Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 студзеня 2000 г.


Вольга Караткевіч, Прага

(эфір 21 студзеня)
Старшыня Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне" Зянон Пазьняк выступіў са зваротам да палітычных арганізацыяў і людзей добрай волі, у якім выказвае глыбокую заклапочанасьць лёсам Чачні і Беларусі. Інтэрвію Зянона Пазьняка…

"Увесь сумленны сьвет, – гаворыцца ў звароце, – мусіць быць салідарны з чачэнскім народам. Свабодалюбны, шматпакутны чачэнскі народ, што стаў ахвярай расейскай агрэсіі, абараняе асноўныя каштоўнасьці чалавека – жыцьцё, свабоду, Бацькаўшчыну. Чачэнскі народ на сваёй спрадвечнай зямлі, бароніць ад расейскіх калянізатараў і акупантаў. Уся праўда і ўсё права – Боскае і чалавечае – на баку чачэнцаў. Я зьвяртаюся да сумленных людзей і да палітычных арганізацыяў і заклікаю выступіць зь ініцыятывай падтрымкі шматпакутнай Чачэніі і яе змагароў за свабоду. Чачэнскім салдатам патрэбная зброя і боепрыпасы, чачэнскай арміі – добраахвотнікі ўсяго сьвету, чачэнскім уцекачам – лекаваньне, лекі, жыльлё, усёй Чачэніі – мір і незалежнасьць. Неабходна арганізаваць ціск на парлямэнты і ўрады краінаў і прымусіць іх пачаць рэальныя дзеяньні ў справе абароны чачэнскага насельніцтва ад вынішчэньня, у справе спыненьня расейскай агрэсіі. Сьвет ня можа бязьдзейнічаць…"

(Карэспандэнт: ) "Спадар Зянон, чаму Вы так катэгарычна гаворыце пра недальнабачнасьць Захаду, у той час як Эўрапейская камісія выдае мільёны экю для гуманітарнай дапамогі Чачні, Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы ўздымае пытаньне пра прыпыненьне сяброўства Расеі ў гэтай арганізацыі. Заходнія палітыкі адкрыта гавораць, што гэта – жорсткая, крывавая вайна. Чаму Вашая ацэнка ролі Захаду ў чачэнскім канфлікце такая катэгарычная? На Вашую думку, як яшчэ, апроч спыненьня крэдытаваньня, Захад можа паўплываць на Расею?"

(Пазьняк: ) "Я так катэгарычна выказаўся, таму што я лічу, што я ведаю Захад. За амаль 5 гадоў знаходжаньня тут і кантактаў палітыкаў у мяне склалася даволі пэўнае ўяўленьне аб іхным разуменьні сытуацыі на ўсходзе. Вайна ў Чачні пачалася ня сёньня. Яна пачалася ў 1994 годзе. Захад не рабіў гэтых высноваў. Для таго, каб пачаць рабіць высновы, трэба, каб загінулі мільёны чалавек, каб загінулі дзесяткі тысячаў. Каб пачалі ўжываць хімічную зброю. Вось тады пачынаецца рэакцыя.

Аналягічная палітыка і ў дачыненьні да Беларусі. Пакуль не страляюць, пакуль людзі ня гінуць, можна маўчаць. Захад меў усе магчымасьці, каб паўплываць на пазыцыю Расеі яшчэ і на стамбульскім спатканьні, і перад гэтым. Захад у гэты час, калі даваў крэдыты і дае па сёньняшні дзень, падтрымліваючы яе маральна і палітычна. Хаця ўсе цудоўна разумеюць, што рускія робяць у Чачэніі тое, што сэрбы рабілі ў Косаве. Такі двайны стандарт ня можа не абураць.

Захад мае вялікі досьвед ХХ стагодзьдзя. Але з гэтага досьведу ня зроблена ніякіх высноваў. Так была здадзеная Аўстрыя, Чэхаславаччына, Польшча, потым была Ялта, Тэгеран, халодная вайна. Зараз ідзе выпрабаваньне цярпеньня Захаду з выкарыстаньнем малой краіны. Калі Захад праглыне зьнішчэньне Чачэніі, то наступнай будзе Беларусь, Літва і па парадку. Так было ўжо ў 1-й палове 20-га стагодзьдзя. Расея не зьмянілася, цягам тысячы гадоў яна не зьмянілася. У гэтай сытуацыі надзея толькі на грамадзкасьць, на сумленных людзей".

(Карэспандэнт: ) "Учора ў нашай праграме было інтэрвію з дырэктарам Інстытуту ўсходніх дасьледаваньняў Маркам Карпам, які заявіў, што цяперашняя герархія каштоўнасьцяў, гэта не сувэрэнітэт краіны, але правы чалавека, правы асобы, правы людзей. На вашую думку, наколькі слушная такая заява?"

(Пазьняк: ) "Ніякіх ня можа быць правоў для чалавека, калі няма свабоды для народа. Калі існуе генацыд, калі вынішчаецца народ, пра якія правы чалавека вы можаце гаварыць. Правы чалавека тады, калі створаныя ўмовы для ажыцьцяўленьня гэтых правоў. Народ павінен мець сваю дзяржаву і быць свабодным у сваёй дзяржаве. Ён павінен жыць тавк, як ён хоча".

(Карэспандэнт: ) "Вы гаворыце пра тое, што наступнай можа быць Літва. Мне здаецца, што краіны Балтыі ўжо настолькі далёкія ад гэтай пагрозы…"

(Пазьняк: ) "Гэта глыбокая памылка. Аншлюс Беларусі – цяпер рэальнасьць, расьцягнутая ў часе. І гэтая рэальнасьць будзе вельмі хутка рэалізаваная, калі будзе зьнішчаная Чачэнія. Так што лёс Беларусі і лёс Летувы вырашаецца там. Пасьля Беларусі застанецца Летува, а пасьля Летувы – Украіна і ўся ўсходняя Эўропа. Нельга легкадумна адносіцца да цяперашняй ваеннай дактрыны Расеі. Захад павёў вельмі памылковую палітыку ў дачыньнені да Расеі. Ілюзія, што Расея будзе дэмакратычнай краінай і ілюзія, што гэта будзе краіна стабільная, што гэта краіна будзе саюзьнікам захаду – ня будзе яна ніколі саюзьнікам захаду. Расея – гэта не захад. Гэта не ўсход і не захад, там няма ніякіх дэмакратычных традыцый, там няма патрэбы ў дэмакратыі, і гэта даказала нават расейская эліта. Эліта расейская няздольная ўзяць на сябе адказнасьць за будучыню сваёй дзяржавы і нацыі".

(Карэспандэнт: ) "Наколькі я ведаю, у Польшчы рэгулярна адбываюцца акцыі ў падтрымку Чачні, супраць расейскай вайны ў Чачні. А вось у Беларусі ствараецца камітэт падтрымкі Чачні, толькі ствараецца, хаця гаворыцца пра тое, што, як калісьці вы казалі, а цяпер гэта ў Беларусі паўтараюць, што чачэнцы змагаюцца і за нашую незалежнасьць. Але чаму такая пасіўнасьць у Беларусі, на вашую думку? І чаму расейская эліта так ганебна маўчыць? Ці ёй проста не даюць выказацца?"

(Пазьняк: ) "Расейская эліта так ганебна маўчыць, таму што такая яе прырода. Гэта эліта адносна Расеі, але не эліта адносна Эўропы. Яны ня думаюць па-эўрапейску, яны думаюць па-расейску. Гэта проста інтэлектуальны ўзровень імпэрскай ідэалёгіі.

Беларускае насельніцтва хранічна пазбаўленае інфармацыі. Таму што інфармацыя дае магчымасьць чалавеку выбіраць і думаць. Беларускае грамадзтва ня здольнае нават разабрацца з сабой, яно ня здольнае сябе абараніць, каб зразумець сытуацыю ў Чачэніі. Для гэтага трэба быць эўрапейскім чалавекам, сьведамым, зь веданьнем гісторыі, зь веданьнем і разуменьнем, што такое нацыя, што такое грамадзтва, чаму павінна быць нацыянальная дзяржава, а якое гэта дабро для кожнага чалавека… Калі гэтае разуменьне ёсьць, як ёсьць яно ў палякаў, тады яны салідарныя з тымі людзьмі, ад якіх адбіраюць правы – нацыянальныя і чалавечыя".

Гутарыла

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG