Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 студзеня 2000 г.


Вашынгтон, 24 студзеня 2000 году

Заява Дзяржаўнага Дэпартамэнту Злучаных Штатаў Амэрыкі ў справе Беларусі "Беларусь: параза законнасьці".

Апошнія падзеі ў Беларусі сымбалізуюць сабой працяг рэпрэсіяў і далейшае пагаршэньне пэрспэктываў вырашэньня канстытуцыйнага і палітычнага крызысу ў краіне. 19 студзеня 2000 году распачаўся судовы працэс над былым прэм'ер-міністрам Міхаілам Чыгіром.
Супраць Чыгіра, які правеў 9 месяцаў у зьняволеньні, былі высунутыя палітычна матываваныя абвінавачаньні ў сакавіку 1999 году пасля таго, як ён высунуў сваю кандыдатуру на прэзыдэнцкіх выбарах. 14 студзеня 2000 году былы міністар сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў, які правеў у зьняволеньні каля 2 гадоў, быў засуджаны да чатырох гадоў турмы на падставе сфабрыкаваных абвінавачаньняў. Як і ў выпадку Чыгіра, так і ў справе Лявонава адзінай віной абвінавачанага была нязгода з палітыкай рэжыму Лукашэнкі.

Сярод іншых падзеяў адзначым: працяг палітычнага працэсу над былым дэпутатам парлямэнту Андрэем Клімавым, якога жорска зьбілі ахоўнікі ў турме 13 снежня 1999 году; прызнаньне вінаватым маладога актывіста дэмакратычнага руху Яўгена Асінскага за тое, што ён браў удзел у антыўрадавай дэманстрацыі; адмову ўладаў расьсьледаваць справу зьбіцьця юрыста, спэцыяліста ў галіне правоў чалавека Алега Волчака, які падаў скаргу ў справе зьбіцьця яго міліцыяй падчас антылукашэнкаўскай дэманстрацыі 21 ліпеня 1999 году.

Урад ЗША асуджае рост рэпрэсіяў і выказвае сваю падтрымку тым, хто імкнецца да правядзеньня ў Беларусі дэмакратычных рэформаў. Мы патрабуем ад рэжыму Лукашэнкі прыпыніць перасьлед яго палітычных апанентаў.

Гэтыя дзеяньні неабходныя, калі ўлады хочуць, каб дыялёг з апазыцыяй пад эгідай АБСЭ меў бы хоць нейкі шанец на посьпех.

XS
SM
MD
LG