Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 студзеня 2000 г.


(эфір заўтра)
У наступны панядзелак назіральнікі зь місіі АБСЭ ў Беларусі наведаюць у Аршанскай калёніі былога міністра сельскае гаспадаркі Васіля Лявонава. Дачка Лявонава Сьвятлана Ўласава паведаміла, што над яе бацькам працягваюцца зьдзекі маральнага кшталту.
Таксама ў панядзелак адновіцца судовы працэс над экс-прэм'ерам Міхалам Чыгіром.

Экс-міністар сельскае гаспадаркі Васіль Лявонаў, асуджаны на чатыры гады зьняволеньня, пераведзены для адбыцьця пакараньня ў Аршанскую калёнію ўзмоцненага рэжыму. Пры гэтым працэдура пераводу са сьледчага ізалятару ў калёнію была вельмі зьняважлівай. Дачка Лявонава Сьвятлана Ўласава ўзгадвае апошнюю сустрэчу з бацькам у сьледчым ізалятары:

(Уласава: ) "Апошні раз я бачыла бацьку на Валадарцы ў пятніцу 21 студзеня. Да гэтага я прасіла ўсіх, хто мае дачыненьне да судовай сыстэмы, каб яны пакінулі бацьку ў Менску, бо ён хворы, і яму патрэбная мэдычная дапамога. Але ггэта было дарэмна, усе адварочваліся ад мяне, казалі, што трэба датрымаць закон, пасьля прысуду ўсё будзе толькі па законе. У пятніцу, клаі я была, ён мне паведаміў, што ў яго ўжо забралі бялізну, і што цяпер вымушаны спаць на вялізных ланцугах. Там няма ложкаў. Там такія паліцы, да якіх прывараныя жалезныя стужкі. Гэта адназчачна зьдзекі, але гэта, як ён мне паведаміў, ня толькі да яго аднаго, гэта да ўсіх, хто ўжо асуджаны. Ён мне казаў, што гэта такая выхаваўчая мера. Яго ўзяліся выхоўваць на 62-м годзе жыцьця".

У наступны панядзелак Сьвятлана разам з прадстаўнікамі назіральнае групы АБСЭ ў Беларусі паедзе ў Воршу й паспрабуе сустрэцца з бацькам. Назіральнікам з АБСЭ такая сустрэча паабяцаная, а вось ці дапусьцяць да Лявонава дачку – пакуль невядома.

У плянах Сьвятланы распавесьці бацьку пра апошнія навіны з волі, у тым ліку й зьвесткі пра рэакцыю ў сьвеце на ягонае асуджэньне. Як вядома з прысуду, Лявонаў нібыта скраў харчоў і мэблі агульным коштам на 130 даляраў.

Між тым, сусьветныя праваабарончыя арганізацыі справу Лявонава лічаць перасьледам паводле палітычных матываў. А Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША ў сваёй заяве ад 24 студзеня назваў абвінавачваньні супраць былога міністра "сфабрыкаванымі". У заяве амэрыканскага ўраду адзначана, што адзінай сапраўднай віною Лявонава зьяўляецца ягоная нязгода з палітыкаю рэжыму Лукашэнкі.

Тым часам Міхалу Чыгіру з наступнага тыдня давядзецца зноў зьяўляцца ў гарадзкі суд, каб абараніць сябе ад абвінавачваньняў у злачынствах.

Працэс у справе Чыгіра адновіцца 31 студзеня. Нагадаю, дзесяцідзённы перапынак быў дадзены на дадатковае азнаямленьне з матэрыяламі справы на просьбу абвінавачваных і абароны. Пры гэтым судзьдзя Васілевіч папярэдзіў, што будзе кантраляваць, як ідзе азнаямленьне з дакумэнтамі і ці не зацягвае абарона працэс.

Адвакат Чыгіра Гары Паганяйла ў гэтай сувязі заўважае, што "дэталёвае вывучэньне матэрыялаў справы не зацягвае, а наадварот, спрыяе больш хуткаму судоваму разгляду". Паганяйла запэўнівае, што ўвесь тыдзень абарона ўпарта працавала ў канцылярыі гарадзкога суду, дзе захоўваецца справа былога прэм'ера.

У Гары Паганяйлы час дзеля такой працы быў, бо на другім вядомым працэсе, дзе ён таксама заняты – у справе дэпутата Андрэя Клімава – зь сярэдзіны тыдня таксама быў абвешчаны перапынак – захварэў адін з адвінавачваных.

Нагадаю, пад час працэсу зачытвалі матэрыялы, сабраныя сьледчымі ў пацьверджаньне віны Клімава і яшчэ васьмі будаўнікоў. Калі гэтая частка слуханьняў завершыцца, будуць праведзеныя спрэчкі й прагучыць прысуд. Але калі дакладна адновіцца працэс над дэпутатам, пакуль невядома.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

XS
SM
MD
LG