Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 студзеня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Сёньня ў Заводзкім судзе Менску разглядалася адміністрацыйная справа рабочага Менскага аўтазаводу Мікалая Раманава.

Справу Мікалая Раманава разглядала судзьдзя Жана Хвайніцкая. Адкрываючы працэс, яна паведаміла, што ён быў ініцыяваны аддзелам нутраных справаў Заводзкага раёну.

Зь яе далейшага паведамленьня вынікала, што кіроўца аўтатранспартавага цэху Менскага аўтазаводу – адна з ахвяраў памятнае міліцэйскай аблавы. А менавіта: аблавы на сяброў Свабоднага прафэсійнага зьвязу ля прахадной МАЗу 16 сьнежня.

Тады, нагадаю, былі затрыманыя 7 прафзьвязовых лідэраў і актывістаў. Пяцёра зь іх напрыканцы мінулага году ўжо прайшлі праз судовы разбор тых падзеяў. І ўсе пяцёра, як вырашыла судзьдзя Хвайніцкая, парушылі дзейны ў краіне Адміністрацыйны кодэкс.

Чацьвёра прадстаўнікоў Свабоднага прафэсійнага зьвязу былі аштрафаваныя, а аднаму – вынесенае папярэджаньне. Разгляд учынку Раманава быў адкладзены з прычыны ягонае хваробы.

Адметнасьцю сёньняшняга працэсу была ягоная масавасьць. Кіраўніцтва Заводзкага РАУСу і адміністрацыя аўтазаводу дэлегавалі на судовае паседжаньне ў якасьці сьведак каля дзясятка сваіх супрацоўнікаў.

Зь іх расповядаў вынікала, што рабочы ў той дзень ля прахадной МАЗу падбухторваў аўтазаводцаў да несанкцыянаванага мітынгу. Што дзіўна, аніводзін зь іх не прыгадаў словаў і выразаў, зь якімі зьвяртаўся Раманаў да працаўнікоў МАЗу. Болей таго, адныя са сьведак казалі, што сябра Свабоднага прафэсійнага зьвязу выгукваў заклікі зычным голасам, другія – звычайным, а трэція, навогул, блыталіся. Як блыталіся яны і ў іншых акалічнасьцях сьнежаньскага затрыманьня кіроўцы аўтатранспартавага цэху МАЗу.

З паказаньняў жа сьведак Мікалая Раманава вынікала, што 16 сьнежня яго затрымалі беспадстаўна. Паводле іх расповедаў, у той дзень ня было ані заклікаў да мітынгу, ані самога мітынгу. Ля прахадной заводу прадстаўнікі ягонай адміністрацыі ды супрацоўнікі Заводзкага РАУСу наладзілі звычайную правакацыю ды пахапалі сяброў Свабоднага прафэсійнага зьвязу, каб яны не змагаліся за йснаваньне сваёй арганізацыі.

Склалася ўражаньне, што судзьдзя Хвайніцкая засумнявалася ў рашэнні, якое павінна быць вынесенае па справе рабочага Раманава. Яна паведаміла, што ў панядзелак 24 студзеня працэс у Заводзкім судзе будзе працягнуты. Камэнтуючы сёньняшні разгляд сваёй справы, Мікалай Раманаў зазначыў для нашага радыё:

(Раманаў: ) "Уражаньне ў мяне ад суда вельмі сумнае. Шмат было міліцэйскіх сілаў кінута каб даць паказаньні супраць чалавека, які не зрабіў ніякага злачынства. У Менску ў іх нібыта няма ніякіх справаў, як толькі змаганьне з рабочымі Мінскага аўтазаводу. Шмат людзей было ў цывільным у той дзень, калі былі арышты".

(Карэспандэнт: ) "Наколькі праўдзівымі былі сёньня паказаньні сьведкаў з боку міліцыі?"

(Раманаў: ) "З боку сьведкаў усе паказаньні былі такія, каб абвінаваціць мяне ў дзеяньнях, якіх я не рабіў. Па-першае, нібыта я рабочых на мітынг запрашаў. Па-другое, тыя сьведкі мяне ўвогуле ня бачылі, яны былі падстаўнымі амаль усе, толькі некаторыя былі пры затрыманьні кіраўнікоў Свабоднага прафсаюза. Я апынуўся каля нашых кіраўнікоў, і мяне за кампанію завялі сілай у міліцыю, а потым распачалі і справу, каб абвінаваціць у нейкіх проціпраўных дзеяньнях".

XS
SM
MD
LG