Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 студзеня 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

(эфір 25 студзеня)
Сёньня пачаўся судовы працэс паводле пазову старшыні Дзяржаўнага камітэту авіяцыі Рыгора Фёдарава да газэты "Прессбол". Пакрыўджаны Фёдараў патрабуе спагнаць з газэты за нібыта зьняважаныя гонар і годнасьць беспрэцэдэнтную ў гісторыі беларускае журналістыкі суму – каля васьмідзесяці тысячаў даляраў.

Сёньня ў судзе Цэнтральнага раёну Менску пачаўся судовы працэс паводле пазову Рыгора Фёдарава да газэты "Прессбол" аб абароне гонару й годнасьці.

Нагодаю дзеля звароту ў суд сталі чатыры артыкулы, якія, на думку Фёдарава, абразілі яго. Старшыня Дзяржаўнага камітэту авіяцыі, які адначасова зьяўляецца й прэзыдэнтам Фэдэрацыі футболу Беларусі, просіць суд у якасьці кампэнсацыі за маральны ўрон спагнаць з рэдакцыі газэты 50 мільярдаў рублёў, з галоўнага рэдактара Ўладзімера Беражкова – 10 мільярдаў, а з намесьніка галоўнага рэдактара Сяргея Новікава – 5 мільярдаў недэнамінаваных рублёў. Агульная сума, такім чынам, складае каля 80 тысячаў амэрыканскіх даляраў паводле рынкавага курсу.

Судзьдзя Тамара Злобіч прапанавала абодвум бакам заключыць так званае "міравое" пагадненьне, але не атрымала станоўчага адказу.

Намесьнік галоўнага рэдактара газэты "Прессбол" Сяргей Новікаў так пракамэнтаваў "Радыё Свабода" сваё рашэньне:

(Новікаў: ) " Казаць пра міравую з нашага боку можна толькі пасьля таго, як прапанова аб гэтым пойдзе з таго боку. Яе не было, дык навошта нам тут неяк сваю ініцыятыву тут праяўляць. Размова пра міравую ня мае сэнсу і ў тым накірунку развагаў, што калі б толькі годнасьць і турбавала спадара Фёдарава, ён зьвярнуўся б да нас с ппрсчьбай надрукаваць абвяржэньне, але ягоны пазоў пабудаваны на шокавым памеры грашовай кампэнсацыі, і гэта прымушае меркаваць, што менавіта гэтая мэта – мэта загубіць газэту зьяўялецца галоўнай мэтай Фёдарава і, магчыма, ня толькі Фёдарава. Таму што ўвесь год іінекалькі месяцаў, якія ён кіруе Беларускай Фэдэрацыяй, мы лічылі сваім абавязкам аб'ектыўна адлюстроўваць ягоную працу на гэтай пасадзе, якая, на наш погляд, ніяк не задавальняе патрабаваньням, якім павінен адпавядаць сапраўдны прэзыдэнт Фэдэрацыі.

За час кіраваньня Фёдарава Беларуская Фэдэрацыя футбола і наш футбол паступова і няўхільна ішоў уніз, губляў свае пазыцыі на сусьветнай і эўрапейскай арэне, гаспадарка нашага футбола прыходзіла да ўсё большага заняпаду, узровень і кляса нашых футбалістаў зьніжаліся. Можна назваць шмат аргумэнтаў на карысьць таго, што Фёдараў – гэта дрэнны кіраўнік Фэдэрацыі футбола, і менавіта гэта было асноўным зьместам тых публікацыяў, якія зараз фігуруюць у пазове".

Прадстаўнікі "Прессболу" заявілі хадайніцтва аб пераносе справы. Пры гэтым яны спаслаліся на артыкул 143 ГПК, які рэглямэнтуе тэрмін паміж атрыманьнем копіі зыску й прызначэньнем даты судовага паседжаньня. Тэрмін гэты быў парушаны, у выніку адказчыкі не пасьпелі азнаёміцца са справаю і падрыхтавацца да абароны.

Адказчыкі прапанавалі Фёдараву прадставіць суду статут Фэдэрацыі і рэглямэнт правядзення футбольных спаборніцтваў. Судзьдзя задаволіла хадайніцтвы й перанесла разгляд справы на 16 лютага.

XS
SM
MD
LG