Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 студзеня 2000 г.


Ганна Навумовіч, Менск

Чарговую спробу папоўніць бюджэт краіны зрабіла беларускае кіраўніцтва. Як заўсёды звыклым спосабам – чарговым падвышэньнем кошту гарэлкі. Аднак гэта ня толькі ня выратуе бюджэт, але й паглыбіць сацыяльна-эканамічны крызыс у краіне.

Уводзіны новага мэтаду выплаты падатку фактычна прыпынілі эканамічнае жыцьцё ў краіне. Шматлікія невялікія прадпрыемствы апынуліся перад пагрозаю выхаду зь бізнэсу, цяжка прыходзіцца й буйным прадпрыемствам, якія фізычна ня могуць за кароткі час падлічыць, колькі яны павінны плаціць падатку, і як у сувязі з гэтым зьменіцца сабекошт прадукцыі. Напрыклад, у аўтамабільным бізнэсе новыя ўмовы вымагаюць асобна падлічваць кошт кожнае запасное часткі, і потым выводзіць агульны кошт прадукцыі.

Я сустрэлася зь фінансавым дырэктарам аднаго зь менскіх прадпрыемстваў. Ён сказаў, што выказвае агульнае меркаваньне галоўных бугальтараў і фінансавых кіраўнікоў прадпрыемстваў розных формаў уласнасьці.

Паводле словаў гэтага дырэктара, асноўная праблема ў тым, што мэтодыка была распрацаваная вельмі кепска, у ёй зашмат супрацьлеглых указаньняў і блытаніны. Да таго ж, закон і мэтодыкі былі зарэгістраваныя 30 сьнежня, пачалі дзейнічаць з Новага году, а надрукаваныя ў дзяржаўнай прэсе былі толькі 5 студзеня.

Прадпрыемствы проста не пасьпелі зрабіць неабходныя разьлікі для таго, каб вывесьці новыя кошты на сваю прадукцыю. Да таго ж, для таго, каб працаваць паводле новага парадку, неабходна зьмяніць усю праграмную базу на кампутарах. Дзеля гэтага прадпрыемствам спатрэбіцца мінімум 3 месяцы, а каб зрабіць гэта кваліфікавана – каля паўгады.

Фінансавы дырэктар зьвярнуў увагу на тое, што падаткавая інспэкцыя не дае нумары тэлефонаў для тых, хто хоча запытацца пра працу паводле новых мэтодыкаў. У той жа час інспэкцыя адкрыла тэлефон даверу для тых, хто захоча "стучаць" на суседа, які падаткі ня плаціць.

Магчыма, будзе нейкая палёгка для індывідуальных прадпрыймальнікаў. Як паведаміла актывістка прафэсійнага зьвязу "Садружнасць" Кацярына Навумовіч, ужо падрыхтаваны праект дэкрэту Лукашэнкі, паводле якога індывідуальныя прадпрыймальнікі будуць часова вызваленыя ад падатку на даданую вартасьць. Да пачатку гэтага году прадпрыймальнікі не былі плацельшчыкамі гэтага падатку.

Паводле Навумовіч, неабходнасьць плаціць падатак на даданую вартасьць можа падвысіць кошты на іхныя тавары больш як у тры разы, што робіць дзейнасьць прыватных прадпрыймальнікаў безсэнсоўнай. Актывістка "Садружнасьці" паведаміла, што праект дэкрэту аб вызваленьні прыватных прадпрыймальнікаў ад гэтага падатку ўжо ўзгоднены з зацікаўленымі міністэрствамі ды ўрадам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG