Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 студзеня 2000 г.


(эфір 20 студзеня)
Сёньня адразу ж пасьля паседжаньня Кансультацыйнае рады апазыцыйных сілаў у офісе АБСЭ ў Менску адбылася чарговая сустрэча экспэртнай групы ў справах СМІ з кіраўніком кансультацыйна-назіральнае місіі спадаром Ганс-Георгам Вікам.

Нагадаем, што пасьля адстаўкі ў лістападзе мінулага году Міхала Сазонава з пасады кіраўніка ўрадавае дэлегацыі на перамовах з апазыцыяй у экспэртнай групе ў справах СМІ працуюць толькі прадстаўнікі апазыцыі.

Сёньня на чарговай сустрэчы са спадаром Вікам, (якая прайшла, як заўсёды, за зачыненымі для прэсы дзьвярыма) экспэрты на чале з Міхалам Пастуховым паведамілі пра сваю працу над стварэньнем дэмакратычнага заканадаўства ў сфэры мас-мэдыя. Прынамсі, ужо распрацаваны праект законаў "Аб электронных сродках масавай інфармацыі", "Аб свабодзе інфармацыі", а таксама папраўкі ў дзейны сёньня закон "Аб друку й СМІ". Гаворыць кіраўнік апазыцыйнае дэлегацыі ў экспэртавай групе ў справах СМІ Міхал Пастухоў

(Пастухоў: ) "Мы ўнесьлі прапанову спадару Віку стварыць па-за межамі працэсу кансультацыяў рабочую групу для распрацоўкі дэмакратычнага заканадаўства ў сфэры СМІ. Мы прапанавалі давесьці нашу пазыцыю да Дзяржкамдруку, каб яны маглі прапанаваць сваіх экспэртаў, калі палічаць магчымай такую працу. Сп.Вік накіраваў адпаведны ліст Міністру замежных справаў Латыпаву, але сёньня паведаміў, што няма адказу".

Відавочна, улада абрала менавіта гэткую тактыку – зацягваць час, не даючы ані станоўчага, ані адмоўнага адказу. Пасьля падпісаньня ў лістападзе пратаколу аб допуску апазыцыі да СМІ ды адстаўкі Сазонава перамоўны працэс фактычна замарожаны.

Варта нагадаць, што менавіта доступ апазыцыі да СМІ быў вызначаны галоўнай перадумовай дзеля пачатку палітычнага дыялёгу. І хаця дасюль ніхто з афіцыйных асобаў не адхіліў саму ідэю дыялёгу, улада ня робіць аніякіх крокаў, каб аднавіць кансультацыі.

Галоўная праблема тут – гэта адсутнасьць кіраўніка ўрадавае групы, пераемніка спадара Сазонава. Але зацягваньне часу ня можа працягвацца бясконца. Гаворыць Міхал Пастухоў…

(Пастухоў: ) "24 студзеня дэпутаты прэзыдэнцкага Нацыянальнага сходу зьбіраюцца ў другім чытаньні абмеркаваць праэкт Выбарчага Кодэксу і яго прыняць. Вядома, што нас усіх гэта турбуе, таксама як і караўніка Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ, паколькі гэта ставіць крыж на далейшым перамоўным працэсе. Цяжка зразумець пазыцыю ўладаў, якія не ўсьведамляюць, якія ж вынікі надыйдуць пасьля гэтага. Бо Беларусь апынецца ў поўнай міжнароднай ізаляцыі і гэта будзе папросту гульня саміх з сабой".

На просьбу ўдзельнікаў сустрэчы спадар Вік распавёў пра сэнс сваёй размовы з Аляксандрам Лукашэнкам падчас дыпляматычнага прыёму 13 студзеня з нагоды навагодніх і калядных сьвятаў. Кіраўнік Беларусі тады так і не назваў прозьвішча магчымага пераемніка спадара Сазонава на пасадзе кіраўніка экспэртавай групы. А міністар замежных справаў Латыпаў увогуле пакінуў залю адразу пасьля прывітальнага сьпічу Аляксандра Лукашэнкі.

Сёньня адразу пасьля сустрэчы з экспэртамі, якая закончылася а 5-й гадзіне, спадар Вік меўся сустрэцца з адным высакапастаўленым чыноўнікам міністэрства замежных справаў Беларусі. Гэтую сустрэчу можна разглядаць, як адзін з апошніх шанцаў для беларускай улады скарэктаваць сваю пазыцыю.

24 студзеня, у дзень, калі "Палата прадстаўнікоў" будзе прымаць выбарчы кодэкс, кіраўнік кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ паедзе ў Страсбург, на паседжаньне парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Канчатковы зрыў перамоўнага працэсу наўрад ці будзе добрай весткаю для эўрапейскіх дэпутатаў.

Віталь Цыганкоў, Менск

XS
SM
MD
LG