Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 студзеня 2000 г.


Марыя Ўсьціновіч, Магілеў

Сёньня – другі дзень візыту Лукашэнкі на Магілеўшчыну. Учора ён высьвятляў сытуацыю ў калгасах вобласьці, сёньня заняўся кадравымі пытаньнямі

На пачатку нарады ў Магілеве Аляксандар Лукашэнка паабяцаў, што вінаватыя ў нездавальняючым стане справаваў у вобласьці працаваць далей ня будуць. Гэта ўскосна пацьвердзіла пагалоскі аб магчымых адстаўках у кіраўніцтве Магілеўшчыны пасьля гэтых справаздачаў.

Тон размовы быў узяты даволі рэзкі. Лукашэнка нагадаў, што ўжо двое кіраўнікоў раённых вэртыкаляў – Мсьціслаўскага і Быхаўскага раёнаў – трапілі на лаву падсудных. І апошні факт, на думку Лукашэнкі, асабліва сьведчыць не на карысьць сёньняшняга кіраўніцтва рэгіёну.

Справаздача старшыні аблвыканкаму Міхаіла Дражыны ніякіх новых зьвесткаў ня ўтрымлівала, акрамя ўпэўненасьці ў тым, што менавіта 2000 год стане пераломным для вобласьці. Усе прыярытэтныя парамэтры экспарту, будаўніцтва жыльля і вытворчасьці харчаваньня ў мінулым годзе былі праваленыя. Павелічэньне аб'ёмаў вытворчасьці ў 6 адсоткаў не было залічана ў актыў аблвыканкаму, бо гэта далёка ня лепшы паказчык у краіне. Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што лічыць Міхаіла Дражына чалавекам, які ня любіць шмат размаўляць, але здольны шмат працаваць. Аднак, ягонай дзейнасьці на пасадзе кіраўніка Магілеўскай вэртыкалі ён паставіў прылюдна "кол" – паводле школьнай сыстэмы. "Двойку" выставіў працы старшні вабласнога камітэту сельскай гаспадаркі і харчаваньня Пятру Кандратаву. Іншыя намесьнікі старшыні Магілеўскага аблвыканкаму засталіся без адзнакаў.

Але агульная карціна сацыяльна-эканамічнага становішча на Магілеўшчыне засмуціла. У кожнага намесьніка Лукашэнка нешта пытыўся, але вельмі рэдка атрымліваў пераканаўчыя адказы. Дарэчы, павышэньне намесьніка старшыні аблвыканкаму Анатоля Глаза, які курыруе ў вобласьці сацыяльную сфэру, культуру і ідэалёгію, пакуль не адбудзецца. Яму прадвызначалі, паводле пагалоскаў, нейкую пасаду ў адміністрацыі прэзыдэнта, але сёньня Лукашэнка вырашыў, што трэба яшчэ энэргічнаму ідэолягу папрацаваць на месцы.

У першай частцы дня ніхто з вабласных чыноўнікаў не пазбавіўся пасады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG