Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 студзеня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

(эфір 26 студзеня)
Беларуская дзяржава эканоміць на памерлых і калеках. Так лічыць кіраўніцтва афіцыйных прафэсійных зьвязаў у сувязі з уваходам у моц дэкрэту Аляксандра Лукашэнкі "Аб некаторых пытаньнях кампэнсацыі шкоды, учыненай жыцьцю або здароўю грамадзянаў".

Згаданы дэкрэт Аляксандра Лукашэнкі датычыць асобаў, якія загінулі на вытворчасьці або атрымалі калецтвы. У Беларусі штогод такіх здарэньняў фіксуецца больш як тысяча. Летась, напрыклад, трагедыя, калі адзін з бацькоў не вярнуўся з працы, прыйшла ў 297 беларускіх сем'яў.

Страта карміцеля або яго калецтва – гора, якое ў цывілізаваных дзяржавах кампэнсуецца матэрыяльнай дапамогаю. Таму беларускія ахвяры няшчасных выпадкаў на вытворчасьці першапачаткова ўзрадаваліся зьяўленьню новага дакумэнту. Аднак зараз высьвятляецца, што радасьць была заўчаснай і, галоўнае, дарэмнай.

На сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі ў Фэдэрацыі прафэсійных зьвязаў журналістам паведамлена, што дэкрэт Лукашэнкі, наадварот, пагаршае матэрыяльную падтрымку такіх ахвяраў. Выплаты, якія будуць атрымліваць калекі і сем'і, што страцілі карміцеляў, значна зьменшаныя. Як вынікае з тлумачэньня кіраўнікоў Фэдэрацыі, гэтыя адмысловыя выплаты скарачаюцца на памер пэнсіяў, якія ім выплочваюцца.

Паводле прафзьвязовых крыніцаў, ініцыятыва такога кроку належыць кіраўніку дзяржаўна-праўнае ўправы лукашэнкавай адміністрацыі Аляксандру Пласкавіцкаму. Рэч у тым, што ахвяры няшчасных выпадкаў дагэтуль атрымлівалі гадавую дапамогу ад дзяржавы і наймальнікаў болей за трыльён старых беларускіх рублёў. Чыноўніку такая сума падалася празьмернай, і ён вырашыў пакараць памерлых і калекаў. Лукашэнка ідэю ўхваліў, паколькі яна эканоміць дзяржаўныя рэсурсы.

З другога боку, згаданы дэкрэт разьвязвае рукі наймальнікам. Адміністрацыя прадпрыемстваў цяпер можа менш клапаціцца пра ўмовы працы на вытворчасьці й здароўе рабочых. Як патлумачыў нашаму радыё кіраўнік аддзелу ўмоваў працы Фэдэрацыі Георгі Гаварушка, дэкрэт Лукашэнкі скасаваў жорсткую матэрыяльную адказнасьць кіраўнікоў прадпрыемстваў за няшчасныя выпадкі.

XS
SM
MD
LG