Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 студзеня 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

Да сямі сутак адміністрацыйнага арышту асуджаны Фрунзенскім судом Менску старшыня барысаўскай гарадзкой арганізацыі Сацыял-дэмакратычнае партыі "Народная Грамада" Аляксандар Абрамовіч за несанкцыянаваны пікет ля будынку гарадзкога суда ў падтрымку Міхала Чыгіра.

Старшыня барысаўскае гарадзкой арганізацыі Сацыял-дэмакратычнае партыі "Народная Грамада" Аляксандар Абрамовіч утрымліваецца ў спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна. Ён быў асуджаны Фрунзэнскім судом да сямі сутак адміністрацыйнага арышту.

19 студзеня Аляксандар Абрамовіч прыехаў у Менск з Барысава, каб прысутнічаць на судовым паседжаньні ў справе экс-прэм'ера Міхала Чыгіра. У той дзень ля будынку гарадзкога суду сабралася вялікая колькасьць людзей, якія жадалі трапіць у залю.

Супрацоўнікі міліцыі ачапілі судовы будынак і спрабавалі перакрыць уваход. Частка людзей здолела прабіцца ў будынак, астатнія засталіся чакаць на вуліцы. Пад час гэтых падзеяў Аляксандар Абрамовіч разгарнуў плякат з патрабаваньнем спыніць судовы перасьлед Міхала Чыгіра.

Яго адразу схапілі міліцыянты, кінулі ў машыну й адвезьлі ў Фрунзэнскі РАУС. Там на яго быў складзены пратакол паводле артыкулу 167 Адміністрацыйнага кодэксу (парушэньні пад час правядзеньня масавых акцыяў). У той жа дзень Аляксандра Абрамовіча міліцыянты даставілі ў Фрунзэнскі суд, дзе ён быў пакараны сямю суткамі адміністрацыйнага арышту. Толькі ўначы 20 студзеня міліцыянты даставілі яго ў спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік на вуліцы Акрэсьціна.

Пра тое, што Аляксандар Абрамовіч там знаходзіцца, стала вядома толькі ў нядзелю ўвечары, калі яго пачалі шукаць сваякі. Гэта тлумачыцца тым, што не было сьведкаў затрыманьня.

Лявон Дзейка, кіраўнік прэсавае службы "Народнае Грамады" паведаміў нашаму радыё:

(Дзейка: ) "Аляксандар Абрамовіч добра вядомы дэмакратычнай грмадзкасьці ня толькі ў Барысаве, але й практычна і па ўсёй Беларусі. Ён са сваёй арганізацыяй праводзіць актыўныя мерапрыемствы ў горадзе Барысаве. Прычым, пасьля таго, як прэзыдэнт Лукашэнка згубіў сваю легітымнасьць пачынаючы з 21 ліпеня 1999 года, яны ня лічаць патрэбным зьвяртацца да ўлады з заяўкай для правядзеньня таго ці іншага пікету ў сябе ў Барысаве. І за гэты час, пачынаючы з сярэдзіны гэтага лета, Аляксандар Абрамовіч разам са сваімі паплечнікамі правёў цэлы шэраг пікетаў, пратэстаў, найперш, прысьвечаных абароне сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусь, у падтрымку Міхаіла Чыгіра с патрабаваньнямі спыніць яго судовы перасьлед.

Як правіла гэтыя ўсе пікеты заканчваюцца затрыманьнямі, дастаўкай іх у гарадзкі аддзел унутраных справаў, судовым разборам і адміністрацыйным арыштам. Тым ня менш, Аляксандар Абрамовіч не палохаецца судовага перасьледу. І вось гэты апошні выпадак, калі ён 19 студзеня прыехаў у Менск і, ня змогшы патрапіць у залю судовага паседжаньня ў Менскім гарадзкім судзе на вуліцы Дуніна-Марцінкевіча, вымушаны быў правесьці пікет пратэсту непасрэдна каля будынку суда. Ён разгарнуў плякат, зьмест якога быў накіраваны супраць судовага перасьледу Міхаіла Чыгіра".

– паведаміў Лявон Дзейка.

26 студзеня тэрмін адміністрацыйнага арышту сканчаецца, і Аляксандар Абрамовіч павінен выйсьці на волю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG