Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 студзеня 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

Нацыянальны выканаўчы камітэт – ценявы ўрад Беларусі – сёньня вырашыў зьвярнуцца ў Арганізацыю Аб'яднаных Нацыяў з просьбаю дапамагчы ў справе ліквідацыі наступстваў Чарнабольскае катастрофы.

Паводле разьлікаў групы навукоўцаў на чале зь Інакенціем Плюсьніным, за 30 год пасьля Чарнобыльскае катастрофы Беларусь страціць 235 мільярдаў даляраў.

30 год – тэрмін не выпадковы: гэта пэрыяд паўраспаду цэзію – асноўнага элемэнту, які забруджвае тэрыторыю краіны. Простая арыфмэтыка паказвае – на ліквідацыю наступстваў трагедыі патрэбна каля васьмі мільярдаў штогод.

Але ў афіцыйных асобаў свае падлікі. Напрыклад, Іван Кенік – старшыня Дзяржкамчарнобылю, сьцьвярджае, што быў бы задаволены, калі б меў магчымасьць атрымліваць штогод на патрэбы свайго ведамства хаця б адзін мільярд даляраў.

Але ні 30, ні тым больш 235 мільярдаў даляраў Беларусь самастойна выдаткаваць на гэтыя мэты ня можа. Разьлічваць на дапамогу Ўкраіны, на тэрыторыі якой знаходзіцца Чарнобыльская атамная станцыя, безсэнсоўна. Дарэчы, як і на дапамогу Расеі, якая зьяўляецца правапераемніцаю Савецкага Саюза. І адная, і другая дзяржавы самі залежаць ад замежных крэдытаў.

Таму прафэсар Георгі Лепін, старшыня Беларускага камітэту "Рэха Чарнобылю" Ўладзімер Раманоўскі ды іншыя, выступаючы на сёньняшьнім паседжаньні Нацыянальнага выканаўчага камітэту, казалі пра тое, што па дапамогу трэба зьвяртацца да міжнародных арганізацыяў, і найперш да Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў.

Аднак, ці не занадта позна яны спахапіліся? Прафэсар Лепін лічыць: паколькі наступствы Чарнобылю будуць доўжыцца стогодзьдзямі, тэрміна даўнасьці тут не йснуе.

Зварот у ААН патрабуе стараннай падрыхтоўкі. Зыходзячы з гэтага, удзельнікі сёньняшьняга паседжаньня вырашылі стварыць адмысловую групу, у якую ўвайшлі спэцыялісты ў ядравай энэргетыцы, ахове здароўя, сельскай гаспадарцы, міжнародным праве ды іншых галінах. Ім і даручана распрацаваць адпаведныя дакумэнты.

Адначасова прафэсар Лепін паведаміў, што на дзьвюх атамных станцыях на тэрыторыі Хмяльніцкай і Ровенскай вобласьцяў Украіны маюць намер пабудаваць некалькі новых блёкаў. Адна з гэтых станцыяў знаходзіцца на адлегласьці 70, другая – 150 кілямэтраў ад беларускай мяжы. Таму, лічыць спадар Лепін, бяз дазволу беларускага боку рабіць такія захады недапушчальна.

Ценявы ўрад даў даручэньне камітэту ў справе ліквідацыі наступстваў чарнобыльскае трагедыі падрыхтаваць дзеля абмеркаваньня і гэтае пытаньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG