Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 24 студзеня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Сёньня суд Заводзкага раёну Менску вынес рашэньне па адміністрацыйнай справе рабочага Менскага аўтазаводу Мікалая Раманава.

Другі дзень суда над Мікалаем Раманавым пачаўся з прагляду відэастужкі, запісанай міліцыянтамі 16 сьнежня. На ёй зафіксаванае затрыманьне рабочага. Як толькі кіроўца МАЗу атрымаў ад лідэраў Свабоднага прафэсійнага зьвязу два вялікія пакункі з накладамі газэты "Рабочы", міліцыянты схапілі яго.

Аніякага відэадоказу ўдзелу Мікалая Раманава ў арганізацыі мітынгу суд не атрымаў. Менавіта на гэты факт зьвярнула ўвагу судзьдзі Жаны Хвайніцкай адвакатка сябра Свабоднага прафэсійнага зьвязу Ларыса Атаманчук.

Апроч таго, пад час сёньняшняга паседжаньня адвакат прывяла доўгі сьпіс іншых фактаў, якія сьведчаць пра штучны характар справы Раманава. Супрацоўнікі Заводзкага РАУСу і адміністрацыі Менскага аўтазаводу ў сваіх паказаньнях супярэчылі адзін другому. А 16 сьнежня яны дзейнічалі з парушэньнямі адміністрацыйнага заканадаўства. Таму Ларыса Атаманчук заявіла на працэсе, што яе падабаронны – нявінаваты, і папрасіла суд спыніць справу з прычыны адсутнасьці правапарушэньня.

Аднак прысуд быў іншым. Жана Хвайніцкая абвясьціла, што рабочы МАЗу парушыў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Болей таго, гэта – паўторнае парушэньне ім згаданага Кодэксу на працягу году.

Рэч у тым, што 8 сьнежня Мікалая Раманава ўжо затрымлівала міліцыя за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту супраць падпісаньня Лукашэнкам і Ельцыным дамовы аб утварэньні хаўруснае дзяржавы. 14 сьнежня суд Савецкага раёну пакараў Раманава паводле 167 артыкулу, часткі 1.

А сёньня суд Заводзкага раёну прызнаў за ім парушэньне ўжо часткі 2 таго ж артыкулу. За гэтае парушэньне судзьдзя Хвайніцкая пакарала прадстаўніка Свабоднага прафэсійнага зьвязу вялізным штрафам – 150 мінімальных заробкаў, што складае 330 тысячаў новых або 330 мільёнаў старых беларускіх рублёў.

Вось як пракамэнтаваў гэтае рашэньне для нашага радыё Мікалай Раманаў:

(Раманаў: ) "Я лічу, што судзьдзя Хвайніцкая дала такі вялікі штраф мне, каб падтрымліваць вялікі апарат судоў і супрацоўнікаў міліцыі, якія "ахоўваюць" завод ад рабочых, а не займаюцца барацьбой са злачыннасьцю. Таму тут іншага выніку і не было б. Прысуд быў загадзя запраграмаваны. Таму што яшчэ да пачатку разгляду судзьдзя папярэдзіла, каб я не казаў, што мяне падставілі. Па-другое, клаі мы пачалі яшчэ раз глядзець відэастужку, яна таксама сказала гэтыя словы. Я лічу, што суд загадзя вынес прысуд і толькі робіць выгляд, што ён у адпаведнасьці з законам разглядае гэтую справу".

– сказаў рабочы Менскага аўтазаводу Мікалай Раманаў.

XS
SM
MD
LG