Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 25 студзеня 2000 г.


Мікола Іваноў, Прага

Заўтра Рада Эўропы на сваім пленарным паседжаньні будзе абмяркоўваць беларускае пытаньне. Напярэдадні камісія замежных справаў Эўрапейскага парлямэнту ў справе Беларусі правяла дыскусію. Аб тым, якія вынікі гэтага паседжаньня і якія рэкамэндацыі даў парлямэнт Радзе Эўропы па тэлефоне са Страсбургу расказала Міколе Іванову віцэ-старшыня камісіі Эўрапарлямэнту ў справе адносінаў з Беларусьсю, Украінай і Малдовай Элізабэт Шродтэр.

Элізабэт Шродтэр паінфармавала мяне, што падчас ўчорашняга абмеркаваньня сытуацыі ў Беларусі на паседжаньні камісіі Эўрапейскага парлямэнту дэпутаты эўрапейскага форуму выказалі сваё заклапочаньне сытуацыяй у Беларусі, адсутнасьцю прагрэсу у перамовах паміж ўладамі і апазыцыяй пры пасярдніцтве місіі АБСЭ. У сувязі з гэтым камісія накіравала свае рэкамэндацыі Радзе Эўропы прыняць рэзалюцыю, якая б асуджала дзеяньні беларускіх уладаў. Вось як Элізабэт Шродтэр схарактарызавала ўчорашні дзень працы камісіі эўрапарлямэнту.

(Шродтэр: ) "У галіне аднаўленьня дэмакратыі ў Беларусі няма ніякіх зьменаў, і няма пасоўваньня наперад. Я прывяду адзін прыклад. На перамовах паміж ўрадам і апазыцыяй пры пасярэдніцтве Арганізацыі Бяспекі і Супрацоўніцтва ў Эўропе была дасягнутая дамоўленасьць пра доступ апазыцыі да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Але раптам Лукашэнка прыпыніў рэалізацыю гэтага пагадненьня. Мы не можам мець нармальныя адносіны зь Беларусьсю таму, што там няма ніводнай дэмакратычна абранай установы, зь якой Эўрапейскі парлямэнт мог бы супрацоўнічаць. І мы не падтрымліваем. Мы ня маем партнэра ў Беларусі".

Сярод думак, якія выказваліся ўчора на абмеркаваньні беларускага пытаньня ў Эўрапарлямэнце, было меркаваньне аб неабходнасьці яшчэ большага ўстрыманьня ад кантактаў з Беларусьсю на афіцыйным узроўні. Магчыма, што і гэтае патрабаваньне знойдзе сваё адлюстраваньне ў рэзалюцыі Рады Эўропы. Элізабэт Шродтэр расказвае:

(Шродтэр: ) Мы ня маем ніякіх афіцыйных адносінаў з Беларусьсю. Толькі нашыя эколягі крыху супрацоўнічаюць з беларускімі ўладамі. І мы атрымліваем ад іх адпаведную інфармацыю. Мы ж ад моманту рэфэрэндуму разарвалі ўсе афіцыйныя адносіны. Таму што наш магчымы партнэр – дэмакратычна абраны парлямэнт – адсутнічае ў Беларусі".

Ход абмеркаваньня беларускага пытаньня ў Эўрапарлямэнце мае, бясспрэчна, вельмі істотнае значаэньне. Але наколькі ягоныя вынікі могуць паўплываць на пастанову Рады Эўропы? На гэтае пытаньне Элізабэт Шродтэр выказала наступную думку:

(Шроедтэр: ) "У галіне разьвіцьця дэмакратыі мы супрацоўнічаем з Радай Эўропы. Мы разам вырашаем справу выдзяленьня сродкаў на разьвіцьцё дэмакратыі ў Беларусі. Мы ажыцьцяўляем розныя праекты ў гэтай галіне. Але Рада Эўропы свім імем як бы фірмуе гэтыя праекты. Яна як бы мае больш актуальную інфармацыю ў справе пэрспэктываў разьвіцьця дэмакратыі ў Беларусі. Рада Эўропы мае вырашальнае слова ў галіне канкрэтных праектаў у Беларусі".

І на заканчэньне нашай размовы з Элізабэт Шродтэр я зьвярнуўся да яе із просьбай пракамэнтаваць нядаўняе прыняцьцё новага выбарчага кодэксу ў Беларусі. Ці выпадкова ягонае прыняцьцё прымеркаванае якраз да моманту абмеркаваньня беларускага пытаньня на форуме Рады Эўропы? Ці, можа, ён сымбалізуе сабой нейкі паварот беларускіх уладаў да дэмакратыі? Элізабэт Шродтэр адказвае:

(Шродтэр: ) "Гэта абсалютна тое самае, што і справа доступу апазыцыі да сродкаў масавай інфармацыі. Як толькі Лукашэнку ў гэтым законе нешта не спадабаецца, ён можа ў любы момант прыпыніць дзеяньне гэтага закону. І ў сувязі з падобнай сытуацыяй Беларусь робіцца ўсё больш і больш ізаляванай на міжнароднай арэне. І калі мы параўнаем з Беларусьсю развіцьцё яе краінаў-суседзяў, дык робіцца відавочнаю вялікая розьніца. Нядаўна я наведала Кіеў. Украіна, зразумела, мае вельмі шмат уласных праблемаў. Але за апошні час яна зрабіла вельмі вялікі крок наперад у галіне разьвіцьця дэмакратыі. І ў мяне склалася вельмі пазытыўнае ўражаньне пра Украіну".

З віцэ-старшынёй камісіі Эўрапейскага Парлямэнту ў справе адносінаў з Беларусьсю, Украінай і Малдовай Элізабэт Шродтэр гутарыў

XS
SM
MD
LG