Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 студзеня 2000 г.


BS

Сёньня прэзыдэнты краінаў-сябраў СНД прыбылі ў Маскву, каб узяць удзел ў паседжаньні Вышэйшае Рады гэтага міждзяржаўнага ўтварэньня. Адразу пасьля гэтага пройдзе і паседжаньне так званае вышэйшае дзяржаўнае рады саюзу Беларусі й Расеі. Тым часам, шэраг уплывовых палітыкаў у новаабранай расейскай Думе схільныя прысьпешыць працэсы інтэграцыі. Сяргей Навумчык гутарыць з новаабраным старшынём Камітэту ў справе міжнародных адносінаў Думы Дзьмітрыем Рагозіным.

Пытаньні СНД ў расейскай Дзяржаўнай Думе курыруе Камітэт у справе міжнародных дачыненьняў, якая чым далей тым болей ўплывае на фармаваньне зьнешняй палітыкі Расеі. Нездарма менавіта пасада кіраўніка гэтага камітэту сталася прычынаю самых жорсткіх спрэчак паміж фракцыямі. Кіраўніком камітэту абраны дэпутат Дзмітры Рагозін – лідэр КРО, Кангрэсу Рускіх Абшчынаў, адной з найбольш імпэрскіх арганізацыяў.

Прычым, я не перабольшваю – ў праграме КРО да парлямэнцкіх выбараў Расея вызначаецца як "правапераемніца Расейскай Імпэрыі", а інтэграцыя Вялікаросіі, Украіны і Беларусі ды іншых "ісконно русскіх регіонов" ў цэнтралізаваную дзяржаву вызначаецца галоўным прыярытэтам.

Як сёньня паведаміў мне ў тэлефоннай гутарцы дэпутат спадар Рагозін, ён ужо меў сустрэчу з міністрам замежных справаў Івановым, і цяпер узаемадзеяньне Думы і МЗС будзе максымальна скардынаваным.

Як выявіцца гэта ў палітыцы датычна краінаў так званага СНД? На тэлефоннай сувязі з Масквы – Старшыня Камітэту Дзярждумы Расеі ў міжнародных справах Дзмітры Рагозін:

(Рагозін: ) "Расейская палітыка, так бы мовіць, па-за нацыянальнымі межамі, – яна будзе больш скіраваная як на краіны СНД, так і на краіны Ўсходняй Эўропы. У чым гэта будзе ўвасабляцца? Мяркую, што ў апэратыўным рашэньні тых пытаньняў, да якіх раней цяжка было наблізіцца. Напрыклад, гэта – пытаньне інтэграцыі з Беларусьсю, пытаньні статуса грамадзянаў Расеі, якія пастаянна жывуць па-за межамі Фэдэрацыі. Гэта праблемы гандлёвых узаемаадносінаў, кампэнсацыі за пастаўкі энэрганосьбітаў, і гэтак далей. Калі апошнія некалькі гадоў мы назіралі пэўны ўхіл ў адносінах Расеі ў бок звышдзяржаваў, напрыклад, ЗША і буйных эўрапейскіх краінаў, дык у бліжэйшы час палітыка будзе збалянсаваная. І яна будзе арыентаваная на самыя розныя цэнтры сілы, а ня толькі на звышдзяржавы".

Такім чынам, з адказу спадара Рагозіна вынікае, што Маскву ўсё болей цікавяць суседнія краіны, і перадусім Беларусь. Да тэмы беларуска-расейскіх ўзаемаадносінаў мы вернемся крыху пазьней. Я запытаўся кіраўніка парляманцкага камітэту, ці не лічыць ён, што вайна ў Чачні робіць Расею як цэнтар СНД – ўсё менш прывабнай у вачох краінаў-ўдзельніцаў гэтага аб'яднаньня?

(Рагозін: ) "Я мяркую, што гэта праблема на самой справе выключна расейская і зьвязаная з тым, што да гэтага часу Расея толькі-толькі набывала вопыт вырашэньня такіх складаных праблемаў, зьвязаных з міжнацыянальнымі дачыненьнямі і складаным дзяржаўным ўладкаваньнем. Таму што мы атрымалі новае дзяржаўнае ўтварэньне – Расейскую Фэдэрацыю – недзе на пачатку 90-га году як нейкае складанае ўзгадненьне розных тэрыторыяў. І таму атрымалі цяжкую хваробу пад назовам Чачня. Мяркую, што апошнія кадравыя перасоўваньні ў вышэйшым кіраўніцтве Расеі, і нядаўняе прызначэньне Сяргея Ястржэмбскага дазволіць Расеі належным чынам асьвятляць падзеі на Паўночным Каўказе.

Таму гэта – не тая праблема, якая ўплывае на СНД. Проста яна яшчэ ў самой Расеі ня вырашаная. Калі будзе завершаная ваенная апэрацыя супраць тэрарыстаў, праблема гэтая адыйдзе на задні плян. Іншая справа, што мы павінныя будзем давесьці гэтую апэрацыю да лягічнага канца, паводле адной простай прычыны. Сёньня лякальныя канфлікты, малыя войны, рэлігійныя і міжнацыянальныя разнагалосьсі зьяўляюцца новым відам пагрозаў. У тым ліку і для Расеі. Але ня толькі для Расеі. Таму ад таго, наколькі пасьпяхова, хутка, апэратыўна і палітычна правільна мы выканаем гэтую задачу, будзе залежыць спакой іншых дзяржаваў. І ня толькі нашых бліжэйшых суседзяў".

Адзначаючы небясьпеку рэлігійных і міжнацыянальных канфліктаў – Кіраўнік кмітэту расейскае Дзярждумы спадар Рагозін схільны аддаць перавагу апэрацыям кшталту чачэнскай. Наколькі ж гэта прынясе спакой бліжэйшым суседзям Расеі? Спадар Рагозін заўважыў, што да пытаньня інтэграцыі Беларусі й Расеі цяжка было наблізіцца – але ж апошнім часам афіцыйныя Масква і Менск актыўна праводзілі курс на палітычнае збліжэньне.

(Рагозін: ) "Сбліжаліся – і Расея, і Беларусь, збліжалася заканадаўства, але пакуль што прарыву ў гэтых узаемаадносінах, на мой погляд, няма. Больш было палітыкі, і меней – нацыянальных інтарэсаў Расеі і Беларусі. Я мяркую, што 2000 год паскорыць гэты працэс.

Сур'ёзна запрацуюць тыя міждзяржаўныя мэханізмы, якія пад канец 99-га году былі створаныя. А цяпер яны будуць напаўняцца новым зьместам. Новыя кадры зьявяцца. Таму, я мяркую, для Расеі гэта надзвычай істотна.

Тым больш, што ёсьць і яшчэ адзін істотны фактар, на які Расея павінная зважаць. Гэта – праблема пашырэньня НАТО, набліжэньня альянсу да межаў былога СССР. Сытуацыя зьвазаная і з тым, зь якой хуткасьцю Прыбалтыка будзе інтэгравацца ў НАТО. І таму для Расеі вельмі істотная рэакцыя з пункту гледжаньня ўласнае нацыянальнае бясьпекі. Таму я мяркую, што, пачынаючы з 2000 году, ўзаемаадносіны Расеі і Беларусі набудуць абсалютна новыя рысы.

На мой погляд, адносіны паміж Расеяй і Беларусьсю падобныя да ўзаемадачыненьняў частак адзінага арганізму. У свой час адбылася нейкая ампутацыя. І пакуль не адмерла гэтае цела, павінна адбыцца зрашчэньне адзінага арганізму".

Якая ж мадэль існаваньня гэтага "арганізму" бачыцца спадару Рагозіну, палітыку, які ў бліжэйшыя чатыры гады будзе ўплываць на фармаваньне зьнешняй палітычкі Расеі, найбольш аптымальнай? Дзмітры Рагозін адказвае:

(Рагозін: ) "Я мяркую, гэта проста пэўная пасьлядоўнасьць. Ёсьць нуль – а ёсьць адзінка. Нуль – гэта проста замежныя дзяржава. Адзінка – гэта адзіная дзяржава. А вось што паміж імі – гэта нейкія адсоткі, ну там нуль два, нуль пяць, нуль восем. Пакуль мы знаходзімся на стадыі фармаваньня саюзнай дзяржавы. Але ў пэрспэктыве гэта можа быць нават і канфэдэрацыя".

Гэта было меркаваньне старшыні Камітэту Дзяржаўнае Думы Расеі ў міжнародных справах Дзмітрыя Рагозіна, які ў бліжэйшыя чатыры гады будзе ўплываць на фармаваньне зьнешняй палітычкі Расеі, у тым ліку, і ў дачыненьні да краінаў СНД.

Сяргей Навумчык, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG