Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 27 студзеня 2000 г.


Юры Дракахруст, Менск

Учора ў Маскве Лукашэнка й Пуцін абмяняліся ратыфікацыйнымі граматамі дамовы аб стварэньні хаўруснае дзяржавы. Лукашэнка быў абраны старшынём Вышэйшае рады Саюзу. Таксама было аб'яўлена, што выбары ў саюзны парлямэнт адбудуцца сёлета ўвосень. Пра тое, як гэтыя падзеі камэнтуюць беларускія апазыцыйныя палітыкі – у рэпартажы Юрыя Дракахруста.

Намесьнік старшыні Беларускага Народнага Фронту пад кіраўніцтвам Вячоркі Юрась Хадыка лічыць вельмі небясьпечным раунд інтэграцыі, які цяпер пачаўся.

(Хадыка: ) "Спраўджваюцца апасеньні, якія ўсе выказвалі, што для Расеі беларускі вектар можа стацца нейкай кампэнсацыяй за Чачню. І гэта, па мойму, становіцца ўсё больш і больш верагодным. Тое, што было так неакрэсьлена і расплывіста зафіксаванае ў паперах, у рэальнасьці ператвараецца ў непасрэдную пагрозу сувэрэнітэту Беларусі і праблема выбару тут, гэта складаная праблема. Таму што накладаецца яна на нашыя ўнутраныя выбарчыя праблемы. Зроблена ўсе, падрыхтавана для наступнага крока. Мы ў гэтай сытуацыі нейкія бяззбройныя. Масква будзе рабіць усё, што яна захоча. Яна давяла да такой сытуацыі. У гэтым ёсьць элемэнт выбарчай кампаніі. Нічога яны фарсіраваць ня будуць. Яны будуць ціснуць дакладна так, як яны зараз ціснуць баевікоў у Грозным – паступова, вельмі павольна забіраючы ўсе магчымасьці".

Ён таксама адзначыў, што спалучэньне выбараў у беларускі й хаўрусны парлямэнты можа паспрыяць таму, што апазыцыя адмовіцца браць удзел у выбарах у парлямэнт Беларусі. Спадар Хадыка выказаў перасьцярогу, што ўлады могуць пайсьці на пэўныя саступкі й паслабленьні, што створыць для часткі апазыцыйных сілаў спакусу прыняць правілы гульні, прапанаваныя ўладамі.

А вось як ацаніў падзеі, якія адбыліся ўчора ў Маскве, намесьнік старшыні Аб'яднанае Грамадзянскае партыі Аляксандар Дабравольскі…

(Дабравольскі: ) "Мы наогул ацэньваем гэтыя так званыя памкненьні вельмі адмоўна, а само па сабе тое, што Лукашэнка абраны старшынём фактычна дзьвюх дзяржаваў – даволі сьмешна. Я думаю, што гэта –вялікая небясьпека для Беларусі. Мы яшчэ будзем ацэньваць, што гэта нам можа прынесьці, і ці будуць гэтыя выбары ў саюзны парлямэнт – яшчэ невядома, але гэта – вялікая пагроза для незалежнасьці і дэмакратыі ў Беларусі. Што ж тычыцца таго, што ўступілі гэтыя дакумэнты ў сілу – яны не маглі ўступіць у законную сілу, таму што былі падпісаныяя чалавекам, паўнамоцтвы якога скончыліся, і ратыфікаваныя парлямэнтам, які быў прызначаны, а не абраны. І таму ўсё гэта ня мае ніякай законнай сілы з беларускага боку, і калі будзе зьмененая ўлада ў Беларусі, то, беземоўна, гэта будзе прызнана незаконным. Мне здаецца, што гэта вельмі добра трэба было б разумець расейскім палітыкам".

Гаварыў намесьнік старшыні Аб'яднанае Грамадзянскае партыі Аляксандар Дабравольскі.

XS
SM
MD
LG