў бы нацысцкай Нямеччыне ў часе, калі яна заатакавала Польшчу," –заявіла Елена Бонэр.

З часу, калі на мінулым тыдні Андрэй Бабіцкі прапаў бязь вестак, Арганізацыя Бясьпекі і Супрацоўніцтва ў Эўропе, заходнія ўрады і шэраг міжнародных ды расейскіх праваабарончых арганізацыяў заклікалі расейскі ўрад дапамагчы акрэсьліць месцазнаходжаньне журналіста, і, калі ён затрыманы, паспрыяць ягонаму вызваленьню.

Наш каўкаскі карэспандэнт Гасін Радуеў лічыць, што ягоны калега быў затрыманы фэдэральнымі сіламі у горадзе Урус-Мартан. Кіраўнік нашага маскоўскага бюро Савік Шустэр выказаў прыпушчэньне, што у гэтым горадзе дзейнічаюць прамаскоўскія сілы Гантамірава.

Іншы карэспандэнт Уладзімер Долін сказаў, што існуе неяснасьць ў пытаньні акрэдытацыі Бабіцкага у зоне баёў. Ён быў зарэгістраваны ў расейскім прэс-цэнтры ў Маздоку, які не даваў карэспандэнтам ніякіх паўнамоцтваў наведваць раён баёў. З другога боку, – лічыць Долін, – адсутнасьць акрэдытацыі, нават, калі б яна была неабходная, не зьяўляецца прычынай для затрыманьня Бабіцкага.

Між тым, сёньня расейскае агенцтва Интерфакс паведаміла, што Андрэй Бабіцкі затрыманы расейскімі ўладамі і абвінавачаны ў прыналежнасьці да нелегальнай узброенай групоўкі. Ні расейскі ўрад, ні аніводнае з заходніх агенцтваў не пацьвердзілі гэтую інфармацыю.

Тым ня менш жонка Андрэя Бабіцкага Людміла паведаміла, што супрацоўнікі ФБР правялі вобыск у іхнай маскоўскай кватэры, забралі нэгатывы фільмаў і здымкі з Чачні, аднак пазьней іх вярнулі. Прэзыдэнт нашага радыё Томас Дайн выказаў перакананьне, што Бабіцкі не парушыў ніякія расейскія законы, і што Радыё зробіць усё магчымае, каб журналіст быў неадкладна вызвалены. Паводле словаў Дайна, Андрэй Бабіцкі сьмелы і высокапрафэсійны журналіст, які заўсёды працаваў ў рамках законах краіны адкуль перадаваў. Радыё Свабода перакананае, – адзначыў Томас Дайн, – што ўсе абвінавачаньні ў адрас Бабіцкага беспадстаўныя.

36-гадовы журналіст працаваў для нашага Радыё ужо дзесяць гадоў і быў карэспандэнтам у Чачні ў часе першай вайны ў гадох 94-96. У бліжэйшыя дні, дырэктар вяшчаньня нашага радыё Джэф Трымбл накіруецца у Маскву, спрабуючы нечага даведацца пра лёс Бабіцкага.

Што тычыцца паведамленьняў з тэатру вайны, дык на думку намесьніка камандзёра расейскіх сілаў на паўночным Каўказе гэнерала Генадзя Трошава, пераважная большасьць цывільнага насельніцтва Грознага знаходзіцца зараз на тэрыторыі кантраляванай расейскімі сіламі. Гэнерал лічыць, што пасьля двух тыдняў аблогі гораду, у частках гораду, кантраляваных чэчнскімі ваярамі, засталося вельмі мала цывільных жыхароў. Паветраныя сілы Расеі паведамілі, што ўдары будуць цяпер засяроджаныя не на Грозным, але на горных базаў, у якіх-паводле расейскіх крыніцаў згуртаваліся каля 8-мі тысяч чэчэнскіх партызанаў і дабраахвотнікаў.

У міжчасе прэзыдэнт Інгушэтыі Аўшаў абвінаваціў Расею у тым, што яна адмаўляе чачэнскім уцекачом у дапамозе і спрабуе прымусіць іх вярнуцца дамоў. Ацэньваецца, што у Інгушэтыі знаходзяцца 150 тысяч чэчэчнскіх уцекачоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG