Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 студзеня 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Беларусь ня возьме ўдзелу ў антытэрарыстычных манэўрах на тэрыторыі Ўзбэкістану й Кыргыстану, пра якія дамовіліся пяць лідэраў краінаў СНД пад час саміту ў Маскве. Гэтак заявіў кіраўнік прэсавае службы Міністэрства абароны Беларусі Леанід Прышчэпа. Між тым, незалежныя адмыслоўцы не выключаюць магчымасьці таго, што зь цягам часу Беларусь можа быць уцягнутая ў антытэрарыстычную дзейнасьць Расеі і яе хаўрусьнікаў.

Зьвесткі пра тое, што пяць прэзыдэнтаў краінаў СНГ дамовіліся ў Маскве правесьці ўвесну антытэрарыстычныя манэўры на тэрыторыі Ўзбэкістану й Кыргыстану, спарадзілі пытаньне: ці не зьбіраецца Беларусь далучыцца да гэтых манэўраў?

Па тлумачэньні мы зьвярнуліся ў прэсавую службу Міністэрства абароны Беларусі. "Паводле нашых зьвестак, сярод пяці краінаў–ініцыятараў антытэрарыстычных манэўраў – Беларусі няма", – паведаміў спадар Прышчэпа. Паводле зьвестак прэсавае службы, у манэўрах возьмуць удзел Расея, Казахстан, Кыргыстан, Таджыкістан і Ўзбэкістан. "Удзел Беларусі ў такіх дзеяньнях супярэчыць Канстытуцыі Беларусі, якая забараняе пасылаць нашыя войскі за межы краіны", – сказаў кіраўнік прэсавае службы.

Спаслаўшыся на міністра абароны Беларусі Аляксандра Чумакова, які ўваходзіў у склад беларускае дэлегацыі, Прышчэпа адзначыў, што гаворкі пра ўдзел Беларусі ў манэўрах на тэрыторыі краінаў Сярэдняй Азіі не было.

Між тым, ня ўсе экспэрты ў галіне вайсковае палітыкі Беларусі падзяляюць такую ўпэўненасьць. Гэтак, былы міністар абароны Беларусі Павал Казлоўскі лічыць, што ўцягваньне беларускіх вайскоўцаў у агульныя антытэрарыстычныя дзеяньні магчымае.

Павал Казлоўскі: "…З нашым галоўнакамандуючым можна трапіць куды заўгодна. Для гэтых краінаў такія дзеяньні цалкам лягічныя – гэта іхныя праблемы, іх турбуе ісламскі фундамэнталізм, ці распаўсюджваньне тэрарызму на Каўказе турбуе Расею. Але ўцягваць нашу краіну ў гэтыя манэўры нельга, бо гэта прывядзе да ўдзелу ў саміх канфліктах, да таго, што нашыя хлопцы паедуць у гарачыя кропкі, што будзе жахліва", – лічыць Павал Казлоўскі.

Ён не выключае, што стаўленьне Беларусі да ўдзелу ў падобных акцыях, сапраўды, можа зьмяніцца, і грунтуе сваю заклапочанасьць на зьвестках, паводле якіх у Радзе бясьпекі Беларусі вядзецца перапрацоўка нашае вайсковае дактрыны.

Павал Казлоўскі кажа: "…А, плянуючы зьмяніць вайсковую дактрыну, магчыма зьмяніць і палітыку адносна нашага ўдзелу ў манэўрах, і гэтак далей… Тое, што распрацоўкі новае вайсковае дактрыны вядуцца, гэта стопрацэнтова", – заявіў былы міністар абароны Павал Казлоўскі.

XS
SM
MD
LG