Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 студзеня 2000 г.


Пасьля сёньняшняга абмену ў Крамлі ратыфікацыйнымі граматамі паміж Лукашэнкам і Пуціным дамова аб стварэньні беларуска-расейскае дзяржавы набыла моц. Аднак, паводле апошніх сацыялягічных дасьледаваньняў, у значнай часткі беларускіх грамадзянаў супярэчлівыя адносіны да гэтага дзяржаўнага ўтварэньня. Наш карэспандэнт Альгерд Невяроўскі пацікавіўся сёньня ў мінакоў на менскіх вуліцах, як яны ставяцца да расейска-беларускага хаўрусу і чаго ад яго чакаюць.

Адразу заўважу, што нямала маіх суразмоўцаў навогул не цікавяцца інтэграцыйнай кампаніяй і ня маюць уласнае думкі наконт стварэньня хаўруснае дзяржавы. Так што беларускія ўлады занадта сьпяшаюцца, калі гавораць пра ўсенародную падтрымку хаўрусу з Расеяй. А вось найбольш цікавыя адказы тых, хто мае свой погляд на гэтае аб'яднаньне. Гаворыць пэнсыянэрка Марыя Аляксандраўна:

(Пэнсіянэрка: ) "Я думаю, што нашым беларускім людзям лягчэй будзе жыць. Я лічу, што калі мы будзем жыць у саюзе, дык нам будзе лягчэй".

Інжынэр Ігар Карповіч зь Берасьця лічыць інакш, ён ня хоча страты незалежнасьці Беларусі:

(Карповіч: ) "Я хачу жыць у сваёй краіне, не хачу ў Расею".

А вось студэнтка Менскае гандлёвае вучэльні Сьвета дае гастранамічнае абгрунтаваньне безсэнсоўнасьці беларуска-расейскага аб'яднаньня:

(Сьвета: ) "Увогуле, станоўча. Але не хацелася б, каб Беларусь уступала ў саюз з Расеяй. Тыя прадукты, які вырабляюцца на тэрыторыі Беларусі, паступаюць у Расею, а самі беларусам добрай прадукцыі не застаецца".

Аляксандар Каліноўскі з Бабруйску лічыць, што стварэньне хаўруснае дзяржавы будзе спрыяць вяртаньню былое вайсковае магутнасьці:

(Каліноўскі: ) "Я стаўлюся станоўча да гэтага. Чаго жадаю і чакаю? Узмацненья, канешне. Што гэта за кулак, калі разарваныя пальцы? Узмацненьня нашай магутнасьці".

Студэнтка Аліна ня бачыць сэнсу ў аб'яднаньні такіх бедных дзяржаваў, як Расея й Беларусь:

(Аліна: ) "Не чакаю нічога, але магу сказаць, што я супраць гэтага. Што будзе добрага, калі разам будзем?"

А менскі пэнсіянэр Аляксандар Рыгоравіч падтрымлівае інтэграцыю, бо яму вельмі падабаецца палітыка, якую праводзіь яго больш вядомы цёзка:

(Пэнсіянэр: ) "Лепшага жыцьця чакаю. Наш прэзыдэнт такі харошы, талковы таварыш. Я асабіста – за".

Ала Аляксандраўна прыехала ў Беларусь з Расеі і ў прынцыпе ня супраць аб'яднаньня, але адначасова яна й за самастойнасьць Беларусі, і за такое жыцьцё, як на Захадзе:

(Ала Аляксандраўна: ) "Справа ў тым, што ў мяне бацькі жывуць у Навасібірску. Вы выдатна разумееце, што я вельмі радая гэтаму саюзу. З другога боку, мне хацелася б, каб было больш самастойнасьці ў Беларусі. Шчыра вам скажу".

А бізнэсмэн Герасім і пэнсіянэр Аляксандар Уладзімеравіч зьяўляюцца ідэйнымі праціўнікамі ўваходжаньня Беларусі ў хаўрус з Расеяй. Вось як яны абгрунтоўваюць сваю пазыцыю…

(Бізнэсмэн: ) "Ад гэтага саюзу нічога не чакаю і адношуся да гэтага вельмі крытычна, бо Беларусь – незалежная дзяржава. Хацелася б, каб яна разьвівалася па шляху незалежнасьці, прагрэсу".

(Пэнсіянэр: ) "Нічога не чакаю. Я хутчэй ня веру, што ён набудзе рэальныя формы. Усё будзе на ўзроўні дэклярацыяў да ае пары, пакуль ня скончацца паўнамоцтвы Лукашэнкі. Тое, што адбываецца зараз, супярэчыць канстытуцыі – уступленьне ў ваенны блёк з Расеяй, непавага да дзяржаўнай незалежнасьці, да дзяржаўных інтарэсаў, вяратаньне старога сьцягу і старога гэрбу, гэта ні на што не падобна. Ну а вынік, што называецца, на далоні".

Многія з апытаных падтрымліваюць ідэю інтэграцыі, але лічаць, што аб'яднаньне мусіць адбывацца на іншых умовах. Ёсьць і тыя, хто за хаўрус, але ня могуць патлумачыць – чаму?

Ня менш і тых, хто з недаверам і трывогаю ставіцца да інтэграцыйных гульняў. Сярод найбольш тыповых адказаў на пытаньне "Чаго вы чакаеце ад аб'яднаньня?" былі: "паляпшэньня жыцьця", "танных энэргарэсурсаў" і – "нічога добрага".

Альгерд Невяроўскі, Менск

XS
SM
MD
LG