Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 студзеня 2000 г.


Уладзімер Кулажанка, Менск

(эфір заўтра)
Эканамічны агляд тыдня прафэсара Ўладзімера Кулажанкі.

Цягам апошняга тыдня ў эканоміцы Беларусі адбываліся звыклыя працэсы – расьлі цэны.

Міністэрства эканомікі ўнесла ўдакладненьні ў пералік сацыяльна значных тавараў, цэны на якія рэгулююцца непасрэдна міністэрствам – гэта хлеб масавых гатункаў, нятлустае малако, масла, ялавічына, сьвініна. Усе іншыя цэны ўлады стрымліваць ня будуць. Гэта як бы саступка рынку.

Але й сьведчаньне таго, што запраграмаваны 5-адсоткавы рост цэнаў за месяц будзе ў два разы, калі ня болей, перавышаны. На карысьць такое высновы й тое, што Нацыянальны банк толькі што павялічыў стаўку рэфінансаваньня на 20 пунктаў – да 150 адсотак. Значыць, даражэе крэдыт, растуць выдаткі і, як вынік – цэны.

І вось на гэтым эканамічным фоне ўзьнялася новая інтэграцыйная хваля. Як вядома, на саміце СНД дасягнутая дамоўленасьць пра стварэньне зоны свабоднага гандлю, правядзеньне ўзгодненай антыманапольнае палітыкі, транзыт электраэнэргіі.

Зразумела, што праблемы гэтыя важныя і надзённыя. Але дзе мэханізм і гарантыя іх ажыцьцяўленьня? Падобных рашэньняў было нямала. Каля трох год таму заключана мытнае пагадненьне паміж чатырма краінамі – Казахстанам. Кыргыстанам, Расеяй і Беларусьсю. Але яно павісла ў паветры. Чаму? Бо нявыгоднае Расеі.

Пры наяўнасьці мытнага хаўрусу і дамоўленасьцяў пра аднолькавыя ўмовы гаспадараньня Беларусь колькі разоў зьвярталася да Расеі з просьбаю зьнізіць чыгуначныя тарыфы да ўзроўню нутрырасейскіх хоць бы на перавозку збожжа з Казахстана. Такая саступка не была атрыманая.

Вось і зараз з расейскага боку чуюцца галасы, што стварэньне свабоднае зоны гандлю паміж краінамі СНД нявыгоднае для Расеі. На мытных зборах яна будзе страчваць мільярды даляраў. А гэтыя мільярды патрэбныя дзеля вядзеньня вайны ў Чачні.

Летась вонкавы гандаль Беларусі з Расеяй скараціўся на траціну. Падобная зьява – і ў гандлі зь іншымі краінамі СНД. Дык хіба гэта сьведчыць пра посьпехі інтэграцыі?

У мінулы чацьвер, калі Аляксандар Лукашэнка рабіў інспэкцыйны агляд мэдычных установаў сталіцы, у яго спыталі, як будуць разьвівацца эканамічныя стасункі з Расеяй? І ён вымушаны быў прызнаць, што пакуль невядома, бо не выкананая папярэдняя дамоўленасьць пра стварэньне роўных умоваў гаспадараньня (гаворка йдзе пра адзіныя цэны на рэсурсы ды транспартавыя тарыфы). Апроч таго, ля Смаленску Расея на беларускай мяжы насуперак усім братэрскім дамовам па-ранейшаму трымае мытныя пасты.

XS
SM
MD
LG