Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 студзеня 2000 г.


Юры Дракахруст, Менск

Сёньня сябры Каардынацыйнае рады апазыцыі атрымалі ліст ад кіраўніка групы АБСЭ, у якім Выбарчы кодэкс, прыняты учора "Палатаю прадстаўнікоў", падвергнуты зьнішчальнай крытыцы. Самі прадстаўнікі апазыцыі вельмі нэгатыўна ацэньваюць як зьмест кодэксу, гэтак і сам факт яго прыняцьця без ўзгадненьня з апазыцыяй.

У лісьце Ганса-Георга Віка выкладзены цэлы шэраг прэтэнзіяў да кодэксу. Паводле ягонага меркаваньня, не забясьпечанае прадстаўніцтва ў выбарчых камісіях розных палітычных сілаў; кодэкс дае магчымасьць выканаўчае ўладзе кантраляваць камісіі; не вызначаная працэдура абскарджваньня рашэньняў Цэнтарвыбаркаму.

Кодэкс, лічыць кіраўнік групы АБСЭ, утрымлівае істотныя абмежаваньні на вядзеньне перадвыбарчае кампаніі і ставіць невыканальныя ўмовы для збору подпісаў у падтрымку кандыдата.

У лісьце спадара Віка адзначаецца, што кодэкс шмат у чым супярэчыць Канстытуцыі 1996 году (маецца на ўвазе лукашэнкавая Канстытуцыя), а таксама парушае міжнародныя абавязкі краіны.

А вось як ацэньвае рашэньне "Палаты прадстаўнікоў" экс-сьпікер парлямэнту, адзін зь лідэраў Сацыял-дэмакратычнае партыі Мечыслаў Грыб.

(Грыб: ) "Па-першае, яна прыняла гэты кодэкс, буду казаць закон, недэмакратычны і не ўлічыла прапановы апазыцыі і кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ. Так ужо адбылося як адбылося. Не ўлічыла тое, што было прапанавана прыняць закон аб выбарах як вынік перамоваў паміж уладамі і апазыцыяй. Але гэтыя перамовы не адбыліся, яны практычна спыненыя на кансультацыях".

Спадар Грыб нагадаў, што кодэкс, прыняты "Палатаю прадстаўнікоў", павінен быць зацьверджаны "Саветам Рэспублікі" й падпісаны кіраўніком дзяржавы. На думку Грыба, нават калі закон будзе падпісаны, гэта ня можа быць падставаю дзеля адмовы ад перамоваў, у тым ліку й наконт выбарчага заканадаўства.

У закон, адзначыў экс-сьпікер, можна ўносіць зьмены да таго часу, пакуль не аб'яўленыя выбары. Мечыслаў Грыб выказаў свае пярэчаньні наконт прынятага кодэксу: ён прадугледжвае выключна мажарытарную сыстэму выбараў, што дае перавагі прадстаўнікам улады; у кодэксе не замацаваныя правы наглядальнікаў, не прадугледжаныя індывідуальныя грашовыя фонды кандыдатаў.

Наконт магчымага адказу апазыцыі на крок уладаў Мечыслаў Грыб мяркуе наступнае:

(Грыб: ) "Як да гэтага паставіцца нашая апазыцыя, палітычныя партыі, мне цяжка сказаць. Калі яны будуць прытрымлівацца той заявы, якую яны зрабілі, гэта было б цікава. Я думаю, гэта – даволі выгадная пазыцыя. Можна было б пра нешта размаўляць. А калі разыдуцца ў сваіх падыходах і поглядах, адны скажуць, што іх гэта задавальняе, яны пойлуць на выбары, другія скажуць, што іх гэта не задавальняе, яны ня пойдуць на выбары, тады гэта будзе на руку толькі ўладам".

Гэта было меркаваньне Мечыслава Грыба. Такім чынам, экс-сьпікер выступае за тое, каб апазыцыя пакуль не прымала канчатковага рашэньня.

Іншыя – камуністы Калякіна й лібэрал-дэмакраты Гайдукевіча – робяць празрыстыя намёкі на тое, што будуць браць у выбарах удзел. Ёсьць партыі, якія прынцыпова супраць удзелу ў выбарах да таго часу, пакуль Лукашэнка захоўвае ўладу. Такога меркаваньня прытрымліваецца, да прыкладу, Беларускі Народны Фронт, які ўзначальвае Пазьняк. На пытаньне пра рашэньне "Палаты прадстаўнікоў" адзін з кіраўнікоў Фронту Юрась Беленькі адказаў:

(Беленькі: ) "Чаму вынік заканамэрны? Камуністы і фашысты праз выбары ўладу не аддаюць. Не было яшчэ такіх аналёгіяў у сьвеце, каб такія рэжымы арганізавалі дэмакратычныя выбары і далі магчымасьць, нават гіпатэтычную, узяць уладу".

Гаварыў адзін з кіраўнікоў БНФ пад кіраўніцтвам Пазьняка Юрась Беленькі.

Сёньня старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына правяла прэсаваю канфэрэнцыю, на якой паспрабавала адказаць на крытыку кодэксу, прынятага "Палатаю прадстаўнікоў".

Спадарыня Ярмошына лічыць безпадстаўным патрабаваньне, каб у выбарчых камісіях былі прадстаўленыя розныя палітычныя партыі. Яна падкрэсьліла, што закон патрабуе, каб сябры Цэнтарвыбаркаму былі незалежнымі й абароненымі ад палітычных маніпуляцыяў, і з гонарам заявіла, што сябры цяперашняга Цэнтарвыбаркаму ўсе незалежныя і беспартыйныя. У незалежнасьці выбаркамаўцаў, прызначаных Лукашэнкам і палатамі "Нацыянальнага сходу", сапраўды, няма аніякага сумневу.

"Заканадаўства ня ведае слова "апазыцыя" і ня можа яго ведаць", – сказала Ярмошына. Разам з тым яна заявіла, што Цэнтарвыбаркам распрацуе інструкцыю, у адпаведнасьці зь якой у выбарчых камісіях ніжэйшага ўзроўню ня менш як траціну павінны складаць прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў.

Спадарыня Ярмошына, як і спадар Грыб, нагадала, што нават пасьля зацьвярджэньня Кодэксу кіраўніком краіны да абвяшчэньня выбараў у яго могуць быць ўнесеныя пэўныя зьмены. Ня выключана, што такім чынам робіцца намёк на магчымасьць саступак. Працэс перамоваў з апазыцыяй яшчэ не пачынаўся, працэс гандлю з Захадам працягваецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG