Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 студзеня 2000 г.


Юры Дракахруст, Менск

Сёньня лукашэнкавая "Палата прадстаўнікоў" адзінагалоса прыняла ў другім чытаньні Выбарчы кодэкс. Кіраўнік назіральнае групы АБСЭ ў Беларусі Ганс-Георг Вік ў артыкуле, надрукаваным ў "Белорусской деловой газете", выказаў сумнеў у тым, што выбары будуць прызнаныя міжнароднай супольнасьцю.

Прэзэнтуючы праект, кіраўнік камісіі дзяржаўнага будаўніцтва Анатоль Красуцкі запэўніваў калегаў, што пры дапрацоўцы кодэксу былі ўлічаныя амаль усе прапановы, вылучаныя кансультацыйнай групаю АБСЭ, – у праватнасьці, пашыраныя правы наглядальнікаў, зьнятая забарона балятавацца для асобаў, якія прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасьці, узровень яўкі выбарцаў (неабходны дзеля таго, каб другі тур выбараў адбыўся) зьніжаны з 50-ці да 25-ці адсоткаў.

Паводле словаў Красуцкага, не былі прынятыя толькі прапановы, якія супярэчаць Канстытуцыі 1996 году – напрыклад, наконт працэдуры фармаваньня Цэнтральнае выбарчае камісіі.

Спадар Красуцкі лічыць, што ўсе прапановы апазыцыі, якія можна было ўлічыць, улічаныя. Паводле ягонага меркаваньня, апазыцыя сама адмовілася ад дыялёгу, не ўзяўшы ўдзел у абмеркаваньні кодэксу, якое вялося ажно зь лета мінулага году.

Кіраўнік камісіі паведаміў і пра альтэрнатыўныя праекты: закон аб выбарах, прыняты Вярхоўным Саветам у лістападзе мінулага году, і праект, распрацаваны лібэральна-дэмакратычнай партыяй. Спадар Красуцкі заявіў, што прынцыповыя адрозьненьні альтэрнатыўных праектаў ад афіцыйнага ў тым, у які парлямэнт абіраць, і ва ўвядзеньні зьмешанай сыстэмы. На думку Красуцкага, па абодвух гэтых пытаньнях прыйсьці да згоды паміж уладаю і апазыцыяй немагчыма.

Суцэльную адзінадушнасьць сябраў "палаты" парушыў толькі Пётар Жушма. Пад час абмеркаваньня ён прапанаваў адкласьці прыняцьце кодэксу да 27 студзеня, калі ў Стразбуру скончыцца паседжаньне парляманцкай асамблеі Рады Эўропы, на якім павінна быць разгледжанае "беларускае пытаньне".

Жушма спаслаўся на патрабаваньні міжнародных арганізацыяў, каб кодэкс быў прыняты толькі праз дыялёг з апазыцыяй. На ягоную думку, прыняцьце кодэксу сёньня ўскладніць стан дэлегацыі "палаты" ў Стразбуру. "Мы робім падарунак тым сілам, якія абвінавачваюць нас у нежаданні весьці дыялёг з Захадам", – заявіў Жушма.

Але супраць ягонае прапановы выступілі многія сябры "палаты": "Трэба прымаць зараз", "Ня трэба глядзець на Эўропу". Прагучала нават спасылка на тое, што ані ў апазыцыі, ані ў Эўропы няма права заканадаўчай ініцыятывы.

Было падкрэсьлена, што кіраўнік дэлегацыі "палаты" Канаплёў не прасіў такой падтрымкі. Прапанова перанесьці абмеркаваньне была адхіленая, а неўзабаве кодэкс прынялі ў другім чытаньні адзінагалосна: 78 з 78-мі – "за".

Улада й паслухмяная ёй палата могуць не лічыцца з меркаваньнямі Эўропы. Але й Эўропа будзе рабіць з гэтага свае высновы.

Сёньня ж "Белорусская деловая газета" апублікавала праграмны артыкул кіраўніка кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Беларусі Ганса-Георга Віка. Спадар Вік вылучыў галоўныя спрэчныя праблемы, зьвязаныя з выбарчым заканадаўствам. Асноўную ўвагу ён надаў забесьпячэньню прадстаўніцтва апазыцыі ў выбарчых камісіях.

Ён піша: "Без забесьпячэньня незалежнасьці выбарчых камісіяў і іх плюралістычнага складу міжнародная супольнасьць наўрад ці прызнае выбары свабоднымі й справядлівымі.:Плюралістычны склад выбарчых камісіяў можа быць забясьпечаны толькі ў выніку перамоваў паміж двума палітычнымі лягерамі краіны".

У адпаведнасьці з кодэксам, які сёньня прыняла "Палата прадстаўнікоў", выбарчыя камісіі фармуюцца адпаведнымі выканаўчымі камітэтамі й саветамі. Партыі могуць вылучаць у камісіі сваіх прадстаўнікоў, але аніякіх абявязкаў па ўключэньні апазыцыянэраў у выбарчыя камісіі кодэкс ня ўтрымлівае.

На думку спадара Віка, аніякі міжнародны нагляд ня можа замяніць плюралістычны склад камісіяў. "Калі кантроль "вэртыкалі" за камісіямі будзе захаваны, усе высілкі ў забесьпячэньні свабодных і справядлівых выбараў будуць марнымі", – лічыць ён.

Ганс-Георг Вік таксама адзначае, што выбары не прынясуць значных вынікаў, калі парлямэнт ня будзе мець функцыяў, якія ўласьцівыя прадстаўнічаму воргану ў любой дэмакратычнай краіне, дзе парлямэнт зьяўляецца адзіным заканадаўчым ворганам, кантралюе бюджэт і дзеяньні выканаўчае ўлады.

Кіраўнік групы АБСЭ ў сваім артыкуле таксама адзначае карыснасьць ўвядзеньня зьмешанае сыстэмы парлямэнцкіх выбараў. На ягоную думку, мажарытарная сыстэма забясьпечвае прадстаўніцтва толькі рэгіянальных, а не агульнанацыянальных інтарэсаў.

У заключэньні свайго артыкулу Ганс-Георг Вік піша: "Беларусь можа зрабіць выбар на карысьць захаваньня аўтарытарнага рэжыму. Але такое рашэньне прывяло б да выпадзеньня краіны з кантэксту агульнаэўрапейскага разьвіцьця, што не было б карысна ані для Эўропы, ані для Беларусі", – такімі словамі завяршае свой артыкул кіраўнік групы АБСЭ.

XS
SM
MD
LG