Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 студзеня 2000 г.


Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

Гарыньская цэгла калісьці была вядомая на ўсю краіну. Зь яе пабудаваныя многія дамы на цэнтральным праспэкце Менску. Цяпер завод абліцоўна-фасаднае кэрамікі ў пасёлку Гарынь, што на Століншчыне, спынены. Яму пагражае закрыцьцё, а рабочым – звальненьне.

Гарыньскі завод абліцоўна-фасаднае кэрамікі не працуе са сьнежня. Рабочыя адпраўленыя ў вымушаныя адпачынкі. Дзьве траціны ад акладу, якія паводле калектыўнае дамовы ім павінна выплочваць адміністрацыя – не выплочваюцца. На сёньняшні дзень даўгі заводу складаюць 53 мільярды рублёў.

За апошнія некалькі гадоў выраб цэглы ў Гарыні скараціўся амаль у 20 разоў. Сярод асноўных прычынаў – састарэлае абсталяваньне ды значнае зьніжэньне тэмпаў будаўніцтва ў краіне. Ня хочуць купляць гарыньскую цэглу і ў Расеі – чыгуначныя тарыфы, а таксама розьніца ў коштах энэрганосьбітаў робіць яе неканкурэнтаздольнай.

Днямі на ініцыятыву працоўнага калектыву на заводзе адбыўся сход, дзе, акрамя адміністрацыі прадпрыемства, прысутнічалі чыноўнікі зь Міністэрства будаўніцтва й Столінскага раённага выканаўчага камітэту.

Паводле словаў намесьніка начальніка ўправы Міністэрства будаўніцтва Юрыя Барудоўскага, у міністэрстве прынятае рашэньне хадайнічаць перад гаспадарчым судом аб прызнаньні заводу банкрутам. Гэта значыць, што маёмасьць яго будзе распрададзена, і вытворчасьць калісьці знакамітага будаўнічага матэр'ялу ўжо ніколі не адродзіцца, а 163 чалавекі апынуцца на вуліцы.

Ёсьць яшчэ адно выйсьце – прыватызацыя. Знайшліся людзі, якія гатовыя ўкласьці грошы ў прадпрыемства, аднак ня могуць прабіцца праз сьцяну бюракратызму. На словах ня супраць і міністэрскія чыноўнікі, але ўсе баяцца браць на сябе адказнасьць. Намесьнік старшыні раённага выканаўчага камітэту Зельманчук так і сказаў: "Не хачу потым быць крайнім".

Рабочыя (а некаторыя зь іх працуюць на прадпрыемстве больш за 30 гадоў) вінавацяць ва ўсім неахайных дырэктароў, якія, на іхную думку, разрабавалі завод, а цяпер хочуць пазьбегнуць адказнасьці.

Пакуль невядома, які лёс чакае прадпрыемства. З амаль 100 аналягічных прадпрыемстваў, што йснавалі ў Беларусі, 20 ужо зачыненыя, калектывы некаторых звольненыя.

XS
SM
MD
LG