Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 студзеня 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

Сёньня, 26 студзеня, споўнілася 10 гадоў з часу прыняцьця Закону аб мовах. З гэтае нагоды ў тэатральнай залі Чырвонага касьцёлу ў Менску Таварыствам Беларускае Мовы імя Францішка Скарыны сёньня наладжаная вялікая ўрачыстасьць.

"Змаганьне за беларускую мову – змаганьне за выратаваньне беларускага народу", – так называецца даклад, зь якім выступіў сёньня на вечарыне доктар гістарычных навук Леанід Лыч. Ягоны рэтраспэкцыйны аналіз стану роднае мовы ў Беларусі быў цэнтральнай часткаю ўрачыстасьці, прысьвечанай 10-годзьдзю прыняцьця Закону аб мовах.

Пра тое, як няпроста было дамагчыся ад камуністычнае намэнклятуры БССР такога радыкальнага кроку ў беларусізацыі, распавядалі распрацоўшчыкі дакумэнту ды дэпутаты Вярхоўнага Савету 11-га скліканьня, якія прымалі гэты акт.

Прыняты 10 гадоў таму Закон аб мовах стаўся юрыдычным грунтам, абапіраючыся на які, беларусы здолелі на пачатку 90-х гадоў пераламаць псыхалягічную сытуацыю ў грамадзтве ў ягоным стаўленьні і да роднае мовы ў цэлым, і да ейных носьбітаў у прыватнасьці. І дамагчыся ад начальства паважлівых адносінаў да сваіх нацыянальных пачуцьцяў.

Вось, бадай, галоўныя ацэнкі гэтага юрыдычнага акту, якія прагучэлі сёньня на ўрачыстасьці. Хаця асноўная гаворка ішла пра цяперашні стан беларускае мовы, якая ў другой палове 90-х гадоў зноў загнаная ў кут.

Поўнае выкананьне ўсіх артыкулаў Закону было разьлічанае на дзесяцігадовы тэрмін. Аднак сёньняшняя ўлада і не зьбіраецца выконваць гэты Закон. Чаму такое стала мажлівым? Вось што думае на гэты конт старшыня Таварыства Беларускае Мовы Алег Трусаў:

(Трусаў: ) "Факт, што беларускае грамадзтва за гэтыя 10 год так і ня здолела разьняволіцца, ня здолела зразумець, што яно ўжо не акупаванае вясковае насельніцтва, а што гэта грамадзяне эўрапейскай краіны. І тут нічога дзіўнага няма. Таму што за апошнія 100 год нацыянальная эліта была зьнішчана фізычна альбо паўцякала з Беларусі".

Гэткім чынам, беларускае грамадзтва дасталося ў спадчыну сучасным адраджэнцам кволым, абяскроўленым, можа, нават абезгалоўленым. Таму, на думку спадара Трусава, і стаў мажлівым рэфэрэндум 95-га году:

(Трусаў: ) "Я лічу, што каб не было гэтага так званага рэфэрэндуму, дык усе гэтыя палажэньні былі б выкананыя не на сто адсоткаў, але на 80 дык дакладна (не бывае законаў, якія б выконваліся на 100 адсоткаў). Таму што да 95 году колькасьць беларускамоўных вучняў усіх клясаў пераважала 50 адсоткаў, і каб такія тэмпы былі, мы б выйшлі на гэтыя 80 адсоткаў і спыніліся б, таму што зразумела, што калі расейцаў 11 адсоткаў, дык і школаў рускіх павінна быць 11 адсоткаў, і польскіх – 4. Гэта нармальная эўрапейская практыка. Таму, каб не рэфэрэндум, навязаны нам імпэрскімі сіламі Расеі, закон быў бы выкананы адсоткаў на 80".

– лічыць Алег Трусаў.

Тым ня менш, на сёньняшнюю сытуацыю ён глядзіць спакойна, без уласьцівага частцы адраджэнцаў трагізму. І вось чаму.

(Трусаў: ) "Таму што пачыналі мы ў супэр-катастрафічнай сытуацыі, калі нават беларускую літаратуру ў Менску выкладалі па-расейску. Пачыналі мы з таго, што беларуская мова як прадмет, вывучалася з пятае клясы. Потым дамагліся з другога, потым – зь першага. Зробленыя ўнікальныя рэчы. Усіх беларускамоўных кніжак толькі за першыя 5 год дзеяньня Закону выйшла больш, чым за ўсе папярэднія 400 год беларускай гісторыі. Мы проста не разумеем, чаго мы дасягнулі. Ня трэба плакаць і рваць на сабе валасы – ня так усё кепска. Іншая справа, што трэба рабіць, трэба змагацца".

– сказаў старшыня ТБМ Алег Трусаў.

XS
SM
MD
LG