Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 студзеня 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Працэс у справе расейскага бізнэсоўца беларускага паходжаньня Анатоля Селівончыка можа пачацца ў сярэдзіне лютага. Гэтак мяркуе судзьдзя Сьветлагорскага гарадзкога суду Надзея Раманава, якая будзе старшынёй на гэтым працэсе.

У Сьветлагорскім гарадзкім судзе паведамілі, што днямі там атрымалі справу вядомага бізнэсоўца й мецэната з Расеі, беларуса паводле паходжаньня Анатоля Селівончыка.

Сьледзтва ў ягонай справе вялося спачатку Сьветлагорскай, а потым Гомельскай вабласной пракуратураю. Ледзь не паўгады спатрэбілася на тое, каб абгрунтаваць і вылучыць супраць Селівончыка абвінавачваньні адразу паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі. Бізнэсовец з Сургуту абвінавачваецца ў аказаньні супраціву міліцыі, у хуліганскіх дзеяньнях ды ў незаконным пазбаўленьні волі грамадзянаў.

Нагадаю, гаворка йдзе пра падзеі канца чэрвеня мінулага году ў Сьветлагорскім раёне, калі група расейскіх падлеткаў пад выглядам вайсковае гульні захапіла вёску Мікалаеўку. Селівончык, які быў спонсарам гэтага паходу, распавядаў потым сьледчым, што пасьля імітацыі карнай акцыі было зьімітаванае і вызваленьне вёскі Чырвонай Арміяй…

Тое, што пад час гэтых гульняў аказаліся зьняважанымі й зьбітымі больш за дзесяць жыхароў Мікалаеўкі, мецэнат тлумачыў самадзейнасьцю сургуцкіх юнакоў. Паводле ягоных словаў, у плянах гульні не было пазбаўляць кагосьці волі – проста зьбіраліся папужаць мясцовых п'яніцаў.

Што тычацца аказаньня супраціву міліцыі, то гэты эпізод тычыцца ўжо падзеяў у Бабруйску праз два дні пасьля захопу Мікалаеўкі. Там у вайсковай частцы, дзе спыніліся юнакі з Сургуту, іх нечакана заблякавала мясцовая міліцыя. Селівончыку было загадана ехаць у міліцыю на разьбіральніцтва, аднак, паводле сьледчых, ён аддаў загад юнакам прарывацца праз заслону АМАПаўцаў.

Расейскі бізнэсовец гэта зараз абвяргае. Ён кажа , што бабруйскія міліцыянты самі справакавалі супраціў, пачаўшы жорстка зьбіваць расейскіх юнакоў, журналістаў і нават вэтэранаў, якія ўдзельнічалі ў паходзе.

Судзьдзя Надзея Раманава, якой даручана быць старшынёю на працэсе, мяркуе, што працэс можа пачацца ўжо ў сярэдзіне лютага. Яна паведаміла, што паводле інкрымінаваных Селівончыку артыкулаў яму пагражае ад трох да сямі гадоў пазбаўленьня волі.

Разгляд справы Селівончыка здольны прынесьці нямала нечаканасьцяў. Супярэчлівымі зьяўляюцца і асоба абвінавачванага, і падзеі, што адбываліся летась на Сьветлагоршчыне, і дачыненьне да іх беларускіх уладаў.

Анатоль Селівончык, напрыклад, нямала зрабіў дзеля падтрымкі беларускае культуры. Ён быў сярод тых, хто даў грошы на выраб копіі беларускае сьвятыні – крыжа Эўфрасіньні Полацкай. Выдаткоўваў ён сродкі й на выданьне беларускіх кніг, ад якіх адмаўляліся ў дзяржаўных выдавецтвах. Праўда, адначасова ён быў спонсарам і сумніўных з пункту гледжаньня апазыцыі акцыяў.

Адно зь іх – прыезд у Беларусь сургуцкіх юнакоў з паўвайсковай школы "Беркут". Між тым, сярод некаторых высакапастаўленых беларускіх чыноўнікаў гэтая ініцыятыва атрымала падтрымку, пра што сьведчыць перапіска "беркутаўцаў" зь беларускімі ўладамі.

Спачатку віталася гэтая экспэдыцыя і сьветлагорскімі ўладамі, якія далі дазвол свайму земляку правесьці ў раёне вайсковую гульню. Ініцыятыва неразборлівага мецэната ўпісвалася ў інтэграцыйную палітыку, і таму на свавольствы расейцаў спачатку глядзелі скрозь пальцы. Але расейскія госці гэтак разыйшліся, што справа дайшла да скандалу.

У выніку адказным за ўсё вырашана зрабіць Селівончыка. Відаць, згадалі ня столькі пра захоп Мікалаеўкі, колькі пра грашовую дапамогу некаторым акцыям апазыцыі. Але стасункі з апазыцыяй у Селівончыка таксама напружаныя: яму не даруюць удзел у інтэграцыйных гульнях.

А днямі стала вядома, што зь Селівончыкам спыніла кантракт вядомая адвакатка Вера Страмкоўская. Паводле ейных словаў, яна "вычарпала рэсурс зносінаў з гэтым чалавекам". Хто будзе абараняць Селівончыка ў працэсе, ён пакуль не назваў…

XS
SM
MD
LG