Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 студзеня 2000 г.


Юры Дракахруст, Менск

Сёньня ў Маскве Лукашэнка й Пуцін абмяняліся ратыфікацыйнымі граматамі дамовы аб стварэньні саюзнае дзяржавы.

На паседжаньні Вышэйшае дзяржаўнае рады Хаўрусу, якое таксама адбылося сёньня, вырашана, што раду ўзначаліць Лукашэнка, старшынём Рады міністраў Хаўрусу стане першы віцэ-прэм'ер Расеі Міхал Касьянаў, а пасаду дзяржаўнага сакратара Хаўрусу зойме былы кіраўнік спраў прэзыдэнта Расеі Павал Барадзін. Сёньня ж выконваючы абавязкі прэзыдэнта Расеі Пуцін аб'явіў, што дасягнутая дамоўленасьць пра тое, што выбары ў хаўрусны парлямэнт адбудуцца сёлета.

Сюрпрызаў не адбылося – на хаўрусным "Алімпе" ўсё засталося па-ранейшаму: на чале Вышэйшае рады – Лукашэнка, хаўрусны ўрад ўзначальвае прадстаўнік Расеі.

Значэньне гэтых пасадаў больш сымбалічнае, чым практычнае: з прызначэньня Міхала Касьянава на пасаду хаўруснага прэм'ера расейскія назіральнікі робяць выснову, што, хутчэй за ўсё, менавіта ён стане кіраўніком расейскага ўраду пасьля перамогі Пуціна на прэзыдэнцкіх выбарах.

Пакуль цяжка канчаткова высьветліць, якімі будуць беларуска-расейскія стасункі пасьля зыходу Ельцына. Але варта зьвярнуць ўвагу на розную танальнасьць прамоваў Лукашэнкі й Пуціна пад час цырымоніі абмену ратыфікацыйнымі граматамі.

Выконваючы абавязкі прэзыдэнта Расеі рабіў акцэнт на рэчах практычных – казаў пра неабходнасьць сфармаваць адзіную эканамічную, абаронную і гуманітарную прастору. Знайшлося месца й перадвыбарчаму папулізму: галоўнай мэтаю дамовы Пуцін назваў "паляпшэньне жыцьця самага простага чалавека". Ён заўважыў, што цырымонія была праведзеная пасьля саміту СНД невыпадкова: "Мы паказалі, што застацца можа кожны", – сказаў Пуцін.

Далучэньне да беларуска-расейскага хаўрусу – "блакітная мара" інтэграцыяністаў, але, як бачым, ветлівым запрашэньнем Пуціна ніхто, акрамя Лукашэнкі, не скарыстаўся. Хутчэй за ўсё, Пуцін на гэта й не спадзяваўся – ён імкнецца стаць прэзыдэнтам Расеі, а для гэтага трэба гаварыць тое, што хочуць пачуць выбарцы.

Але ягоную заяву пра прысьпешваньне выбараў у хаўрусны парлямэнт можна разлядаць як ініцыятыву, якая выходзіць за межы перадвыбарчае кампаніі. Раней размова йшла пра тое, каб правесьці гэтыя выбары ў 2001 годе, зараз Пуцін заявіў пра магчымасьць правядзеньня іх ужо сёлета, магчыма, нават увосень. Калі ўлічыць, што на восень прызначаныя парлямэнцкія выбары ў Беларусі, ня выключана, што ёсьць намер спалучыць іх з выбарамі ў хаўрусны парлямэнт.

Прамова Лукашэнкі была больш патэтычнай: ён заявіў, што разглядае новую дамову як "акт гістарычнае справядлівасьці, першы этап заканамернага стварэньня некалі разарванае вялікае краіны". Дарэчы, варта заўважыць, што, у адрозьненьне ад Лукашэнкі, Пуцін у сваіх інтэграцыйных прамовах спасылкі на агульнае СССР-аўскае мінулае ня робіць.

На сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі ў агэнцыі "Интерфакс" Лукашэнка паведаміў, што пад час асабістае размовы Пуцін сказаў яму: "Мы з Вамі аднагодкі, і ў нас ёсьць магчымасьць упісаць залатымі літарамі ў гісторыю нашых стасункаў стварэньне паўнавартае хаўруснае дзяржавы". На гэта Лукашэнка, паводле ягоных словаў, адказаў, што будзе ймкнуцца да таго, каб пры сучасным пакаленьні палітыкаў гэты працэс завяршыўся.

Пад час прэсавае канфэрэнцыі Лукашэнка закрануў і чачэнскую тэму. Ён заявіў, што Расея не зьвярталася да Беларусі па дапамогу ў вырашэньні гэтае праблемы, але дадаў, што Беларусь аказвала й будзе аказваць гуманітарную дапамогу тым, хто пацярпеў у выніку канфлікту.

Не абыйшоўся беларускі кіраўнік і бяз выпадаў на адрэсу Захаду. На ягоную думку, аб'яднаньне Беларусі й Расеі – гэта ўзмацненьне канкурэнта Захада, чаго апошні ня хоча. На думку Лукашэнкі, Захад імкнуўся стварыць вакол Расеі санітарны кардон, але гэты ланцуг быў прарваны.

Раней беларускі кіраўнік вельмі скэптычна выказваўся наконт пэрспэктываў СНД. Сеньня ён выказваўся больш аптымістычна, але падмурак гэтага аптымізму вельмі падобны на салідарнасьць ізгояў. Лукашэнка заявіў, што прэзыдэнцкія выбары ў некаторых краінах СНД не былі прызнаныя ў Эўропе, таму, паводле ягоных словаў, некаторыя лідэры прыйшлі да высновы, што іх зразумеюць толькі ў межах СНД.

Падаецца ўсё ж, што Лукашэнка выдае пажаданае за існае. Сумневы Эўропы ў справядлівасьці выбараў прэзыдэнтаў некаторых краінаў СНД не прывялі гэтыя дзяржавы да такой ізаляцыі, у якой апынулася Беларусь.

Істотных зьменаў у інтэграцыйных справах не адбылося. Лукашэнка кажа тое, што казаў раней; Пуцін паўтарае сэнтэнцыі свайго папярэдніка. Пры гэтым цяжка сказаць, што ў ягоных заявах – рэальная палітыка, а што – даніна перадвыбарчай ліхаманцы. Адзіная, як кажуць, сухая рэшта – гэта заява аб правядзеньні сёлета выбараў у хаўрусны парлямэнт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG