Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 студзеня 2000 г.


Галіна Айзенштадт, Менск

Чарговую спробу папоўніць бюджэт краіны прадпрыняла кіраўніцтва краіны. Як заўсёды звыклым спосабам – чарговым падвышэньнем кошту гарэлкі. Аднак гэта ня толькі ня выратуе бюджэт, але й паглыбіць сацыяльна-эканамічны крызыс у краіне.

Выступаючы сёньня на нарадзе ў Магілёве, Аляксандар Лукашэнка зрабіў чарговы выпад на адрэсу апазыцыі. Яна, маўляў, крытыкуе яго за тое, што ў краіне распаўсюджваецца хвароба алькагалізму, а ён працягвае будаваць лядовыя пляцоўкі й палацы. Ён і будзе іх будаваць – што б там не гаварыла апазіцыя – бо гэта клопат пра здароўе нацыі… Прычым, Лукашэнка заявіў, што грошы на будаўніцтва бяруцца не зь бюджэту, а ён іх сам зарабляе (?!).

Тым часам, менавіта сёньня, як бы адмыслова прымеркаваўшы да нарады, абвешчана аб чарговым падвышэньні кошту на гарэлку. Адразу на 30 адсоткаў. На гэтым фоне пяць-дзесяць адсоткаў яе падвышэньня на працягу мінулага году (прыкладна кожныя два-тры месяцы) здаюцца занадта малымі.

Парадокс, аднак, у тым, што нават пры такім адчувальным для кішэні жыхарства падвышэньні кошту на гарэлку (цяпер пляшка каштуе прыкладна даляр), бюджэт ня надта выйграе. Гэта зазначыў у гутарцы з карэспандэнтам "Радыё Свабода" старшыня камісіі эканамічнае палітыцы Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Васіль Шлындзікаў.

Ён паведаміў, што сапраўдны эканамічны эфэкт можна атрымаць толькі тады, калі гарэлка будзе каштаваць як мінімум у чатыры разы больш за сеньняшнюю новую цану. Нездарма ў Польшчы і ў Летуве, – працягваў Шлындзікаў, – самая танная гарэлка каштуе мінімум чатыры даляры. Нездарма ўлады Летувы не дазваляюць увозіць у сваю краіну больш за адную пляшку гарэлкі зь Беларусі. А Польшча – дзьве.

Аднак нельга забываць, што сярэдні заробак у гэтых краінах складае ў сярэднім 400 даляраў, у Беларусі ж – 40-60 даляраў. Між тым, цэны на шмат якія харчовыя прадукты дасягнулі ледзь не сусьветнага ўзроўню. Таму, нават, як бы ўсё яшчэ танная – па сусьветных мерках – беларуская гарэлка становіцца не па кішэні значнай частцы насельніцтва.Таму і з гэтае прычыны атрымаць асаблівых прыбыткаў не выпадае.

Хаця той, хто п'е – і будзе працягваць піць. Але не якасны напой, як тая ж гарэлка, якая вырабляецца з высокаякаснай сыравіны, а так званае "чарніла". І за кошт продажу менавіта яго, у першую чаргу й папаўняецца бюджэт краіны. Дастаткова сказаць, што калі вытворчасьць лікёра-гарэлачных вырабаў за апошнія дзевяць гадоў павялічылася больш чым на 44 адсоткі, дык пладова-ягаднага й вінаграднага – амаль на 79 (зазначу, што добрага беларускага віна нідзе ў продажы ня знойдзеш).

Вытворчасьць каньяку за гэты час зьменшылася на 24 адсоткі, піва –на 26,5 адсоткі (гэтыя напоі пачалі завозіць зараз з Расеі).

Лічбу прыбытку ад рэалізацы "чарніла" чыноўнікі старанна хаваюць. Як і тое, які прыбытак мяркуецца атрымаць увогуле ад сьпіртовых напояў. Паводле словаў Васіля Шлындзікава, у бюджэце ён закладваецца ў разьдзел "акцызы" па відах падаткаў, а пры сытуацыі, калі бюджэт на працягу года не аднойчы карэктуецца Лукашэнкам, яны не даюць уяўленьня пра рэальны стан справаў.

Дарэчы, сёньня сьпіртовымі напоямі гандлююць каля 66 адсоткаў усіх крамаў краіны. Аднак гарэлку набыць па-ранейшаму цяжка. "Адмыслова сёньня наведаю краму, пагляжу, ці зьявілася яна ў продажы", – зазначыў Васіль Шлындзікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG