Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 студзеня 2000 г.


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

"Мы мусім актывізаваць абстрэл Грознага. Лепш зьнішчыць места, чым жаўнераў. Іхныя жыцьці больш вартыя, чым разваліны. Ды й у кожным разе наўрад ці нехта зможа тут жыць пазьней", – сказаў адзін зь кіраўнікоў расейскага войска ў Ічкерыі гэнерал Віктар Казанцаў, які цалкам адрынуў магчымасьць расейска-чачэнскіх мірных перамоваў, калі чачэнскі бок не складзе зброю і ня выдасьць тых, каго расейцы вызначылі як вайсковых злачынцаў.

Гэта бадай адзіная несупярэчлівая інфармацыя, якая прыйшла цягам мінулых содняў з тэатру баявых дзеяньняў на Паўночным Каўказе. Усё астатняе поўніцца супярэчнасьцямі, рознымі поглядамі і трактоўкамі.

Яшчэ напрыканцы мінулага тыдня чачэнскі бок паведаміў, што ягоныя жаўнеры паланілі расейскага гэнерала, начальніка аддзела баявой падрыхтоўкі 58 арміі Міхаіла Малафеева. На гэта намесьнік кіраўніка расейскае групоўкі на Паўночным Каўказе Генадзій Трошэв адказаў: "Ён павёў за сабой у бой жаўнераў і загінуў як гэрой". Паводле гэнерала Казанцава, Малафееў быў паранены ў галаву, калі чачэнцы пачалі гранатамётны і мінамётны абстрэл гэтага месца і на групу гэнерала абрынулася сьцяна. Намесьнік кіраўніка 58 арміі, палкоўнік Владзіслав Маржоев сказаў, што Міхаіл Малафеев быў забіты чаргой з аўтамату, калі слухаў даклад камандзёра штурмавой групы. Паводле трэйцяй вэрсіі, гэнерал загінуў у часе разьведкі, калі ягоная група трапіла ў засаду.

У нядзелю расейскія сродкі масавай інфармацыі паведамілі, што цела гэнерала было знойдзенае недалёка ад таго месца, дзе ён загінуў разам са сваім радыстам, сяржантам Шараборыным. Згаданы Гэнадзій Трошэв паведаміў, што ў Маскву накіраваныя паперы для наданьня Міхаілу Малафееву годнасьці "Героя Расеі" пасьмяротна.

Між тым, чачэнскі гэнерал Баўдзі Бакуев наступным чынам пракамэнтаваў расейскія паведамленьні пра лёс гэнерала Малафеева: "Гэта хлусьня! Але нас яна не зьдзіўляе. Расейскія кіраўнікі робяць тое, што рабілі заўсёды. Пуціністы вядуць віртуальную вайну. Жывога чалавека абвяшчаюць мёртвым і, нават, знаходзяць ягоны труп! Потым, калі падман раскрыецца, заявяць, што труп моцна абгарэў, таму гэнерала пераблыталі," – лічыць Бакуеў.

Як паведамляе чачэнскі бок, цяпер цяжка паранены гэнерал Малафеев знаходзіцца ў палявым шпіталі паўстанцаў. У нядзелю расейская авіяцыя бамбавала гэты шпіталь і чачэнскі бок лічыць гэтае бамбаваньне мэтанакіраваным.

Тым часам, названы ўжо расейскі гэнерал Казанцев паведаміў, што прэзыдэнт Ічкерыі Аслан Масхадав паранены і знаходзіцца на тэрыторыі Аргунскай цясьніны. Гэтую інфармацыю абвергнула жонка Масхадава Кусама, якая знаходзіцца ў Інгушэтыі, але мае сталы кантакт з мужам. Пры гэтым Кусама Масхадава сказала карэспандэнту агэнства Reuters: "Мы пераможам, бо нашая справа праўдзівая. Мы не ваюем на чужоў тэрыторыі. Мы абараняем свой народ, які хочуць зьнішчыць".

Сёньняшняя "Boston Globe" (ЗША) зьмяшчае на сваіх старонках артыкул пра парушэньні правоў чалавека на занятай расейцамі чачэнскай тэрыторыі. "Крэмль цьвердзіць, – піша газэта, – што чатырохмесячная ваенная кампанія ў Ічкерыі мае антытэрарыстычны характар і накіраваная на абарону мірнага насельніцтва ад бандытаў. Чачэнскія паўстанцы адказваюць, што яны змагаюцца за вызваленьне сваёй рэспублікі ад расейскіх захопнікаў. Але міжнародная арганізацыя абароны правоў чалавека вінаваціць абодва бакі ў парушэньні правоў цывільнага насельніцтва".

Паводдле газэты, віна чачэнцаў у тым, што яны адваёўваюць густанаселеныя раёны і гэткім чынам выклікаюць расейскае бамбаваньне гэтых тэрыторыяў. Апрача гэтага чачэнцы неаднаразова пагражалі жыхарам населеных пунктаў, якія без супраціву пускалі да сябе расейскае войска, абы пазьбегнуць бамбаваньня.

Расейцы, паведамляе газэта, рабуюць чачэнскія хаты і гвалцяць жанчынаў. Арганізацыя абароны правоў чалавека цытуе паказаньні ў справе згвалтаваньняў, жыхарак Грознага, Шалі і Алхан-Юрту.

"Абодвы бакі павінны зрабіць крокі, каб абмежаваць уплыў вайны на жыцьцё цывільнага насельніцтва, чаго патрабуюць правілы вядзеньня баявых дзеяньняў", – робяць выснову праваабаронцы на старонках сёньняшняй "Boston Globe".

Што ж да баявых дзеяньняў, то расейскае кіраўніцтва цьвердзіць пра свой кантроль над Старапрамыслоўскім раёнам Грознага, дзе тым ня менш ідуць баі. Ранейшае паведамленьне пра захоп плошчы Мінутка – цэнтру чачэнскай сталіцы – цяпер абвергнулі самі ж расейцы, калі паведамілі, што баі ў раёне плошчы працягваюцца.

І апошняе. Чачэнская Рэспубліка Ічкерыя адчыніла сваё пасольства ў Афганістане. Учора ж на тэрыторыі Чачні ракетай клясу "Стынгер" быў зьбіты расейскі самалёт. Зрэшты, і гэтае паведамленьне расейскі бок адрынуў, калі сказаў, што ўсе ягоныя самалёты вярнуліся на базу.

XS
SM
MD
LG