Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 студзеня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

У панядзелак Свабодны прафэсійны зьвяз прадпрымальнікаў праводзіць у Менску мітынг пратэсту. Прыватныя гандляры патрабуюць ад уладаў адмяніць шэраг заканадаўчых актаў, якія замінаюць ім працаваць.

Дазволены сталічнымі ўладамі мітынг, які адбудзецца 31 студзеня на пляцы Бангалёр, паводле задумы ягоных арганізатараў, павінен стаць пачаткам агульнанацыянальнага страйку прадпрымальнікаў.

Гандляры рэчавых кірмашоў краіны патрабуюць, каб улады неадкладна адмянілі падатак на даданую вартасьць для тых, хто плаціць фіксаваныя падаткі. Іх не задавальняе частае неабгрунтаванае падвышэньне ставак падатку, увядзеньне абавязковае сэртыфікацыі і гігіенічнае рэгістрацыі тавараў, а таксама тое, што ў Беларусі не прызнаюць сэртыфікаты іншых краінаў.

Прадпрымальнікі патрабуюць скасаваньня дэкрэтаў Лукашэнкі № 14 і 40, якія даюць розным інспэктарам шырокія паўнамоцтвы ў накладаньні штрафаў і канфіскацыі тавару.

Паводле словаў лідэра Свабоднага прафэсійнага зьвязу прадпрымальнікаў менскага кірмашу "Дынама" Леаніда Каліцені, акрамя афіцыйных высокіх пабораў, падатковыя інспэктары, міліцыянты ды іншыя прадстаўнікі ўлады бясконца вымагаюць ад гандляроў вялікія сумы неафіцыйна. І таму, каб хоць неяк абараніць правы прадпрымальнікаў, кіраўніцтва прафэсійнага зьвязу яшчэ ў сьнежні прыняло рашэньне правесьці акцыі пратэсту.

Леанід Каліценя кажа, што чыноўнікі мелі цэлы месяц на тое, каб прыслухацца да просьбаў гандляроў, але замест гэтага ўлады рабілі ўсё, каб не дапусьціць правядзеньне страйку. Вось што паведаміў нашаму радыё спадар Каліценя: "Зацікаўленыя ведамствы вядуць супраць нас вельмі сур'ёзную работу. У прэсе распаўсюджваюць інфармацыю, што страйку ня будзе. Нашым кіраўнікам на месцах тэлефануюць з быццам бы прыстойных арганізацыяў і гавораць (напрыклад, берасьцейцам), што віцебскія гандляры страйкаваць ня будуць. І наадварот. Спрабуюць нас усіх перасварыць. Але гэта – марны занятак, бо сама сытуацыя падказвае людзям, як ім дзейнічаць", – лічыць кіраўнік Свабоднага прафэсійнага зьвязу менскага кірмашу "Дынама".

А старшыня страйкавага камітэту прадпрымальнікаў Валеры Леванеўскі ў часе прэсавае канфэрэнцыі ў пятніцу наўпрост абвінаваціў супрацоўнікаў спэцслужбаў, міністэрства прадпрымальніцтва й прадстаўнікоў афіцыйнага прафэсійнага зьвязу "Садружнасьць" у спробах сарваць акцыі пратэсту.

Лідэры прафэсійнага зьвязу прадпрымальнікаў спадзяюцца, што ў мітынгу возьмуць удзел некалькі тысячаў гандляроў зь Менску, і з правінцыі, а ў страйку – каля 80 тысячаў чалавек.

Акцыя гандляроў 31 студзеня, акрамя палітычнага й эканамічнага, будзе мець і гуманітарны аспэкт. Прадпрымальнікі маюць намер пад час мітынгу арганізаваць раздачу дзецям цацак і ласункаў. А страйк на кірмашох Беларусі, паводле словаў кіраўнікоў Свабоднага прафэсійнага зьвязу, будзе працягвацца ня менш за месяц. Прычым, яго ўдзельнікі ня толькі спыняць работу, але й ня будуць выплочваць за гэты час падаткаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG