Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 студзеня 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

(эфір 26 студзеня)
Былы прэм'ер краіны Міхаіл Чыгір уступіў у шэрагі "Таварыства Беларускае Мовы імя Францішка Скарыны". Ягоную заяву Рада ТБМ разгледзела сёньня на сваім урачыстым паседжаньні з нагоды 10-х угодкаў прыняцьця Закону аб мовах.

Урачыстыя імпрэзы з нагоды дзесяцігодзьдзя Закону аб мовах адбыліся сёньня ў Менску ў тэатральнай залі Чырвонага касьцёлу. Яны распачаліся ня з гучных прамоваў і не са сьвяточных канцэртаў, а з рабочага паседжаньня Рэспубліканскае рады "Таварыства Беларускае Мовы", якое і наладзіла вялікую праграму ўрачыстасьцяў.

Сябры рады абмеркавалі свае надзённыя праблемы, у ліку якіх зьніжэньне колькасьці падпішчыкаў на газэту таварыства "Наша слова", падрыхтоўка да навуковае канфэрэнцыі аб сучаснай моўнай сытуацыі – канфэрэнцыя заплянаваная на 26 лютага, а таксама некаторыя моманты ўшанаваньня памяці Францішка Багушэвіча, чые 160-я угодкі будуць сёлета.

Але потым пачаліся прыемныя нечаканасьці. Напрыклад, сьцягі ТБМ, якія былі перададзеныя сёньня ўсім актыўным рэгіянальным суполкам, на свае грошы зрабіла адное беларускае прадпрыемства. З такімі яхвярадаўцамі, імёны якіх зь вядомых прычынаў не афішуюцца, ТБМ, паводле словаў ягонага старшыні Алега Трусава, сутыкаецца ў апошні час нярэдка. І гэта сьведчыць пра тое, што людзі бізнэсу пачынаюць усьведамляць нацыянальныя каштоўнасьці, як умову захаваньня дзяржаўнае незалежнасьці, без якой іхны бізнэс ня выжыве.

Цьвярозая выснова неабходнасьці нацыянальнае мовы дзеля сьцьвярджэньня свайго палітычнага іміджу за дзесяць гадоў існаваньня Закону аб мовах высьпела ў галовах многіх выбітных асобаў, у тым ліку ўсіх трох сьпікераў Вярхоўнага Савету 12 і 13-га скліканьняў, двое зь якіх былі заўважаныя сярод шматлікіх гасьцей сёньняшніх урачыстасьцяў.

А вось заява былога прэм'ера краіны Міхаіла Чыгіра аб уступленьні ў "Таварыства Беларускае Мовы" была разгледжаная сёньня на паседжаньні Рады. Міхаіл Чыгір прыняты ў ТБМ аднагалосна.

Вось як былы прэм'ер краіны патлумачыў нашаму радыё сваё рашэньне стаць сябрам арганізацыі, якая змагаецца за дзяржаўны статус беларускае мовы:

(Чыгір: ) "Таму што беларуская мова – гэта мова майго бацькі і маёй маці. Па-другое, я разумею, што калі ня будзе мовы, тады ня будзе дзяржавы. Па-трэйцяе, калі я знаходзіўся за кратамі, мне было вельмі прыемна, калі Таварыства Беларускай Мовы адным зь першых грамадзкіх аб'яднаньняў заявіла аб маёй падтрымцы. Для мяне гэта быў вельмі цяжкі пэрыяд, з экранаў гучэлі страшныя лічбы даляраў, якія я, так сказаць, скраў у дзяржавы ці ў банка, і мне было вельмі прыемна, што Таварыства тады выказала свой погляд на падзеі. Вось усё гэта разам прывяло мяне да таго, што я палічыў патрэбным стаць сябрам Таварыства Беларускай Мовы".

– сказаў Міхаіл Чыгір.

XS
SM
MD
LG