Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 студзеня 2000 г.


Сяргей Навумчык, Прага

Сёньня ў Давосе – курортным мястэчку ў Швэйцарскіх Альпах – распачынаецца Сусьветны эканамічны форум. Камэнтар Сяргея Навумчыка.

На форуме акрэдытаваныя сотні журналістаў зь вядучых сусьветных агенцтваў, тэле- і радыёкампаніяў і выданьняў. Вядома, увага карэспандэнтаў будзе сканцэнтраваная на асобе прэзыдэнта ЗША Біла Клінтана. Упершыню ў гісторыі давоскіх форумаў узначальваць амэрыканскую дэлегацыю будзе прэзыдэнт краіны. Аднак, акрамя амэрыканскага прэзыдэнта, у форуме бяруць удзел яшчэ трыццаць два кіраўніка дзяржаваў, нялічачы прэм'ераў і міністраў. Хаця агульную атмасфэру будуць вызначаць не палітыкі, а больш як тысяча лідэраў сусьветнага бізнэсу.

І сярод гэтага арэапагу, адзначае "Los Angeles Times", будзе вылучацца фігура Клаўса Шваба, швэйцарскага прадпрымальніка, які трыццаць гадоў таму даў старт давосскаму саміту, пачынаючы, дарэчы, зь вельмі сьціплай сумы грошай. Сёньня давоскі форум – самы прэстыжовы саміт у бізнэс-сфэры. Дзеля ўдзелу ў ім трэба заплаціць вялікія складкі. І гэта пры тым, што ў Давосе не прымаюцца ніякія фармальныя рашэньні, якія былі б абавязковымі для выкананьня кім-небудзь. Але гэта месца, дзе раз на год сыходзіцца разам палітычная і бізнэсовая эліта сьвету. Пераважная большасьць сустрэчаў маюць нефармальны характар, аднак менавіта пад час такіх кантактаў выпрацоўваюцца рашэньні, якія потым могуць быць аформленыя ў міжнародныя пагадненьні, прэзыдэнцкія распараджэньні і закранаюць лёс мільёнаў людзей.

Так, сёньня агенцтва France Press адзначае станоўчую ролю, якую давоскі форум адыграў ў працэсе ўрэгуляваньня на Бліжнім Усходзе і дасягненьні нацыянальнай згоды ў Паўднёва-Афрыканскай рэспубліцы.

Актывісты арганізацыяў, якія выступаюць супраць сусьветнай экнамічнай глябалізацыі, маюць намер пікетаваць мерапрыемствы ў Давосе. Некалькі месяцаў таму ім ўдалося практычна паралізаваць гандлёвы саміт у Сіэтле (ЗША), калі Клінтан быў фактычна заблякаваны ў гатэлі. Гэтым разам швэйцарскія ўлады ўжываюць надзвычайныя меры аховы парадку.

У свой час удзельнікам давоскіх сустрэчаў быў тагачасны сьпікер беларускага парламэнту Станіслаў Шушкевіч. Тады сьвет прыглядаўся да адноўленай дзяржавы, і перад краінай адчыняліся нядрэнныя эканамічныя пэрспэктывы. На сёняшнім саміце цяперашні кіраўнік Беларусі адсутнічае. Зрэшты, як і кіраўнік Расеі. Ёсьць падставы меркаваць, што на форуме будуць абмяркоўвацца тэмы, вельмі непрыемныя для Крамля – узаемаадносіны Расеі із Захадам пасьля бальканскага крызісу і новай чачэнскай вайны.

Дэвіз цяперашняга саміту – Новыя пачынаньні: на шляху пераменаў; і, сярод іншага, асаблівая ўвага ўдзельнікаў будзе нададзеная разьвіцьцю інфармацыйных тэхналёгіяў.

XS
SM
MD
LG