Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 студзеня 2000 г.


Алена Радкевіч, Страсбург

На сёньняшнім паседжаньні Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы ў Страсбургу разглядалася беларускае пытаньне. Дакладчык у справах Беларусі Вольфганг Бэрэнт падкрэсьліў, што ён ня бачыць пазытыўных зрухаў у беларускай палітычнай сытуацыі. Такім чынам Парлямэнцкая Асамблея вырашыла, што няма пакуль падставаў пераглядаць прыпынены статус Беларусі як спэцыяльна запрошанай краіны. Рэпартаж нашага спэцыяльнага карэспандэнта Алены Радкевіч са Страсбургу.

Крыху пра гісторыю дачыненьняў Рады Эўропы з Беларусьсю. Яшчэ напярэдадні рэфэрэндуму 96 году пастаянная камісія Рады рэкамэндавала правесьці ў Беларусі круглы стол з удзелам палітычных партыяў і прадстаўнікоў улады дзеля пачатку плённага дыялёгу.

Афіцыйны Менск тады выказаў гатоўнасьць, а праз два тыдні правёў рэфэрэндум, які шакаваў усю Эўропу. У студзені 97-га Беларусі прыпынілі статус спецыяльна запрошанай і ад таго часу намагаюцца ўлагодзіць крызыс у краіне. На паседжаньні Палітычнае камісіі запрашаліся прадстаўнікі Вярхоўнага Савету і Нацыянальнага Сходу, прычым кожны атрымліваў права голасу. Паколькі інфармацыя абодвух бакоў была супярэчлівай, бюро Парлямэнцкай Асамблеі дэлегавала ў Беларусь віцэ-прэзыдэнта Асамблеі Роберта Антрэтэра неўзабаве пасьля скандалу ў Драздах. Па выніках дакладу Антрэтэра бюро адмовілася пераглядаць статус Беларусі ў Радзе Эўропы і рэкамэндавала ізноў распачаць перамовы паміж уладай і апазыцыяй. Антрэтэр езьдзіў у Беларусь больш як год таму, а ў кастрычніку 99-га ў Менск быў камандзіраваны новы дакладчык у справах Беларусі Вольфганг Бэрэнт. Для яго падрыхтавалі шэраг сустрэчаў, як у беларускіх вярхах, так і з прасдтаўнікамі апазыцыі. На цяперашняй сэсіі ў Страсбургу спадар Берэнт падрыхтаваў новы абшырны даклад і рэкамэндацыі адносна далейшых дачыненьняў з Беларуссю.

Даклад Вольфганга Бэрэнта шчыльна перагукаўся зь леташнім дакладам Роберта Антрэтэра. Адзначался што сытуацыя нават у чымсьці пагоршылася. Раней, прынамсі, не зьнікалі людзі. Дакладчык крануў вельмі шырокі спэктар пытаньняў, датычных ня толькі палітычнае сытуацыі. Апроч перасьледу па палітычных матывах, судоў, пакараньняў, звальненьняў з працы, выключэньняў з ВНУ, адзначаліся і ўціск свабоды друку, свабоды маніфэстацыяў і страйкаў, перасьлед прафсаюзаў, грамадзкіх арганізацыяў, лютаваньне міліцыя пад час масавых акцыяў і невыносныя ўмовы зьняволеньня. Згадвалася, што Беларусь – адзіная краіна ў Эўропе, дзе не адмененае сьмяротнае пакараньне. Рост працоўнай эміграцыі, драконаўскія кантракты, якія робяць работнікаў безабароннымі перад воляй адміністрацыі, цалкам залежную судовую сыстэму, несанкцыянаваныя ператрусы і тэлефонныя праслухоўваньні. Толькі адное апісаньне цяперашніх беларускіх рэаліяў расьцягнулася неа 11 машынапісных старонак.

Разхам з ты, імкнучыся да аб'ектыўнасьці, спадар Бэрэнт падкрэсьліў, што беларускія ўлады выказалі гатоўнасьць да перамоваў з апазыцыяй, да правядзеньня дэмакратычных і справядлівых выбараў адпаведна эўрапейскім стандартам, лібэралізавалі выбарчае заканадаўства, выпусьцілі Міхаіла Чыгіра.

Аднак інтанацыя і самога дакладчыка, і шматлікіх удзельнікаў дэбатаў, паказала, што ў Эўропе ніхто ўжо ня верыць у шчырасьць абяцаньняў Аляксандра Лукашэнкі. Нельга падпадаць пад ілюзіі – пераконваў дэпутат з Польшчы Анджэй Велавейскі, – Лукашэнка не зацікаўлены ў перамовах і прагрэсе, рэальная дэмакратыя паставіць пад пагрозу ягоную ўладу, бо ён апэлюе да тых, хто баіцца рэальных рэформаў і зьменаў, таму і тармозіць працэсы, імкнучыся атрымаць дапамогу і ад Расеі, і ад Эўропы. Вось ягоныя матывы, – зазначыў польскі дэпутат.
Яму ж належыць афарыстычнае вызначэньне "Рэжым Лукашэнкі можа прагніць і рухнуць, але мала спадзяваньняў, што ён дэмакратызуецца".

Фэўдальная сыстэма эканамічнага кіраваньня, сталінісцкі таталітарны рэжым – такія азначэньні гучалі ад эўрапейскіх дыпляматаў.

Учора ўвечары сытуацыя ў Беларусі абмяркоўвалася на паседжаньні палітычнага камітэту, і ўдзельнікі дыскусіі вынесьлі адназначнае ўражаньне: у пазыцыі афіцыйнага Менску не адчуваецца гатоўнасьці да перамоваў. Пра гэта, у прыыватнасьці, заявіла дэпутатка з Эстоніі Крыстына Ойланд.

І на слуханьнях у палітычным камітэце, і сёньня на пленарным паседжаньні прысутнічалі дзьве беларускія дэлегацыі – ад прэзыдэнцкага Нацыянальнага Сходу і ад Вярхоўнага Савету. Слова для дакладу атрымалі і Ўладзімер Канаплёў, і Анатоль Лябедзька.

Уладзімер Канаплёў заявіў, што даклад не аб'ектыўны, палітычная і эканамічная сытіуацыя ў Беларусі стабільная, у краіне – проста пераходны пэрыяд, а пазыцыя Рады Эўропы наносіць шкоду справе дэмакратычнага асталяваньня ў Беларусі. Асноўная падзея году, – паведаміў спадар Канаплёў, – свабодныя выбары паводле дэмакратычных стандартаў. Афіцыйны Менск вітае перамовы пад эгідай АБСЭ, аднак тармозіць іх апазыцыя, якая баіцца ісьці на вцыбары. Тут спадар Канаплёў звыкла зьбіўся на асабы, пачаў пералічаць імёны і рэйтынгі апанэнтаў, і, ня ўклаўшыся ў належныя 5 хвілінаў, быў перапынены старшынём.

Атрымаў слова і Анатоль Лябедзька, які выклаў адваротны пункт погляду.

Пра ўспрыняцьце ў Радзе Эўропы дэпутатаў лукашэнкаўскага нацыянальнага Сходу гаворыць красамоўны эпізод. Дэпутат ад Швэйцарыі Клод Фрэй ў сваім выступе зазначыў, што быў шчыра зьдзіўлены тым, што прадстаўнік прызначанага прэзыдэнтам парлямэнту змог зрабіць зьвязны палітычны даклад. Што да сутнасьці, дык на думку Клода Фрэя, даклад, падрыхтаваны Вольфгангам Бэрэнтам занадта мяккі. Мы павінны цьвёрда заявіць Лукашэнку: калі ня будуць выкананыя патрабаваньні Рады Эўропы, Беларусі не бываць у Радзе – заявіў Клод Фрэй.

А сярод гэтых патрабаваньняў, у прыватнасьці, наступныя: вызваліць усіх палітычных зьняволеных, насьвятліць сытуацыю са зьніклымі апанэнтамі рэжыму, спыніць перасьлед з палітычных матываў, забясьпечыць свабоду выказваньняў і свабоду сходаў, гарантаваць доступ апазыцыі да электронных СМІ, супрацоўнічаць з апазыцыяй і з міжнароднымі арганізацыямі ў справе ўсталяваньня дэжмакратычнага плюралістычнага грамадзтва, падрыхтаваць выбарчае заканадаўства, якое забясьпечыла б роўныя выбары і ўзмацняяла ролю парлямэнту. Асобна падкрэсьлена, што прынятае такое заканадаўства павінна быць толькі ў выніку перамоваў з апазыцыяй. Сярод іншых патрабаваньняў згадвалася, ў тым ліку, і абвешчаньне мараторыя на вынясеньне сьмяротных прысудаў і праца ў накірунку адмены сьмяротнага пакараньня.

Адразу скажу, што за пералік гэтых патрабаваньняў прагаласавала абсалютная большасьць дэпутатаў за выключэньнем камуністаў і левых з Расеі і Ўкраіны. Уладзімер Жырыноўскі ў сваім выступе пагразіў, што чяым больш рэзка Рада Эўропы будзе размаўляць з Беларусьсю, тым мацней Беларусь будзе імкнуцца да аб'яднаньня з Расеяй. Аднак гэтую тэзу ніхто ўсур'ёз не абмяркоўваў – яна ня новая.

Адказваючы на закіды ў занадта талерантным і мяккім тоне дакладу асноўны дакладчык Вольфганг Бэрэнт, у прыватнасьці, сказаў:

(Бэрэнт: ) "У якасьці дакладчыка ў беларускім пытаньні я імкнуўся быць максымальна аб'ектыўным, імкнуўся мець як мага больш інфармацыі, каб даць нэўтральнае адлюстраваньне сытуацыі. І галоўнае, на маю думку, дапамагчы працягваць дыялёг паміж рознымі палітычнымі групамі. Я думаю, што хутка будзе новы парлямэнт, абраны ў свабодных выбарах, у якім будуць прадстаўленыя розныя палітычныя сілы".

Асноўным матываам выступаў былі вялікія спадзяваньні на будучыя выбары. Аднак прыняты асобны пункт: "Дэмакратычная законнасьць беларускіх уладаў можа быць усталяваная толькі праз палітычны дыялёг улады і апазыцыі, дыялёг, які павінен прывесьці да дэмакратычных выбараў.

Аднак, сам факт выбараў ніхто не абсалютызуе. Важная працэдура, умовы, у якіх яны праходзілі. Дэпутат ад Нямеччыны Карл Гэнс Хорхуэнс прапанаваў даслаць у Менск адмысловага эмісара Рады Эўроп, які разам зь місіяй АБСЭ будзе сачыць, наколькі дэмакратычным будзе ўвесь выбарчы працэс. Гэтая прапанова была ўхваленая.

Новае ж выбарчае заканадаўства вырашана накіраваць у Вэнэцыянскую камісію, якая складаецца зь міжнародных экспэртаў і вызначае наколькі законы адпавядаюць дэмакратычным нормам. Дарэчы, канстытуцыя лукашэнкі 96 году гэтай ккамісіяй прызнаная не была.

У выніку далейшага маніторынгу будзе вырашана, ці дасылаць на выбары назіральнікаў ад Асамблеі. Пакуль жа статус Беларусі застаецца ранейшым.

XS
SM
MD
LG