Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 студзеня 2000 г.


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Арыфметыка стратаў у часе вайны ў Ічкерыі паводле чачэнскага і расейскага бакоў, меркаваньні незалежных назіральнікаў, паведамленьні з тэатру баёў, новая ўцякацкая плынь з чачэнскай тэрыторыі і лёс расейскага гэнерала Малафеева – гэтым тэмам прысьвечаная пераважная бальшыня датычных Чачні матэрыялаў, якія зьявіліся ў сёньняшніх заходніх сродках масавай інфармацыі…

У аўторак расейскі бок афіцыйна заявіў, што цягам шасьці месяцаў вайны ў Ічкерыі ён страціў 3.500 чалавек параненымі і больш як 1.100 чалавек забітымі. З гэтых, апошніх, 820 – жаўнеры міністэрства абароны, 317 – міністэрства ўнутраных справаў, плюс 36 ахвіцэраў, што ў выніку дае 1.173 чалавекі. Гэтыя зьвесткі, атрыманыя ад вышэйшага вайсковага кіраўніцтва падае агэнства Интерфакс. У гэтую лічбу ўлучаныя і тыя 118 вайскоўцаў, якія загінулі ў часе баёў у суседнім Дагэстане, калі там у жнівені – верасьні адбылося іслямскае паўстаньне з актыўным удзелам чачэнцаў. Лічба 1.173 найбольш зьвязаная з апошнімі баямі ў Грозным, бо незадоўга перад тым Галоўны штаб расейскага войска на Паўночным Каўказе ацаніў свае страты ў 900 чалавек.

Незалежныя крыніцы адхілілі афіцыйныя паведамленьні пра колькасьць загіблых фэдэралаў, як надзвычай заніжаныя і заявілі, што блізу 3.000 расейскіх вайскоўцаў былі забітыя ў часе гэтай кампаніі.

Што ж да чачэнскага боку, то паводле прадстаўніка расейскага вайсковага кіраўніцтва Валерыя Манілава незалежнікі толькі забітымі страцілі больш як 10.000 чалавек. Гэтыя лічбы застаюцца непадцьверджанымі зь незалежных крыніцаў.

Тым часам, чачэнскі бок падае свае лічбы, зь якіх вынікае, што толькі ў мінулыя содні ў баях за Грозны і Аргунскую цясніну расецы страцілі 430 жаўнераў. Калі ж весьці гаворку пра страты цягам усёй вайны, то чачэнскае вайсковае кіраўніцтва падае наступныя лічбы: 11.000 загіблых расейскіх жаўнераў. Апрача гэтага фэдэральныя сілы страцілі каля 500 адзінак бронетэхнікі, 12 самалётаў і каля 40 гэлікоптараў. Свае страты чачэнцы ацэньваюць у больш як 400 чалавек забітымі і 420 чалавек – параненымі.

Апрача гэтага чачэнскае вайсковае кіраўніцтва паведамляе, што страты сярод мірнага насельніцтва перавысілі 10 тысячаў чалавек, пры 320 часткова, альбо цалкам разбураных населеных пунктах.

Нагадаю, што ўсе гэтыя зьвесткі, як і паведамленьні расейцаў, зь незалежных крыніцаў пакулшь не падцьвярджаюцца.

Ув аўторак, расейскія аддзелы пры гарматна-ракетнай падтрымцы вялі баі ў Грозным, дзе змаганьне ідзе за кожную вуліцу і кожны дом. Расейскі бок паведамляе пра тое, што фэдэралы знаходзяцца за 500 мэтраў ад стратэгічна важнага пляцу Мінутка, які бароняць снайперы і невялікія мабільныя групы чачэнцаў. Паводле чачэнскага боку, жорсткія баі працягваюцца ў паўночна-ўсходнім прымесьці Грознага Старая Сунжа.

Актыўныя баявыя дзеяньні не спыняюцца і на поўдні рэспублікі – у раёнах Аргунскай і Вядзенскай цясьнінаў празь якія, паводле расейцаў, ідуць шляхі забесьпячэньня паўстанцаў зброяй і папаўненьня іхных шэрагаў сьвежымі сіламі.

Тым часам заходнія сродкі масавай інфармацыі паведамляюць пра ўзнаўленьне ўцякацкай плыні з Ічкерыі ў Інгушэцію. Як заявіў прадстаўнік Вярхоўнага камісара ААН у справе ўцекачоў Крыс Яноўскі гэтая хваля супала з узмацненьнем расейскіх атакаў на Грозны. "Цягам мінулых чатырох дзён, – сказаў Яноўскі, – як мінімум 8.000, а, хутчэй за ўсё, амаль 9.000 чалавек перайшлі з Ічкерыі ў Інгушэтыю. Гэта найбольшая плынь у такі кароткі тэрмін, якой мы ня бачылі ўжо досыць даўно".

І апошняе. Нягледзячы на тое, што расейскае тэлебачаньне паказала пахаваньне забітага ў Чачні расейскага гэнерала Малафеева, заходнія сродкі масавай інфармацыі адзначаюць: аблічча гэнерала відаць не было. Тым часам чачэнскі бок працягвае цьвердзіць, што паранены Малафееў узяты ў палон і цяпер чачэнскія лекары спрабуюць уратаваць ягонае жыцьцё ў адным з паўстанцкіх шпіталёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG