Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 студзеня 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

Сёньняшняя сустрэча паміж кіраўніком групы АБСЭ ў Менску Гансам-Георгам Вікам і першым намесьнікам міністра замежных справаў Беларусі Сяргеям Мартынавым не назвала імя пераемніка Міхала Сазонава, былога кіраўніка ўрадавае дэлегацыі на маючых адбыцца перамовах паміж уладамі й палітычнай апазыцыяй. Падобна на тое, што нейкіх зрухаў у накірунку да дыялёгу зноў ня адбылося.

Ураніцу 21 студзеня кіраўнік кансультатыўна-назіральнае групы АБСЭ ў Беларусі Ганс-Георг Вік быў прыняты ў офісе Міністэрства замежных справаў Беларусі першым намесьнікам міністра Сяргеям Мартынавым. Спадзяваньні амбасадара на тое, што пад час размовы будзе названае імя пераемніка Міхала Сазонава, ня спраўдзіліся. Спадар Мартынаў сказаў, што яму асабіста гэтае імя таксама невядома.

Паводле нашых крыніцаў, размова вялася, як кажуць, у агульных рысах, без канрэтыкі. З боку намесьніка міністра, як і раней, была толькі пацьверджаная зацікаўленасьць уладаў да перамоваў з палітычнай апазыцыяй. І ня больш.

Праўда, на гэты раз спадар Вік зьвярнуўся да свайго суразмоўцы з просьбаю – растлумачыць, калі гэта магчыма, вышэйшаму кіраўніцтву краіны, што чакае Беларусь, у тым выпадку, калі міжнародная супольнасьць будзе лічыць, што выбары ў беларускі парлямэнт у 2000 годзе не адпавядаюць дэмакратычным стандартам…

Як лічыць амбасадар, міжнародная ізаляцыя Беларусі ў гэтым выпадку будзе яшчэ больш выразная.

Але, падобна, афіцыйныя ўлады ня вельмі хочуць прыслухоўвацца да думкі кіраўніка групы АБСЭ ў Менску. Вось самы апошні прыклад такога падыходу. Амбасадар Вік напісаў вялікі артыкул, у якім ён аналізуе становішча ў Беларусі й распавядае пра пляны эўрапейскай супольнасьці ў адносінах да Беларусі.

Артыкул быў прапанаваны рэдакцыі газэты "Советская Белоруссия". Супрацоўнік групы АБСЭ Крыстофер Паніку тры гадзіны размаўляў з галоўным рэдактарам газэты Паўлам Якубовічам. Аднак той адмовіўся друкаваць артыкул Віка.

Тут самы раз нагадаць, што Якубовіч да гэтага часу ўзначальвае групу экспэртаў у справах мас-мэдыя з урадавага боку й неаднаразова сустракаўся пад час кансультацыяў з амбасадарам. Можна меркаваць, што галоўны рэдактар "Советской Белоруссии", які заўжды пільна адсочвае сытуацыю ў вышэйшых колах, няздарма адмовіў Віку.

У канцэпцыю апошніх паводзінаў беларускіх уладаў, якія даюць зразумець, што яны маюць намер праводзіць парлямэнцкія выбары па свайму ўласнаму сцэнару, ня зьвяртаючы ўвагу на магчымыя наступствы з боку міжнароднае супольнасьці, сьведчаць і некаторыя іншыя факты.

Напрыклад, такі – міністар замежных справаў Беларусі Ўрал Латыпаў, якога ў групе АБСЭ ў Менску лічаць прыхільнікам дыялёгу, пад час размовы Віка з Лукашэнкам на навагоднім прыёме для дыпляматаў толькі перакладаў суразмоўцаў, і не сказаў аніводнага слова ў падтрымку ўсталяваньня ў краіне атмасфэры даверу.

І другі факт – віцэ-сьпікер гэтак званае "Палаты прадстаўнікоў" Уладзімер Канаплёў у сёньняшнім нумары "Белорусской деловой газеты" сьцьвярджае, што апазыцыя свой шанец пачать дыялёг ужо страціла.

Такім чынам, складаецца ўражаньне, што беларускія ўлады толькі рабілі выгляд, што яны схільныя да перамоваў. Як выказаўся адзін з супрацоўнікаў групы АБСЭ, "падобна на тое, што вашыя афіцыйныя ўлады ўжо прынялі рашэньне паставіць крыж на перамовах…"

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG