Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 студзеня 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

Сёньня ў Менску распачала працу міжнародная канфэрэнцыя пад назовам "Гэбрайская цывілізацыя Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропы".

Гэты трохдзённы навуковы форум супольна наладзілі Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, Міжнародны гуманітарны інстытут, Гэбрайскі ўнівэрсытэт, Амэрыканскі аб'яднаны гэбрайскі разьмеркавальны камітэт "Джойнт" ды амбасада дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь.

Па выніках нядаўняга перапісу жыхарства ў Беларусі цяпер жыве меней за 30 тысячаў гэбраяў. І тым ня менш, арганізатары нагэтулькі прадстаўнічай міжнароднай імпрэзы выбралі мейсцам ейнага правядзеньня Менск. Вось як нашаму радыё патлумачыў гэтае рашэньне прадстаўнік Амэрыканскага аб'яднанага разьмеркавальнага гэбрайскага камітэту "Джойнт" Ёнахан Порах:

(Порах: ) "Менск быў цэнтрам гэбрайскага народу, гэбрайскае цывілізацыі ў гэтым рэгіёне на працягу вельмі даўгога часу. Мы мяркуем, што цяпер адбываецца адраджэньне Менску ў гэтай якасьці. Таму я прыехаў сюды на гэтую канфэрэнцыю і на адкрыцьцё Міжнароднага гуманітарнага істытуту.

Думаю, што гэты факт вельмі важны для беларускага народу й для беларускае дзяржавы. Ужо набраны першыя 60 студэнтаў інстытуту, яны вучацца стацыянарна й займаюцца таксама навуковай працаю. Гэты інстытут стане цэнтрам вывучэньня юдаістыкі ў Беларусі, а гэтая тэма важная для ўсіх народаў краіны", – сказаў прадстаўнік Амэрыканскага аб'яднанага разьмеркавальнага гэбрайскага камітэту "Джойнт" Ёнахан Порах.

Гэты аспэкт падкрэсьліў, адкрываючы канфэрэнцыю, і рэктар новае навучальнае ўстановы Зэлік Пінхасік. Ён акцэнтаваў увагу прысутных на тое, што Ўсходняя ды Цэнтральная Эўропа была даўгі час мейсцам найбольш шчыльных гэбрайскіх асяродкаў. І ў час, калі пачалася масавая эміграцыя гэбраяў з былога СССРу, то бальшынёю эмігрантаў у многіх краінах сьвету сталі выхадцы зь Беларусі.

І некаторыя зь іх зрабілі прадметам свайго навуковага зацікаўленьня менавіта гісторыю ды культуру гэбрайскае дыяспары ў краіне свайго былога пражываньня. Тэма, якая на думку спадара Пінхасіка, складае вялікі прабел ў сучаснай юдаістыцы.

Часткова гэты прабел закліканыя запоўніць адмыслоўцы, якіх будзе рыхтаваць Міжнародны гуманітарны інстытут. Спадар Пінхасік, адкрываючы канфэрэнцыю, асабліва падкрэсьліў той момант, што інстытут гэты атрымаў дзяржаўны статус і ён будзе працаваць у структуры Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.

Што ж тычна зьместу распачатае канфэрэнцыі, то, як абачліва папярэджваў на яе пачатку адзін з арганізатараў, думкі будуць выказаныя самыя супярэчлівыя і таму важна весьці ня спрэчкі, а дыялёг.

Даклад першае выступоўцы, расейскае дасьледніцы Вікторыі Мачалавай, засьведчыў невыпадковасьць такога папярэджаньня, бо многія, выказаныя ёю тэзы, выклікалі, мякка кажучы, зьдзіўленьне…

Напрыклад, сярэднявечную нашу дзяржаву яна адназначна называла Польшчаю, нутраную ейную палітыку ў вадносінах да гэбрайскага насельніцтва – нэгатыўнай, а славутага беларускага асьветніка Сымона Буднага – Шымонам.

Тэзы, якія патрабуюць ужо нават не навуковай апанэнцыі, а рашучага аспрэчваньня. Праўда, мяркуючы па прысутных у залі, зрабіць гэта ня будзе каму. Беларускія навукоўцы ня выявілі актыўнага інтарэсу да тэмы канфэрэнцыі. А шкада.

XS
SM
MD
LG