Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 студзеня 2000 г.


Аляксандар Лукашук

У гэты дзень 50 год таму памер ангельскі пісьменьнік Джордж Оруэл (Эрык Блер), стваральнік раманаў-антыўтопіяў "Фэрма" і "1984". У перадачы ўдзельнічае Васіль Быкаў. Аўтар – Аляксандар Лукашук

"Вайна ёсьць мір". Свабода ёсьць рабства".Няведаньне ёсьць сіла".

Гэта ўсясьветнавядомыя цытаты з раману "1984". Джордж Оруэл перад самай сьмерцю яшчэ пасьпеў пачуць першыя водгукі на свой апошні раман-антыўтопію " – у лістах і газэтных рэцэнзіях. Яму прадказалі славу вялікага раманіста ХХ стагоддзя – і гэта надзвычайная ацэнка ў стагодзьдзі, у якім жылі і працавалі Джэймс Джойс, Томас Ман, Марсэль Пруст.

"1984" – страшна цікавая кніга. Дакладней, страшная і цікавая. Сьвет пасля канчатковай перамогі камунізму – даволі змрочнае месца. Як ледзяны вір, уцягвае чытача за сабой дэтэктыўны сюжэт, у якім псыхалягічнае і духоўнае вымярэньні ашаламляюць дэталёвай, амаль анатамічнай экспазыцыяй жыцьця ў годзе 1984-м. Гэта дакладнасьць паталягаанатама, які працуе зь яшчэ жывым пацыентам.

Усьлед за свабодай пры таталітарызме гіне мова – адна зь гэраіняў гэніяльнага раману. У 1984-м годзе гэроі раману Оруэла гавораць на так званым newspeak – новамоўі. Навамоўе было афіцыйнаю моваю Акіяніі, краіны, дзе разгортваецца дзеяньне раману. Мэтаю навамоўя было зрабіць немагчымым любы іншы лад мысьленьня, апроч афіцыйнага. Фрагмэнт з дадатку да раману "1984", які называецца "Прынцыпы навамоўя":

" Слова "свабодны" яшчэ існавала ў навамоўі, але яно магло ўжывацца толькі ў выказваньнях накшталт "Сабака свабодны ад аброжкі" або "Поле свабоднае ад пустазельля". Яно не магло ўжывацца ў сваім старым сэнсе "палітычна свабодны" або "інтэлектуальна свабодны", бо палітычная і інтэлектуальная свабода не існавалі ўжо як паняцьці і таму ня мелі найменьня" (тут і далей цытаты паводле перакладу Сяргея Шупы).

Праз паўстагоддзя пасьля сьмерці Оруэла ва ўніверсітэтах на аддзяленьнях філялёгіі яго дакумэнтальную і мастацкую прозу вывучаюць як ўзор стылю сучаснай ангельскай мовы. Клясікай сталі "Бірманскія дні" і "У гонар Каталёніі" – творы, наісаныя паводле перажытага і пабачанага на ўласныя вочы пад час працы ў Паўднёвай Азіі і удзелу ў грамадзянскай вайне ў Гішпаніі (на баку рэспубліканцаў). У Другой Усясьветнай вайне Оруэл удзельнічаў як ваенны карэспандэнт. І ўсё ж найбольшую славу пісьменьніку прынесьлі раманы "Ферма" (1945 г.) "1984", які зьявіўся праз чатыры гады. "1984" супаў у часе з Фултанскай прамовай Ўінстана Чэрчыля і бліскуча ўгадаў фізыялёгію камунізму савецкага ўзору, заснаванага на страху і адмаўленьні права асобы на самастойнае існаваньне.

Чыста мастацкая дэталь зь беларускай рэчаіснасьці: партрэты першага прэзыдэнта Беларусі, якія дагэтуль прадаюцца ў кнігарнях краіны, зробленыя быццам паводле формулы Оруэла – здаецца, партрэт назірае за табою, куды б ты ня йшоў. Беларускі кіраўнік да сьмешнага нагадвае Вялікага Брата з раману Оруэла: але сьмешна толькі да таго часу, пакуль не ўзгадаеш пра процьму прэзыдэнтавых вушэй і вачэй ў беларускіх і расейскіх спэцслужбах. А таксама – пра людзей, якія летась бясьсьледна зьніклі ў Беларусі, сталі, паводле выразу Оруэла, non-persons – "нечалавекамі"

Яшчэ адна цытата з раману "1984":

"…выказаць на навамоўі, нейкія недабранадзейныя меркаваньні было амаль што немагчыма. Вядома, можна было выказваць нават вельмі грубыя ерэтычныя думкі, нешта нкшталт блюзьнерства. Можна было б, напрыклад, сказаць: Вялікі Брат нядобры. Але гэтае сцьверджаньне, якое для добранадзейнага вуха гучала як відавочная бязглузьдзіца, не магло быць падмацавана разумнымі аргумэнтамі, бо адпаведных словаў проста не існавала."

Раманы Орула не існавалі ў савецкай рэчаіснасьці – Оруэл быў забаронены, КГБ канфіскаваў ягоныя кнігі. Іх чытачоў чакалі непрыемнасьці.

Я патэлефанаваў у Менск Васілю Быкаву і папрасіў яго ўспомніць, калі і якім чынам ён упершыню пазнаёміўся з творчасьцю Джорджа Оруэла.

(Быкаў: ) "Упершыню пра Оруэла я пачуў па радыё "Свабода". Было некалькі перадачаў, я слухаў іх, калі яшчэ быў у Гародні. Не магу толькі ўзгадаць год.

Гэта было вялікае ўзрушэньне. Я памятую, што дзяліўся з Аляксеем Карпюком, які таксама слухаў па вечарах гэтыя перадачы".

(Лукашук: ) "А што больш вас уразіла тады ў рамане Оруэла: палітычны зьмест ягонай сатыры, ці мастацкі вобраз таталітарнага грамадзтва?"

(Быкаў: ) "Цяжка падзяліць адно і другое. Цяпер, можа, гэта цяжка і зразумець, але ў той час – калі не памыляюся, гэта ўсё ж былі 60-я – усё гэта было незвычайна. І яго палітычная пазыцыя, і мастацкія вобразы. Трэба мець на ўвазе, што мы нічога падобнага на той час нават у заходняй літаратуры не сустракалі – хаця яна, вядома, была для нас абмежаванай. Мы ўсё ж прывыклі да іншых ацэнак, іншых пазыцыяў. У той час у нас былі папулярныя Рэмарк, Хэмінгуэй, але тое, што мы пачулі ад Оруэла, было незвычайна і вельмі ўразіла".

(Лукашук: ) "Я хацеў бы спытаць пра ўплыў і значэньне Оруэла менавіта асабіста для вас, вашага падыходу. Я маю на ўвазе пэсымізм аўтара: ягоныя раманы сканчаюцца паразай гэроя. Так гэта часта здараецца і ў вас".

(Быкаў: ) "Калі гэта гаворыць пра мой пэсымізм, дык ён прыроджаны, а ня выведзены з нейкіх пастулатаў. Але найбольш мяне ўразіла ягонае разуменьне прыроды таталітарызму. Як вядома – асабліва ў 30-я гады і ў меншай ступені ў пасьляваенныя – заходняя інтэлігенцыя стаяла на некалькі іншых пазыцыях. А вось менавіта Джорж Оруэл (ну можа ён быў тады не адзіны), але ў нашым успрыняцьці, у маім асабістым, гэта быў першы чалавек, які зразумеў, што такое савецкая ўлада, што такое камуністычная ідэя і што такое таталітарызм. Гэта для мяне было вельмі дзіўным, што гэты заходні інтэлектуал так глыбока можа разумець тое, чаго многія сумленныя інтэлектуалы, нават у нашым баку, у расейскай літаратуры, – не разумелі.

Нават дагэтуль для мяне непасьціжымя прырода гэтага разуменьня Джорджа Оруэла…"

(Лукашук: ) "Васіль Уладзімеравіч, наколькі вы пагаджаецеся з тым, што Оруэл памыліўся? Камунізм пацярпеў паразу, ідэалёгія камуністычная больш неканкурэнтназдольная ў шырокім маштабе ў сьвеце, зараз адбываюцца толькі ар'ергардныя баі ў Карэі, у Беларусі, на Кубе… наколькі вы пагаджаецеся з тым, што Оруэл – дрэнны прарок, і ягоная творчасьць – больш не актуальная?"

(Быкаў: ) "Я скажу, што прарокі – усе дрэнныя. Калі пачынае нават вельмі разумны пісьменьнік або філёзаф, футуроляг тым больш, вывучаць будучыню, ён з гэтага моманту і церпіць паразу. Відаць вызначыць будучыню нават у невялікім адрэзку часу проста немагчыма, гэта непадуладна чалавеку.

І таму, што датычыць таталітарызма альбо камунізма, я павінен сказаць, што тут і дагэтуль памыляюцца і сумленныя мастакі. Мастаку найбольш служыць ідэя адмаўленьня. Па крайняй меры вось тут, з тых пісьменьнікаў, якія свой пафас будавалі на адмаўленьні, мала хто памыліўся. Бо гэтае адмаўленьне ідзе ад практыкі жыцьця, ад вопыту, а не ад нейкіх разумовых збудаваньняў".

На разьвітаньне – яшчэ адна цытата з раману "1984", апошні абзац - кульмінацыя гісторыі ўцёкаў ад Вялікага Брата галоўнага гэроя Ўінстана Сміта:

"Ён паглядзеў на вялізны твар. Сорак гадоў пайшло ў яго на тое, каб даведацца, што за ўсьмешка хавалася за чорнымі вусамі. О, прыкрае недарэчнае непаразуменьне! О, упартае самавольнае выгнаньне ад дарагога ўлоньня! Дзьве прапахлыя джынам сьлязіны скаціліся па шчоках. Але ўсё было добра, усё было выдатна. Змаганьне завяршылася. Ён перамог самога сябе. Ён любіў Вялікага Брата".

Аўтар перадачы

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG