Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 студзеня 2000 г.


Ганна Навумовіч, Менск

Сёньня міністар прадпрыймальніцтва Аляксандар Сазонаў жорстка выказаўся супраць страйку прадпрыймальнікаў, які заплянаваны на люты. Сазонаў заявіў: калі страйк адбудзецца, міністэрства будзе выступаць за спагнаньне зь індывідуальных прадпрыймальнікаў падатку на даданую вартасьць.

Свабодны прафэсійны зьвяз прадпрыймальнікаў вырашыў праводзіць страйк на працягу месяца, пачынаючы зь 1 лютага. Прадпрыймальніцкі прафэсійны зьвяз "Садружнасьць", нягледзячы на канфлікт са Свабодным прафэсійным зьвязам, гэтым разам вырашыў не выказвацца супраць страйку.

Індывідуальныя прадпрыймальнікі на пачатку году сутыкнуліся з сур'ёзнай праблемаю. Паводле новага закону, дробныя бізнэсмэны павінны плаціць падатак на даданую вартасьць. Паводле разьлікаў, якія зрабілі экспэрты прафэсійнага зьвязу "Садружнасьць", спагнаньне такога падатку можа прывесьці да падвышэньня коштаў на кірмашох больш як у тры разы й зробіць безсэнсоўнай працу прадпрыймальнікаў.

"Садружнасьць" пайшла на перамовы з урадам. У выніку быў распрацаваны праект дэкрэту, паводле якога індывідуальныя прадпрыймальнікі, якія займаюцца гандлем, не павінныя плаціць падатак на даданую вартасьць. Дарэчы, было прадугледжана, што дэкрэт набудзе моц зь 1 студзеня. Аднак дакумэнт яшчэ не падпісаны.

Актывістка "Садружнасьці" Кацярына Навумовіч паведаміла, што, паводле яе інфармацыі, праект дэкрэту быў перададзены на подпіс Лукашэнку ў аўторак. У сераду міністар прадпрыймальніцтва Аляксандар Сазонаў заявіў, што будзе рэкамэндаваць Лукашэнку адмовіцца ад падпісаньня дэкрэту, калі прадпрыймальнікі не адмовяцца ад страйку.

Кацярына Навумовіч выказала спадзяваньне, што дэкрэт усё ж будзе падпісаны. На яе думку, гэта – найлепшае выйсьце з канфліктнай сытуацыі. Спадарыня Навумовіч падкрэсьліла: "Калі прадпрыймальнікаў вымусяць плаціць гэты падатак, дзяржава проста атрымае 150 тысячаў беспрацоўных. У выпадку, калі прадпрыймальнікі застануцца без працы, яны ня змогуць пералічваць у бюджэт аніякіх падаткаў".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG